Untitled-13

Люты — час справаздач

У лютым у сельгаспрадпрыемствах раёна пройдуць сходы працоўных калектываў, на якіх будуць падведзены вынікі работы за мінулы год, разгледжаны ход выканання калектыўных дагавораў. Як заўжды, адзначаць лепшых рупліўцаў галіны. Першымі распачынаюць сёлетнюю кампанію рагазнянцы. Гэта, дарэчы, адзіная з дзевяці гаспадарак, дзе акрамя справаздачы адбудуцца і выбары старшыні кааператыва. У галоўных сходах сельгасвытворцаў прымуць удзел прадстаўнікі мясцовай улады, спецыялісты райсельгасхарчу.

Кансультацыі праз скайп

У тэрапеўтычным аддзяленні ўстановы аховы здароўя “Жабінкаўская ЦРБ” арганізаваны не зусім звычайныя кансультацыі з урачамі-кардыёлагамі Брэсцкага абласнога кардыялагічнага дыспансера. Пацыенты, што маюць неабходнасць у такіх кансультацыях, цяпер могуць пад кіраўніцтвам урача, які іх лечыць, праз ардынатарскую, дзе ёсць інтэрнэт-сувязь з падключаным скайпам, атрымаць кваліфікаваную дапамогу ад абласных спецыялістаў гэтага профілю. У студзені дадзенай паслугай скарысталіся ўжо шэсць жабінкаўцаў.

Аздаравілі цела і дух

За мінулы год палепшылі здароўе ў санаторыях Беларусі і Літвы 205 чалавек, паведаміла галоўны спецыяліст прадстаўніцтва “Брэсцкае абласное ўпраўленне рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння” ў Жабінкаўскім раёне Алеся Мікалаеўна Рэбякеўша.
94 дзіцяці адпачывалі і лячыліся ў санаторыях “Баравічок”, “Багатыр”, “Налібоцкая пушча”, “Случ”, “Ружанскі”, “Беларусь” (г.Друскінінкай, Літва), а таксама ў салігорскай рэспубліканскай бальніцы “Спелеалячэнне”. Дарэчы, аздараўляліся яны бясплатна, як і трое дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў і іх суправаджаючыя, а таксама трое пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і адзін прадстаўнік сілавых структур.
Паправілі сваё здароўе ў санаторыях 40 пенсіянераў, 32 жабінкаўцы працаздольнага ўзросту, 16 маці, якія аздараўляліся разам з дзеткамі да 18 гадоў. Апошнім прапаноўваліся пуцёўкі ў “Нёман”, “Алесю”, “Залатыя пяскі”, “Парэчча”, “Чабарок”, “Колас”, “Сонейка” і інш. Дарослае насельніцтва адпачывала ў санаторыях “Прыморскі”, “Бярэсце”, “Журавушка”, “Нарачанскі бераг”, “Сасновы бор”, “Беразіна”, “Пралеска” і інш, а ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і пенсіянеры-інваліды — у “Надзеі”.
У сувязі з падзеямі ва Украіне, былі адменены пуцёўкі ў санаторый “Белоруссия” (пас. Місхор).

Галасуйце за жабінкаўцаў!

Міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК прыняў удзел у другім этапе паўфіналу тэлевізійнага буйнамаштабнага праекта “Я магу!”. Нагадаем, паўфінальныя спаборніцтвы маюць 12 этапаў. На кожным прафесійнае журы і гледачы ля тэлеэкранаў вызначаюць аднаго найлепшага ўдзельніка і гэтым даюць яму “пуцёўку” ў фінал. Убачыць выступленне самадзейных артыстаў з Крыўлян зможа кожны, хто ў 19.15 у суботу, 7 лютага, уключыць свой тэлевізар на канале “Беларусь 1”. Гледачы ўсёй краіны будуць аддаваць свае галасы за ўдзельнікаў, што найбольш спадабаліся. Спадзяемся, нумар першы, пад якім выступіць “Спявай, душа”, сапраўды стане першым. За другога фіналіста праекта — жабінкаўца Алега Канашкова — саліста студыі “Золак”, можна будзе аддаць свой голас 7 сакавіка. Заключны этап пройдзе ў прамым эфіры 25 красавіка на канале “Беларусь 1”. Фіналісты будуць змагацца за галоўны прыз праекта — аўтамабіль Geely EX7 і грашовы прыз. Галасуйце за нашых, ад вас будзе залежаць выхад землякоў у фінал! Дадатковую інфармацыю аб праекце “Я магу!” можна знайсці на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

“Усе разам-2”

У Брэсцкім мастацкім салоне па вуліцы Савецкая, д.54 да 6 лютага працуе выстава маладых мастакоў Брэстчыны “Усе разам-2” (упершыню мерапрыемства падобнага кшталту адбывалася тры гады таму). Сёлета ў ёй удзельнічаюць 23 мастакі з розных куткоў вобласці. Яны прапануюць наведвальнікам больш за сотню работ, выкананых у розных мастацкіх тэхніках. Сярод удзельнікаў і мастачка з Жабінкі В.Г.Данілюк. Спецыяльна для гэтай выставы Вольга Генадзьеўна прапанавала эксперыментальныя творы ў тэхніцы батыка, дзе спалучаюцца такія матэрыялы, як тканіна, дрэва, метал і гонар зямлі беларускай — лён. З іх дапамогай створаны пано “Інтрыгі вады”, “Аняменне восені”, “Намаразь”, “Танец”, “Кармленне птушак”.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top