Калі за справу бярэцца прафесіянал

Калі за справу бярэцца прафесіянал

IMG_1548

Юрый Валянцінавіч Цімашук — электраманцёр лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання 5 разраду лінейна-тэхнічнага ўчастка Жабінкаўскага вузла электрычнай сувязі Кобрынскага занальнага вузла электрычнай сувязі Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам”. Уся ягоная 30-гадовая працоўная дзейнасць звязана з гэтай арганізацыяй, куды прыйшоў пасля заканчэння ў 1984 годзе Брэсцкага вучылішча сувязі. У хуткім часе быў прызваны ў армію, трапіў у ваенна-паветраныя войскі. Служба праходзіла ў Латвійскай ССР у горадзе Тукумсе. На працягу двух гадоў Юрый выконваў абавязкі планшэціста-аператара па адлюстраванні паветранай абстаноўкі. Гэтая справа патрабавала ад радавога Цімашука і дакладнасці, і пільнай увагі, і хуткай рэакцыі. Тут і спатрэбіліся веды, атрыманыя ў вучылішчы.
У апошні дзень 1986 года Юрый Цімашук вярнуўся пасля службы ў родную Жабінку, каб сустрэць Новы год з сям’ёй. Пасля зімовых святаў яго на раённым вузле сувязі віталі начальнік Віктар Фёдаравіч Таранка, галоўны інжынер Аляксандр Іванавіч Макар, брыгадзір лінейнага ўчастка Мікалай Іванавіч Главацкі, іншыя калегі, якія былі радыя вяртанню Юрыя ў шэрагі калектыву.
Штодзень з той пары ён спяшаецца на працу. Абслугоўваў паветраныя лініі сувязі на сельскім лінейна-тэхнічным участку №1. Трэба было мяняць правады, драўляныя апоры. Менавіта тады малады спецыяліст знаёміўся з асаблівасцямі абслугоўвання электрычнай сувяззю раёна. У гэтым дапамагаў яму вадзіцель Аляксей Міхайлавіч Андрасюк, з якім доўга працавалі разам. Добрым сябрам і дарадцам быў і Мікалай Сцяпанавіч Амельянчук, з кім давялося працаваць пазней.
З цягам часу драўляныя слупы сталі замяняцца на бетонныя, гэтым займаліся электрыкі. А вось іх аснашчэннем —
манцёры. Яны падвешвалі кранштэйны, да якіх прымацоўваліся правады. Кантраляваў працу на ЛТУ-1 начальнік участка Анатоль Парфёнавіч Лукашонак. Колькасць работнікаў у брыгадзе, якая абслугоўвала ўчастак, не была пастаяннай, вагалася ад 4 да 7 чалавек.
З 1989 года Юрый Валянцінавіч Цімашук выязджае на выклікі жабінкаўцаў для ліквідацыі непаладак, звязаных з тэлефоннай сувяззю і радыёвяшчаннем.
У наш імклівы час з’яўляюцца ўсё новыя тэхналогіі, што даюць магчымасць атрымліваць інфармацыю хутка і якасна. Так, у нябыт адышлі паветраныя лініі сувязі, іх замянілі кабельныя. Няма праваднога радыё, замест радыёкропак — прыёмнікі. У наша жыццё ўвайшлі інтэрнэт і лічбавае тэлебачанне. Цяпер Юрый Валянцінавіч Цімашук ліквідуе непаладкі, звязаныя не толькі з работай тэлефона, але й “віртуальнага сеціва” ды трансляцыяй інтэрактыўнага тэлебачання ZALА. Яго і вадзіцеля Васіля Уладзіміравіча Леўчука чакаюць у населеных пунктах нашага раёна. Работы больш летам, калі пад час навальніц, здараецца, перагараюць тэлефонныя апараты і мадэмы. Юрый Валянцінавіч удзячны за дапамогу і падтрымку сённяшняму кіраўніцтву: начальніку вузла электрасувязі Мікалаю Мікалаевічу Гацкевічу, цяперашняму начальніку ЛТУ-1 Мікалаю Мікалаевічу Мікіцюку.
— Люблю сваю работу, сядзець на адным месцы ў кабінеце — не для мяне. Рух, змена дзеянняў, абстаноў-кі — вось маё! Па-іншаму не магу,— прызнаецца Ю.В.Цімашук. — Кожны дзень не падобны на мінулы: заяўкі розныя, месцы новыя, людзі і знаёмыя, і незнаёмыя. Здараецца сустрэць цікавых суразмоўнікаў.
Пра Юрыя Цімашука так гавораць у калектыве: “Сумленны, незаменны, прафесійна выконвае сваю працу. Калі знаходзіцца на выкліках і ліквідуе паломкі, без увагі не пакідае ніводнай просьбы: і праверыць, і паглядзіць, і выправіць”.
За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сувязі, прафесіяналізм Ю.В.Цімашук узнага-роджваўся Ганаровымі граматамі Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам”, перамагаў у конкурсе “Лепшы ў прафесіі”. Сёлета імя Юрыя Цімашука занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна.
У вольны час ён любіць пачытаць. Перавагу аддае гістарычным раманам і аповесцям, творам аб вайне. Сярод аўтараў, каго перачытвае, — Валянцін Пікуль, Генрых Сянкевіч, Васіль Быкаў. А яшчэ з задавальненнем працуе на дачы. Чакае вясну, каб наталіцца пахам узаранага поля, водарам квітнеючых садоў.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: электраманцёр Ю.В.Цімашук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top