Група аднадумцаў

Група аднадумцаў

Фото ани Маковецкой Кавер-группа БаянДай

Кавер-група “БаянДай” маладая, але ўжо зарэкамендавала сябе як крэатыўная, пазітыўная. Гэта калектыў з пяці таленавітых, зацікаўленых людзей: 4 маладыя чалавекі і салістка-вакалістка Ганна Макавецкая, якая, дарэчы, працуе метадыстам арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама. Пазнаёмімся з моцнай паловай калектыву. Антон Зотаў — бас-гітарыст, прафесійны музыкант, які акрамя бас-гітары валодае яшчэ й акустычнай і электрагітарай. Юрый Янюк віртуозна іграе на ўдарных інструментах, нягледзячы на тое, што ён самавучка. Дзяніс Бацук цудоўны электрагітарыст. Аляксандр Кандрацюк умела спраўляецца з клавішнымі інструментамі, у групе музыцыруе на акардэоне і сінтэзатары. Адметна тое, што Аляксандр берасцеец, але менавіта ў Жабінцы сустрэў калектыў аднадумцаў і вельмі палюбіў наш горад.
Рэпетыцыі кавер-групы праходзяць у памяшканні гарадскога Дома культуры. Усю апаратуру і музычныя інструменты маладыя людзі набылі за ўласныя сродкі. У рэпертуары музычныя творы на рускай, англійскай, украінскай мовах. Кавер у перакладзе з англійскай тлумачыцца як “новая версія”, новае гучанне і перапеў вядомых твораў. Музыкі ўжо неаднаразова выступалі на канцэртных пляцоўках у Брэсце, Жабінцы. Жыхары нашага горада памятаюць выступленне “БаянДая” у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і на свяце мікрараёна цукровага завода, інш. Сёлета 10 студзеня маладая група, якой ад нараджэння 1 год, выступала з канцэртам у ГДК, было шмат гледачоў. Плануецца канцэрт яе ў красавіку 2015 года ў Мінску.
Паколькі ў рэпертуары ёсць розныя песні — класічныя, ультрасучасныя, рэтра, эстрадныя і іншыя, таму і кола слухачоў пашыранае, якое аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту і густу. Вакалістка Ганна Макавецкая вельмі задаволена сваёй працай у калектыве, дзе для кожнага ўдзельніка ёсць магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Яшчэ музыка ўзбагачае іх эмацыянальна, аб’ядноўвае, дапамагае стаць лепшымі, дабрэйшымі, больш светлымі. Ганна Макавецкая дадае: “Дзякуй усім слухачам, што сочаць за нашымі поспехамі ў сацыяльных сетках, прыходзяць на канцэрты. Мы і далей будзем працаваць, развучваць новыя кампазіцыі”.
У маладога калектыву наперадзе новыя поспехі ў творчасці, вядома, і ўдзячныя слухачы.
Алена ЧЫРКУН, метадыст АМЦ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top