Колодец раздора

Колодец раздора

Людзі-суседзі і калодзеж разладу
Крыніца, абсталяваная зрубам, калісьці паіла чысцюткай крамянай вадою ўсю маю вёску. З самых далёкіх хат ішлі жанчыны з каромысламі да крынічкі, як ласкава называлі яе землякі. Яна наталяла смагу і нейкім дзіўным чынам збліжала ўвесь вясковы люд… Мілыя малюнкі мінулага згадаліся зусім не выпадкова. Звычайны вясковы калодзеж у Жабінкаўскім раёне стаў прычынай для разладу і варожасці. Непрыемнасці пачаліся сёлетнім спякотным летам, і справа дайшла да міліцыі і пракуратуры.
Невялікая вёска Сенькавічы туліцца каля самай аўтатрасы Брэст-Камянец. Здаўна павялося тут будаваць калодзежы на некалькі гаспадароў. Як правіла, гэта былі сем’і, звязаныя сваяцтвам. У сярэдзіне мінулага стагоддзя збудавалі агульны, на пяць двароў, калодзеж і стрыечныя браты Самасюкі з Літвінюкамі. Змяняліся пакаленні. Прыкметна аселі, пахіліліся састарэлыя хаты. Некаторыя адбудаваны нанова, асабліва пасля пажару. Але захаваліся ўздоўж вуліцы выкапаныя ў даўніну калодзежы. Паводле звычаю, яны прымыкалі да аднаго з двароў, аднак ваду з іх бралі многія, гуртам. Наталіць смагу ў Сенькавічах можна і любому падарожніку, балазе народ тут ветлы, ведае правілы добрага тону.
У нашай гісторыі здарылася ўсё наадварот. Згаданы калодзеж, пабудаваны сумесна, стаяў насупраць дома №9. Памерлі старыя, і дом з пабудовамі ўзялі ў спадчыну сёстры Валянціна Філіповіч і Кацярына Чарнагузава. Да таго часу жанчыны займелі сем’і і жылі ў Жабінцы. Сваё радавое гняздо яны прадалі Адаму і яго жонцы Шаўлоўскім. Варта заўважыць: калодзеж у пасведчанні аб праве на спадчыну ў сясцёр не значыўся. Але як ён паявіўся ў тэхпашпарце аб праве на нерухомасць у Адама Шаўлоўскага — гэта ўжо загадка. Дакумент датаваны 1992-м годам. Як падказалі вяскоўцы, з таго часу пачаліся праблемы ў суседзяў, якія па-ранейшаму лічылі калодзеж агульным. Ім, акрамя старых Шаўлоўскіх, карысталіся муж і жонка Літвінюкі. Як і раней, яны працягвалі сачыць за дзедаўскай спадчынай:
— Амаль штогод чысцілі калодзеж, — расказваў мне Уладзімір Літвінюк. — Вада рабілася яшчэ смачнейшаю. Сам зварыў металічныя слупкі, замацаваў калаўрот, памяняў ланцуг.
І не здагадвалася сям’я, што ўсё прыме інакшы паварот, што добрыя справы могуць карацца… Сышоў у небыццё Адам Шаўлоўскі, а дом з пабудовамі і калодзежам перайшлі ў спадчыну іх дачцэ Марыі Смалюк, якая ўсю маёмасць з падворкам прадала ў 2009 годзе маладым настаўнікам, мужу і жонцы Ятчанкам з Жабінкі. Каб ахаваць сваю маёмасць ад назойлівых суседзяў, новы гаспадар гэтым летам пачаў абгароджваць калодзеж. Ды яшчэ з выступам на вуліцу. Недаўменныя Літвінюкі, якія нарэшце даведаліся, што калодзеж многія гады знаходзіцца ў прыватных руках, разгублена паўтаралі: “Чаму нас ніхто не папярэдзіў?!”
— Спёка 35 градусаў, дачцэ гіпс знялі, — у роспачы скардзілася Любоў Літвінюк. — Кіруюся да калодзежа, а там ні ланцуга, ні вядра. Гэта каб мы па ваду не хадзілі.
Палічыўшы гэты факт вялікай несправядлівасцю, яна звярнулася да ўчастковага інспектара Аляксандра Каржука. Неўзабаве з міліцыі прыйшоў адказ, што ў справе няма складу адміністрацыйнага парушэння.
