«Жыву клопатамі маіх выбаршчыкаў…»

«Жыву клопатамі маіх выбаршчыкаў…»

IMG_8170

Многія вучні і настаўнікі Азяцкай сярэдняй школы з цеплынёй згадваюць сваю былую “англічанку” Ларысу Уладзіміраўну Харс. Гэтая стройная, з ветлівай усмешкай настаўніца ўмела захапіць замежнай мовай сваіх вучняў. Летась, напрыклад, яе старшакласнікі прымалі ўдзел у конкурсе школьных тэатраў. На англійскай мове яны паказалі сцэнку “Чароўныя хлябцы” паводле твора О.Генры. Ганарыцца былая настаўніца выпускнікамі. Трое з іх, што закончылі школу ў 2014 годзе, паступілі ў ВНУ і больш паглыблена будуць вывучаць замежную мову. Асаблівы гонар — сястрычкі Сабалеўскія. Старэйшая з іх закончыла факультэт міжнародных адносін БДУ, а малодшая атрымала дыплом у адным з амерыканскіх універсітэтаў у Сіэтле. Аднак педагагічнае жыццё Ларысы Уладзіміраўны ў мінулым. Лёс зрабіў круты віраж, і цяпер яна — жанчына-кіраўнік. Аб гэтым — гутарка карэспандэнта.

 

