В Матиевической школе состоялась встреча с поэтом

В Матиевической школе состоялась встреча с поэтом

Сустрэча з паэтам
Традыцыйна ў нашай школе новы навучальны год пачынаецца святам беларускага пісьменства, якое доўжыцца першы тыдзень. Сёлета настаўнікі запрасілі да нас на першы ўрок “Зямля — наш агульны дом” паэта Алеся Каско.
Цікава і своеасабліва Алесь Канстанцінавіч павёў гаворку з намі. Гэта не быў маналог. Больш за ўсё нас зацікавіла яго віктарына пра свята беларускага пісьменства, якое сёлета адбылося 5-га верасня ў Хойніках. У час віктарыны паэт расказваў пра сваю малую радзіму, сваё маленства, гісторыю свайго прозвішча, чытаў свае вершы, прапаноўваў адгадаць загадкі, паўтарыць невялікія вершыкі, вымаўлянкі.
Вымаўлянкі. Гэта было новае для нас слова. Яго Алесь Канстанцінавіч ужывае замест слова скорагаворкі. А і сапраўды: для чаго патрэбны вымаўлянкі? Канечне, каб выпраўляць маўленне, вучыць правільна вымаўляць гукі, словы — адсюль і вымаўлянкі. Гэтае слова прыйшлося нам да густу: гаваркое, пяшчотнае, мілагучнае, ёмкае.
Даведаліся мы, што родам паэт з Ганцавіч, з вёскі Чудзін, пра якую паведаміў свету вядомы этнограф Сержпутоўскі. І менавіта ў Ганцавічах у наступным годзе будзе адзначацца рэспубліканскае свята беларускага пісьменства. Расказваў паэт і пра сваю сям’ю, пра сваю жонку, якая падаравала яму двух дзетак — хлопчыка і дзяўчынку. І адзін з вершаў, прачытаны Алесем Канстанцінавічам, быў прысвечаны дачушцы, якую завуць Вольга.
Як сказаў нам сам Алесь Каско, у яго ёсць любімы вершык, напісаны маленькім хлопчыкам, які яшчэ не хадзіў у школу:
Коцік мяў,
Сабачка гаў,
Жабка квак,
Рыбка ніяк.
Магчыма, дзякуючы гэтай сустрэчы прачнецца паэтычны талент і ў некага з нас і праз два дзесяткі гадоў нехта з нас будзе ганаровым госцем у Маціевіцкай базавай школе на свяце беларускага пісьменства? Тым больш, што былая вучаніца нашай школы Насця Гатоўчыц час ад часу змяшчае на старонках “Сельскай праўды” свае вершы, напісаныя па-беларуску, і дапамагае ёй асвойваць паэтычнае майстэрства Алесь Канстанцінавіч Каско.
К.ЯЎСОВІЧ, Н.КАБАСЬ, дзевяцікласнікі Маціевіцкай базавай школы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top