— Ланцуг зняў са свайго калодзежа, — сказаў новы яго ўладальнік Ігар Ятчанка. — Што было да мяне, не ведаю. Я не абавязаны даваць справаздачу. Мая ўласнасць, маё права.
Пра тое, што ва ўласнасці гаспадара дома №9 Ігара Ятчанкі разам з іншымі пабудовамі лічыцца і калодзеж, пацвердзілі і ў раённай землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службе, і ў Жабінкаўскім сельскім Савеце. Праўда, на якой падставе і пры якіх акалічнасцях грамадскі калодзеж апынуўся ў прыватным карыстанні, старшыня сельсавета Галіна Акуліч адказаць не змагла, толькі запэўніла, што першапачатковы дагавор куплі-продажу названага дома ў аніводнай з папак не захоўваецца.
Праліць святло на спрэчную сітуацыю адмовіліся і ў Жабінкаўскім бюро Брэсцкага агенцтва дзяржрэгістрацыі і зямельнага кадастру. Пракаменціравалі адмову тым, што дадзеная інфармацыя не падлягае апавяшчэнню. Згадзіліся на каментарый спецыялісты землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы, хоць старых запісаў, якія пацвярджалі б тое, калі і як паявіўся калодзеж у дакументах, не аказалася. Начальнік службы Лілія Сакалова сказала проста:
— Калодзеж нельга было “выкінуць” з межаў зямельнага ўчастка, а аспрэчваць права на спадчыну можна толькі ў судзе.
Судом, але з іншых матываў, мог бы закончыцца для абодвух бакоў канфлікт, што разгарэўся. Справа ў тым, што ў помсту за зняты ланцуг Уладзімір Літвінюк зняў з калодзежа “круцёлку” і выкапаў слупкі, на якіх яна мацавалася. Тады гаспадар сядзібы Ятчанка настрачыў у райаддзел міліцыі заяву з просьбаю “аказаць дапамогу ў пошуку двух металічных слупкоў і перакладзіны з барабанам”. Як пракаменціравала намеснік пракурора раёна Алена Сідарук, міліцыяй было праведзена расследаванне і вынесена пастанова аб адмове ў крымінальнай справе.
— У дзеяннях Літвінюка няма складу злачынства, сказала Алена Міхайлаўна. — Абсталяванне для калодзежа было змайстравана Уладзімірам Літвінюком 15 гадоў назад са старых труб. З прынятым райаддзелам міліцыі рашэннем пракурор пагадзіўся.
Слупкі з барабанам сям’я Літвінюкоў вярнула неўтаймоўнаму суседу. Любоў Іванаўна з мужам вырашаюць зараз праблему, як знайсці ваду на сваім падворку. Запрашалі спецыялістаў, каб прабіць свідравіну і паставіць калонку, але вады на глыбіні 40 метраў не аказалася. Задумалі аформіць крэдыт і купіць кольцы для новага колодзежа. Дарэчы, 6 бетонных кольцаў абышліся ім у 1 мільён 300 тысяч рублёў. Калі да гэтага далучыць грошы за выкананне работ і выраб дадатковага абсталявання — новы калодзеж выльецца для людзей у немалую суму. За такую цану можна купіць іншую сядзібу ў вёсцы — з хатаю і ўсімі прылеглымі пабудовамі.
У Кандрата Крапівы ёсць сатырычнае апавяданне “Людзі-суседзі”. Яно такое ж невясёлае, як і гэтая жыццёвая гісторыя. Устаюць уранку двое блізкіх суседзяў ды ідуць рабіць… шкоду адзін аднаму. Праўда, употайкі, а тут сыр-бор на ўвесь раён. Магчыма, ён уляжацца са з’яўленнем новага, яшчэ аднаго калодзежа. Але крыўда ў Літвінюкоў, бадай, застанецца. Наўрад ці добра будуць пачуваць сябе і Ятчанкі: звычайна ў такіх выпадках душэўнага камфорту няма ні ў пакрыўджанага, ні ў таго, хто пакрыўдзіў. А ці нельга было ад самага пачатку неяк паладзіць — па-людску, па-суседску?..
Т.ЛІСІЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top