— Як атрымалася, што настаўніца стала старшынёй сельскага Савета?
— У 2010 годзе мяне выбралі дэпутатам Азяцкага сельскага Савета дэпутатаў ХХVІ склікання, і Ганна Васільеўна Шкарупа, тагачасны старшыня сельсавета, прапанавала маю кандыдатуру ў рэзерв кадраў. А мінулай вясной, пасля выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, я зноў была выбрана дэпутатам, затым — старшынёй Азяцкага сельсавета і назначана старшынёй сельвыканкама. Дарослыя сыны падтрымалі мяне, і людзі аднесліся добразычліва. Настаўнік у вёсцы — асоба вядомая, заўжды навідавоку, таму многія мяне ведаюць. Зразумела, было крыху страшнавата: амаль 24 гады вучыла дзяцей, а тут кола абавязкаў значна памянялася, і адказнасці за свае рашэнні перад людзьмі — таксама дабавілася.
Клопатаў дадалося, аднак зусім не шкадую, што жыццёвая дарога зрабіла круты паварот. Даводзіцца штодня сустракацца з людзьмі розных узростаў, рознымі жыццёвымі пазіцыямі, са сваімі думкамі і разважаннямі —
і мне гэта імпануе. У нашым сельскім Савеце ў 11 населеных пунктах пражывае 1108 чалавек. Зараз амаль усіх ведаю.
Першы месяц-другі, пакуль увайшла ў курс справы, складана было. Вельмі дапамагала мне кіраўнік спраў сельвыканкама Любоў Сцяпанаўна Загорская. Атрымлівала маральную падтрымку і парады ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Васільевіча Мартысюка і калегі, старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Галіны Сцяпанаўны Акуліч. Старшыні сельсавета не абысціся без старастаў вёсак (а іх у нас 8). Яны ўсе працуюць не першы год, аператыўна валодаюць інфармацыяй на месцах і своечасова інфармуюць.
— Што найбольш хвалюе вяскоўцаў? З якімі пытаннямі яны звяртаюцца да вас?
— Ды з самымі рознымі. У вёсках Азяты і Старое Сяло падведзены газ, а ў астатніх пакуль няма, таму з прыходам халадоў клапоцяцца жыхары пра дровы і паліўныя брыкеты. Адзінокія і нямоглыя вясной і летам просяць навесці парадак ля дамоў — своечасова падкасіць траву. У нашым сельсавеце толькі адна каса, таму прашу выручыць ЖКГ і ПМК-19. Пакуль ніхто жанчыне не адмовіў (смяецца).
У нас два магазіны — у Азятах і Старым Сяле, а ў астатнія вёскі прадукты дастаўляюць аўтамашынай. Звярталіся ў сельсавет жыхары з просьбамі зрабіць дадатковыя прыпынкі аўталаўкі, бо пажылым цяжка, не ўсе могуць дайсці да яе.
На медыцынскае абслугоўванне нараканняў не было: ёсць у нас і ФАП, і амбулаторыя, у якіх даўно працуюць вопытныя фельчары, санітар, дзіцячая медсястра, акушэрка, лабарант. Стаматолаг двойчы на тыдзень прыязджае. Праўда, фельчара не хапае — аднак гэтае пытанне, думаю, хутка вырашыцца. Калі трэба лекі, якія выдаюцца без рэцэпта ўрача, магу сама прывезці з Жабінкі. Мне гэта зусім не цяжка, бо ў райцэнтры часта бываю.
— Якія праблемныя пытанні вам удалося вырашыць у апошні час?
— Нарэшце зрушылася з мёртвай кропкі хвалюючае пытанне вяскоўцаў аб добраўпарадкаванні адрэзку дарогі “Сычова-Пералум’е”. Некалі там было асфальтавае пакрыццё, аднак з цягам часу яно стала ўсё ў ямках і выбоінах. Дабіліся-такі рашэння: дарогу падсыпалі гравіем, абапал зносяцца аварыйныя дрэвы. Яшчэ адзін невялікі адрэзак дарогі ў 2,5 кіламетра накірунку “Азяты — Старое Сяло” “апранецца” у асфальт. Зрабіць гэта неабходна яшчэ і таму, што возім школьнікаў у Старасельскую школу. Гэтая мера вымушаная: драўляная школа ў Азятах у аварыйным стане. У ёй “прасеў” дах, прагніла адна апорная сцяна. Дзецям знаходзіцца ў ёй стала небяспечна. У Азятах налічваецца ўсяго 50 вучняў, арганізаваны іх падвоз.
Што яшчэ? У нас двое могілкаў, якія перададзены на баланс Жабінкаўскай ЖКГ. Раней была невялікая праблема з вывазам смецця ад іх. Яе вырашылі — пашырылі пляцоўкі побач з агароджай, давезлі 9 кантэйнераў для смецця. ЖКГ своечасова іх вывозіць. Па вёсках рэгулярна ў серады праязджае смеццявозка, і людзі могуць ёю карыстацца.
Жыццёвых надзённых пытанняў у мяне шмат, у сельвыканкам прыходзяць жыхары з рознымі праблемамі, і я стараюся ім дапамагчы, даць параду.
— Ці звяртаюцца да вас з просьбамі, якія не ў кампетэнцыі сельсавета?
— Чаму ж не? То пытаюцца, якія дакументы трэба сабраць, скажам, каб атрымаць крэдыт на рамонт дома ці падвод прыроднага газу. На ўсе пытанні стараюся даць грунтоўныя адказы, “падключаю” неабходных “вузкіх” спецыялістаў.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Сямёнавіч Кіндзель з Пералум’я прасіў адрамантаваць электраправодку ў доме. Звярнулася да інжынера-электрыка ПУАП “Азяты” Мікалая Андрэевіча Еўчука. Ён падбадзёрыў: “Давайце, паглядзім, калі ў маіх сілах — дапамогу”. І дапамог ветэрану! Потым паладзіў электраправодку ў старэнькім доме па просьбе жыхароў з Баранцоў, якія набылі яго. Упэўнілася яшчэ раз, што ў Мікалая Еўчука залатыя рукі, калі паводле маёй просьбы вельмі акуратна і старанна адладзіў падсветку ля помніка ў Азятах.
