Касцюшка зноў паяднаў

Касцюшка зноў паяднаў

IMG_3198

Традыцыйна ў пачатку лютага ў Малых Сяхновічах адбываюцца святкаванні чарговых угодкаў нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровага грамадзяніна Французскай Рэспублікі, кіраўніка паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі. Сёлетняя сустрэча юбілейная — дваццатая. У ёй браў удзел кіраўнік Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце М.М.Маткоўскі.

БАГАТЫЯ СВЯТОЧНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ цягнуліся з 2 да 4 лютага і ахапілі не толькі Брэстчыну, але й Залессе — сядзібу паплечніка Т.Касцюшкі Міхала Клеафаса Агінскага, Мірскі замак, музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку.
Яны распачаліся з прыезду ў Малыя Сяхновічы дэлегацый Польскай фундацыі Т.Касцюшкі пад кіраўніцтвам доктара Марэка Лешэка Кшэсняка і Брэсцкага міжраённага фонду імя Тадэвуша Касцюшкі, які ўзначальвае кандыдат гістарычных навук Леанід Міхайлавіч Несцярчук. Узаемасувязі двух грамадскіх арганізацый, аб’яднаных імем нашага знакамітага земляка, могуць быць добрым прыкладам супольнай працы на карысць гісторыі і будучыні двух суседніх народаў. Не ведаю, ці ёсць у нашай краіне другі такі прыклад шчыльнага і, галоўнае, практычнага ўзаемадзеяння грамадскіх аб’яднанняў, раздзе-леных межамі, але паяднаных шчырым жаданнем прыносіць карысць народам Беларусі і Польшчы. За два дзясяткі гадоў зроблена нямала: вуліцы ў Брэсце, Жабінцы, Івацэвічах атрымалі імя Т.Касцюшкі, аднавіўся домік яго сям’і ў Косаве, а побач рэканструецца велічны палац Пуслоўскіх, запрацаваў Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у Сяхновічах, пабудавана мемарыяльная капліца ў гонар Крупчыцкай бітвы ў Чыжэўшчыне, нашы праслаўленыя калектывы “Каларыт” і “Каруначкі” скарысталі запрашэнне польскага боку і наведалі з канцэртамі Маціёвіцы пад Варшавай, дзе штогод ла-дзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя Т.Касцюшку і ўзначаленаму ім паўстанню.
ЗА ГЭТЫЯ ГАДЫ на колішняй сядзібе роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх пабывалі госці з многіх краін, дзе давялося жыць, працаваць і нават ваяваць знакамітаму генералу, у тым ліку прадстаўнікі дыпламатычных місій Польшчы і ЗША. Асаблівасць урачыстасці, якая праходзіла ў Малых Сяхновічах 4 лютага, у тым, што ўпершыню ў ёй удзельнічаў кіраўнік Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце М.М.Маткоўскі.
Пад час экскурсіі па музейных пакоях было бачна, што Мікіта Мікалаевіч з цікавасцю адкрываў для сябе Жабінкаўшчыну — край надзвычай багаты на значныя гістарычныя падзеі і таленавітых людзей, што праславілі яго на вякі. Нездарма, М.М.Маткоўскі выказаў жаданне зноў наведаць мясціны, што захапілі яго сваім мінулым. Прынамсі, генеральны консул уважліва слухаў расповед пра лёсы прадстаўнікоў роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх; пра тое, як расійскі імператар Павел І вызваліў Т.Касцюшку з Петрапаўлаўскай вязніцы, а ягоны сын Аляксандр І шукаў падтрымку з боку генерала напярэдадні вайны 1812 года. Не пакінуў абыякавым высокага госця і расказ пра ваеннае ліхалецце, асабліва страшная трагедыя вёскі Драмлёва, знішчанай карнікамі 11 верасня 1942 года. Зацікавіла і гісторыя помніка Тадэвушу Касцюшку ля будынка музея, да падножжа якога ляглі кветкі ад генкольсульства і раённага выканаўчага камітэта.
І раней не аднойчы даводзілася назіраць, з якой павагай адносяцца прадстаўнікі розных краін да памяці пра нашага славутага земляка. Тлумачэнне простае: не толькі пры жыцці, але й пасля смерці імя пана Тадэвуша застаецца сімвалам любові і вернасці Айчыне, прыхільнасці ідэалам свабоды, роўнасці і братэрства. Вобраз палымянага змагара даўно аб’ядноўвае народы і краіны, і сённяшняя сустрэча стала яшчэ адным пацвярджэннем гэтага.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: старшыня Брэсцкага міжраённага фонду імя Т.Касцюшкі Л.М.Несцярчук, кіраўнік Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце М.М.Маткоўскі, намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Н.В.Куракевіч пасля ўскладання кветак да помніка Тадэвушу Касцюшку ў Малых Сяхновічах.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top