УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”: аднаўленне працягваецца

УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”: аднаўленне працягваецца

IMG_1511

Ужо не першы год клопатам дзяржавы і саміх медработнікаў праводзіцца паступовае абнаўленне і пераабсталяванне медыцынскіх падраздзяленняў раёна. Наколькі палепшыліся апошнім часам умовы лячэння пацыентаў і IMG_1525працы медперсаналу, наша размова з галоўным урачом Жабінкаўскай ЦРБ А.І.Лаўрукевічам.
— Анатоль Іванавіч, што новага, як гаворыцца, “з’явілася на ўзбраенні” летась у нашых медыкаў?
— У мінулым годзе, найперш, працягвалася ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых падраздзяленняў. На гэта зрасходавана больш за чатыры мільярды рублёў. У выніку завяршыліся рамонтныя работы фельчарска-акушэрскіх пунктаў у Залуззі, Падлессі, Арэпічах. Жыхары гэтых і навакольных вёсак адчулі, наколькі і знешне, і ўнутрана змяніліся іх ФАПы, а галоўнае — больш якасным стала абслугоўванне вяскоўцаў, даступнасць паслуг на месцах.
Летась праведзены капітальны рамонт прыёмнага аддзялення раённай бальніцы, пункта хуткай медыцынскай дапамогі, лабараторыі, дзённага стацыянара, фізіятэрапеўтычнага і эндаскапічнага пакояў, будынка бухгалтэрыі. У памяшканнях, адкуль пайшлі будаўнікі, усё надзвычай эстэтычна, светла, з ідэальнай чысцінёй. Мы разумеем, наколькі слушнае выслоўе “Лечаць не толькі лекі”, але й умовы, у якія трапляе пацыент, абслугоўванне, што ён атрымлівае.
У мінулым годзе ўкараняліся новыя метады дыягностыкі: ультрагукавое даследаванне брахеацэфальных артэрый, поўнае абследаванне тоўстага кішэчніка (раней дзеля гэтага жабінкаўцы вымушаны былі ездзіць у абласны цэнтр). Ад абласнога ўпраўлення аховы здароўя мы атрымалі аўтамабіль хуткай дапамогі з поўнай камплектацыяй, куды ўваходзяць дэфібрылятар, дыхальны апарат, кіслародны інгалятар і інш. Уведзены апарат імунаферментнага аналізу для выяўлення онкамаркераў, што дазваляе выяўляць пухліны на ранніх стадыях, гармоны шчытападобнай залозы і маркеры інфаркту міякарда.
У канцы 2014 года адкрыты ўралагічны кабінет, дзе працуе малады спецыяліст. Для яго паўнацэннай дзейнасці сёлета плануецца прыдбаць цыстаскоп для даследавання мачавога пузыра і ўрэтры. Для хворых тэрапіі ў нас працуюць два апараты “Холтэр” (адзін з іх закуплены летась). Яны дазваляюць праводзіць сутачны маніторынг ціску і аналізаваць працу сэрца. Набытыя таксама фетальны манітор і кольпаскоп для абследавання захворванняў у жанчын, чатыры сучасныя фізіяапараты “Рэфтон”, што палепшыла ўмовы працы медперсаналу. Словам, на закупкі абсталявання летась зрасходавана больш за мільярд рублёў.
Як бачыце, зроблена не мала, аднак многае трэба зрабіць і ў гэтым годзе. Патрэбна завяршыць рамонт у хірургічным і дзіцячым аддзяленнях.
— Прыемна гэта чуць. Пытанні аховы мацярынства і дзяцінства прыярытэтныя ў краіне, і дапамога з боку медыкаў у гэтым вельмі патрэбная. Мінулы год адзначаны значнай падзеяй у дэмаграфічнай сітуацыі: упершыню з часоў набыцця Беларуссю незалежнасці на Жабінкаўшчыне дасягнуты станоўчы прырост насельніцтва. Гэта, безумоўна, радуе, аднак што выклікае занепакоенасць у медыкаў?
— На жаль, у раёне высокай застаецца суіцыдальная актыўнасць, хоць летась (у параўнанні з 2013 годам) назіралася скарачэнне самагубстваў (з 8 да 6 выпадкаў). Не ўдалося знізіць смяротнасць у працаздольным узросце ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы. Летась жыхарам раёна ў абласной бальніцы праведзены дзясяткі каранаграфій, аперацый у стэнціраванні каранарных артэрый, што дазволіла знізіць смяротнасць ад інфаркту міякарда. Значна, амаль у два разы, паменшылася колькасць тых, хто пакутуе на сухоты. Не дапушчана ніводнага выпадку смяротнасці сярод немаўлятаў.
І надалей акцэнты нашай працы будуць накіраваны на ранняе выяўленне пухлінаў і іх аператыўнае лячэнне; на дыспансерную працу з асобамі, што маюць высокую рызыку сасудзістых катастрофаў; на медыцынскае абслугоўванне юных жыхароў Жабінкаўшчыны.
Хачу засяродзіцца яшчэ на адной праблеме, што існуе ў грамадстве. У ліпені 2015 года ў аблвыканкаме будзе разглядацца пытанне выканання Дзяржаўнай праграмы прафілактыкі п’янства і алкагалізму. Летась на Жабінкаўшчыне зменшылася колькасць алкагольных псіхозаў, атручвання “зялёным змеем”, асобаў, што пакутуюць на хранічны алкагалізм, зменшылася і колькасць злачынстваў і правапарушэнняў у стане ап’янення. Разам з тым маецца праблема з непаўнагадовымі (14 знаходзяцца пад наглядам урача-нарколага з-за ўжывання спіртных напояў). Таму пачынаючы ўжо зараз, неабходна актывізаваць працу грамадскіх камісій па прафілактыцы алкагалізму, усіх выканаўцаў згаданай Дзяржпраграмы.
— Штогод у раён прыходзяць маладыя спецыялісты. Што робіцца ў вашай установе, каб яны замацоўваліся на месцы пасля адпрацоўкі пэўнага тэрміну?
— Хочацца адзначыць, дзякуючы раённаму выканаўчаму камітэту для нашых маладых спецыялістаў выдзяляюцца месцы ў інтэрнатах і арэнднае жыллё, што садзейнічае замацаванню маладых медыкаў. Летась прыбылі чатыры ўрачы — усе забяспечаны жыллём. Аднак, лічу, абмяркоўваючы перспектывы развіцця Жабінкі ў якасці горада-спадарожніка Брэста абавязкова неабходна прапрацаваць пытанне аб будаўніцтве інтэрната для маладых спецыялістаў бюджэтнай сферы. Думаючы пра моладзь, рашаючы яе паўсядзённыя праблемы, мы пакрысе закладваем падмурак для будучыні, калі яны цалкам прыйдуць на змену старэйшаму пакаленню.
— Анатоль Іванавіч, дзякую за размову.
— Будзьце здаровыя!
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top