Знайшлі агульную мову і з аграномам мясцовай гаспадаркі Андрэем Міхайлавічам Зінкевічам. Разам з ім абыходзілі прыдамавыя ўчасткі, абмяралі, складвалі спіс жадаючых на абмалот збожжа камбайнам. Вяскоўцы засталіся задаволеныя, дзякавалі. Хутка вясна, людзі ўжо звярталіся ў сельсавет, каб выдзелілі ўчасткі пасадзіць бульбу. Просяць па 10 і 30 сотак зямлі, нават 2 гектары. Гэта радуе. Значыць, вёска жыве, калі ёсць каму гаспадарыць на зямлі.
— Наколькі я ведаю, на тэрыторыі вашага сельсавета зарэгістравана некалькі фермераў…
— Так, у нас рупліўцаў нямала. Гэта “Карнішон”, “Кукеты”, “Сычова”, “Мазовіч і К”, “Тамашкі-АГРА”. У гэтых фермерскіх гаспадарках (а кожная з іх займае ад 20 да 27 гектараў) вырошчваюць буякі, дэкаратыўныя кусты, зерневыя, кукурузу, рыбу. Хутка гэты спіс папоўніць яшчэ адзін фермер, які плануе вырошчваць агародніну. З усімі імі ў нас усталяваліся добрыя адносіны. Радуе, што мясцовыя жыхары маюць магчымасць набыць у іх ураджай, а таксама ў сезон знайсці работу і падзарабіць.
— Летась побач з вёскай Сычова быў здадзены свінакомплекс камбікормавага завода, з’явіліся ўжо першыя парасяты. Аднак не ўсе жыхары суседніх вёсак лаяльна аднесліся да такога будаўніцтва…
— Многія лічылі, што вецер будзе даносіць спецыфічны пах. Аднак сучасная сістэма гноевыдалення ў комплексе гарантуе адваротнае. Праблема ўзнікла ў іншым: у сувязі з пагрозай распаўсюджвання АЧС суседнія вёскі трапілі ў так званую пяцікіламетровую карантынную зону, у якую ўвайшлі Азяты. Самае складанае было ўгаварыць жыхароў не разводзіць свіней на ўласных падворках. Мы неаднойчы праводзілі сустрэчы жыхароў з кіраўніцтвам раёна, спецыялістамі райветстанцыі, тлумачылі, пераконвалі. І людзі “ўвайшлі ў становішча”. Затое як усе былі радыя, калі гэтая зона скарацілася да 2-х кіламетраў! У забароненым спісе засталіся толькі вёскі Сычова і Ліскі. Аднак там жывуць толькі састарэлыя людзі, і трымаць свіней ім не пад сілу. Так што гэтая праблема ўжо вырашылася.
— Ларыса Уладзіміраўна, вы працуеце старшынёй сельсавета крыху менш года. Якія “правілы кіраўніка” выконваеце?
— У мяне асноўнае і адзінае правіла — прыйшла на працу — пакінь свае асабістыя, хатнія і сямейныя праблемы за парогам, уважліва выслухай усіх, каму неабходная дапамога, гавары спакойна. Калі паабяцала ўдакладніць і пазваніць — АБАВЯЗКОВА гэта зрабі.
— Што дапамагае вам паспяваць болей?
— З вечара распісваю свой дзень: куды паехаць, каму зрабіць званок, да каго завітаць. Зразумела, узнікаюць і незапланаваныя сітуацыі. Напрыклад, днямі пазваніла Зінаіда Якаўлеўна Федарук з Целякоў. Пенсіянерка ў роспачы плакала: тры лісты шыферу сарвала ветрам з даху яе хаты. Я пад’ехала, а яе суседзі ўжо мацавалі лісты на сваё месца, толькі шыферныя цвікі папрасілі знайсці. Усё зрабілі, і бабуля суцешылася.
— Які фільм дапамог вам у станаўленні, як кіраўніку?
— Узгадваю любімую многімі кінастужку “Москва слезам не верит”. Галоўная гераіня ў адным з эпізодаў сказала: навучыцеся кіраваць трыма, дык зможаце кіраваць і 50. Прынамсі, так яно і ёсць. У гэтым плане мяне выручаюць старасты вёсак. Як я ўжо гаварыла — іх у мяне 8.
— Якую кнігу вы б параілі пачытаць калегам?
— У кожнага свой густ. Мая любімая — Паўла Каэльё “Алхімік”. Старэйшы сын даслаў яе мне ў электронным варыянце. Скразная думка ў ёй: нам здаецца, што праблема невырашальная. Аднак варта паглядзець на яе іншымі вачамі — і вось яно, рашэнне, побач! Дзякуючы “Алхіміку” неаднойчы знаходзіла выйсце з самых складаных сітуацый.
— Які ваш самы багаты вопыт?
— Бадай, вопыт зносін з адзінокімі і састарэлымі людзьмі. Мне давялося даглядаць маму пасля аперацыі. Цяпер вельмі добра разумею тых, хто застаецца ў пустой хаце на доўгія месяцы, калі хочацца проста перакінуцца з некім словам. Разумею і сацыяльных работнікаў, якія дапамагаюць адзінокім бабулям і дзядулям. Ім, у першую чаргу, трэба набрацца цярпення.
— Якое самае вялікае дасягненне ў жыцці?
— Можа, падасца нясціплым — гэта мае дзеці Максім і Аляксандр. Вельмі падабаюцца іх адносіны да людзей, да жыцця. Малодшы заканчвае вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, працуе ўжо ў кардыялагічным аддзяленні, хоча стаць пульманолагам. З хворымі ўважлівы і добразычлівы. Старэйшы атрымаў вышэйшую адукацыю ў Мінску і працуе ў Брэсце інжынерам, у прыватнай фірме. Яны абодва шчырыя, неабыякавыя да чужых праблем, заўжды бяруцца дапамагчы, адказныя і працавітыя. Гэтыя рысы характару, лічу, у іх ад мяне. Мне за сыноў не сорамна перад людзьмі.
— Жанчына-кіраўнік. Ці змяніла вас пасада?
— Думаю, так, спадзяюся ў лепшы бок (смяецца). Стала яшчэ больш сабранай і арганізаванай, навучылася мець зносіны з людзьмі розных пакаленняў. Старшынёўская праца не заканчваецца ў 17.00 — яна часцінка майго жыцця, словам, жыву клопатамі маіх выбаршчыкаў. Каб болей паспяваць, пайшла на курсы ваджэння і атрымала правы, хаця яшчэ некалькі гадоў таму нават не задумвалася, што буду кіроўцай. Цяпер упэўнена адчуваю сябе на дарозе.
— Дзякуй за гутарку і поспехаў вам.
Гутарыла Святлана КІСЛАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top