З чаго складаецца эфектыўнасць?

З чаго складаецца эфектыўнасць?

IMG_1121

На парадак дня пасяджэння райвыканкама, якое прайшло 23 студзеня, былі вынесены пытанні аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выкананні раённага бюджэту за 2014 год. Старшыня выканкама Ф.Ф.Каланчук прапанаваў спыніцца на праблемах у рабоце народнагаспадарчага комплексу Жабінкаўшчыны, на задачах, якія не ўдалося вырашыць. Тым больш, з якімі паказчыкамі падышлі да завяршэння 2014 года ўжо вялася гаворка на мінулым пасяджэнні выканкама і на сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Дакладчык намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук назваў, што забяспечана выкананне толькі аднаго з 6 параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця — у энергазберажэнні (не выйшлі на запланаваны ўзровень намінальнай сярэднемесячнай заработнай платы, экспарту тавараў па прадпрыемствам мясцовай і безведамаснай падначаленасці, экспарту паслуг, замежным інвестыцыям, не дасягнулі неабходнага ўзроўню выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) на 1 сярэднеспісачнага работніка). З 11 даведзеных заданняў выканалі 7. Гэта наступныя: вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі, сальда знешнегандлёвага абароту па таварах, увод жылля, інвестыцыі ў асноўны капітал, стварэнне новых мікра- і малых арганізацый, а таксама новых рабочых месцаў, запасы гатовай прадукцыі. Не справіліся з паказчыкамі індэксу фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, сальда знешнегандлёвага абароту па паслугах, рознічным тавараабароту, падрадных работах.
На пасяджэнні выканкама адзначалася, што нашы галоўныя вытворцы ў прамысловасці — цукровы і камбікормавы заводы — не змаглі выйсці на запланаваны паказчык ІФО (індэкс фізічнага аб’ёму). Але таму ёсць аб’ектыўныя прычыны, якія не залежаць ад работы прадпрыемстваў. Так, на цукровым менш, чым у папярэднім годзе перапрацавана цукру-сырцу (узяты курс на замяшчэнне імпартнай сыравіны айчыннай), тэрміны пуску завода былі зрушаны, а неспрыяльнае надворе прывяло да значных страт пры захоўванні сыравіны і ў выніку — зніжэння выхаду прадукцыі. У 2014 годзе свае складанасці былі і ў эканамічнай дзейнасці камбікормавага завода. На зніжэнне аб’ёмаў прадукцыі паўплывала скарачэнне паставак камбікармоў для птушкафабрык, меншым стаў попыт на камбікармы ў рознічным гандлі.
Называліся мінусы ў рабоце сельскагаспадарчай галіны. Калі вытворчасць малака рэнтабельная ва ўсіх гаспадарках, дык ёсць праблемы з яго ўлікам і якасцю. Пра гэта сведчыць і невысокі ўзровень таварнасці — 88,7%. Як падкрэсліў дакладчык, практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, за выключэннем ААТ “Жабінкаўскі”, на выпойванне цялятам летась было выкарыстана звыш 10% валавага надою, і страты ад перарасходу склалі 8,9 мільярда руб. Мала малака рэалізуецца гатункам “экстра” (17%). Між іншым, пасля праведзенай рэканструкцыі малочнатаварных ферм, усе гаспадаркі маюць магчымасць атрымліваць высокагатунковае малако.
Недастатковай была прызнана работа ў прыцягненні ў раён прамых замежных інвестыцый. Летась чыстае паступленне іх склала 0,7 млн. долараў пры заданні 3 млн. Старшыня райвыканкама прапанаваў стварыць пры выканкаме рабочую групу, у якую, у прыватнасці, уваходзілі б супрацоўнікі банкаў, землеўпарадкавальнай службы, інш. Менавіта іх задачай было б адсочваць прапановы жадаючых, якія хацелі б укладваць свае грошы ў тую ці іншую вытворчасць, прапаноўваць пляцоўкі для новых аб’ектаў. Інвестыцыйныя прапановы і ўчасткі для рэалізацыі праектаў у сферах вытворчасці, прыдарожнага сэрвісу, экатурызму, гандлёва-лагістычнай дзейнасці ўключаны ў інвестыцыйны каталог Брэсцкай вобласці і размешчаны на сайце аблвыканкама. Жабінка стала горадам-спадарожнікам Брэста і неабходна спаўна выкарыстоўваць усе магчымасці для развіцця горада і раёна. Але пакуль нашы будаўнічыя арганізацыі адчуваюць дэфіцыт у занятасці. Аб’ём падрадных работ на 20,4% ніжэй чым у 2013 годзе.
Заслугоўвала ўвагі абмеркаванне пытання па экспарту паслуг. Кожны год па гэтым паказчыку мы прырастаем, заўважыў А.П.Грыгарчук. З пачатку пяцігодкі ён вырас больш чым у 1,8 раза. Экспарт транспартных за 11 месяцаў 2014 г. павялічыўся на 84,2% у параўнанні да адпаведнага перыяду 2013 г. Аднак санаторый “Буг” (доля ў экспарце паслуг раёна 65,1%) знізіў іх летась на 16%. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што асноўны паток турыстаў — грамадзяне Расіі і ім стала накладна ехаць адпачываць у Беларусь у сувязі са спадам пакупальніцкай здольнасці расійскага рубля і ростам чыгуначных тарыфаў. Запаўняльнасць месцаў у санаторыі склала ў 2014 годзе 96%. Ф.Ф.Каланчук адзначыў, што кіраўніцтву здраўніцы патрэбна неадкладна адшукваць выйсце з гэтай сітуацыі, больш актыўна прапаноўваць адпачынак тут. Незразумела, праўда, што другі санаторый “Надзея” хоць і знаходзіцца на тэрыторыі раёна, аднак комплекс турыстычных паслуг, што тут аказваюць, не ідзе ў залік для нашага раёна.
Напрыканцы размовы гаварылася, што 2015 год будзе няпростым у выкананні планаў і заданняў. Эфектыўнасць работы прадпрыемстваў і арганізацый будзе ацэньвацца ў першую чаргу па выручцы на аднаго працуючага, прыбытку, забяспечанасці абаротнымі сродкамі, росту прадукцыйнасці працы.
На пасяджэнні выканкама былі таксама разгледжаны пытанні: аб выкананні мерапрыемстваў праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй; інфармацыйныя запіскі пракуратуры раёна аб стане законнасці і правапарадку, а таксама законнасці і злачыннасці сярод непаўнагадовых на тэрыторыі раёна; аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у 2014 годзе; падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы ў ахове працы ў 2014 годзе.
Удзел у рабоце пасяджэння выканкама прыняў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь А.А.Кулік.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top