В гостях у героев Мележа

В гостях у героев Мележа

У гасцях у Мележавых герояў
Сямнаццаты раз свята беларускага пісьменства сабрала літаратараў, іншых творцаў краіны. У першую нядзелю верасня паклікалі да сябе Хойнікі Гомельскай вобласці — радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, героі яго несмяротнай “Палескай хронікі”. Гасцей і жыхароў Хойнікаў віншавалі са святам кіраўнікі вобласці, раёна, епіскап Тураўскі і Мазырскі Сцяпан, іншыя афіцыйныя асобы. Было зачытана прывітальнае слова Прэзідэнта краіны форуму пісьменства.
Затым цэнтральную сцэну “захапілі” Іван Мележ са сваім героем Васілём Дзятлікам: разыгрывалася літаратурна-мастацкая кампазіцыя. Яны то імкнуліся зазірнуць у той час, як на гэтай зямлі жылі Дзятлікі ды Чарнушкі, то пераносіліся ў будучыню, у нашы дні. Перад гледачамі праходзілі Кароль Прозар — бліжэйшы паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, які пазней быў арыштаваны і па справе дзекабрыстаў, этнографы і фалькларысты Часлаў Пяткевіч і Казімір Машынскі — збіральнікі і захавальнікі вялікай спадчыны краю, іншыя значныя асобы хойніцкай зямлі. Пасля надоўга цэнтральная сцэна была аддадзена артыстам мастацкай самадзейнасці.
Да свята было прыўрочана і адкрыццё Дома абрадаў. Знайшлася пара, якая ў гэты радасны дзень вырашыла заключыць шлюб у новым будынку. З Дому абрадаў Сяргей ды Іна выйшлі мужам і жонкай.
Самая хвалюючая сустрэча з “людзьмі на балоце” адбылася ў парку. 13 гадзін. Ля помніка, які пакуль быў схаваны пад белым покрывам, пачалося дзейства: многа касцоў на чале з Васілём Дзятлікам ідуць касіць траву, а ў гэты час гучаць Мележавы словы пра першы дзень на сенажаці.
Затым слова бярэ міністр культуры Рэспублікі Беларусь П.Латушка. Павел Паўлавіч гаворыць, што любы народ стварае хоць бы адзін шэдэўр — гэта яго мова, на якой пасля вядомыя пісьменнікі і паэты створаць бяссмертныя творы і ўславяць сваю зямлю, як гэта зрабіў Іван Паўлавіч Мележ.
Паволі спаўзае белае палотнішча, і перад намі — “людзі на балоце”, сярод якіх можна пазнаць Васіля і Ганну, а ў цэнтры — хлапчук. Помніцца, як у 1961 годзе, калі “Полымя” надрукавала першы раман трылогіі і Мележ прыязджаў на прэзентацыю яго ў Брэсцкі педінстытут, студэнты напрасцяк спыталі аўтара, каго з герояў ён спісаў з сябе. Тады Іван Паўлавіч адказаў:
— У рамане Валодзька, меншы Васілёў брат, просіцца на сенажаць, а яго не бяруць. Гэта ўспамін з майго дзяцінства.
Той успамін улічыў Валерый Кандраценка, ствараючы скульптуру, якая ўславіла Мележавых герояў.
Яшчэ адна прыемная хвіліна чакала берасцейскую дэлегацыю, калі пачалося ўганараванне лаўрэатаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2009 года”. У намінацыі дзіцячай літаратуры ім стаў наш зямляк, супрацоўнік газеты Анатоль Бензярук за кнігу “Свята для сэрца”.
Мне пастаянна здавалася, што гаспадары з Гомельшчыны стараліся даказаць усім сваю ветласць і гасціннасць. Стравы і тавары былі на любы густ. Найбольшую цікавасць выклікалі плеценыя вырабы мясцовых майстрых.
Хойнікі перадалі эстафету Брэсцкай вобласці. Наступны Дзень беларускага пісьменства адбудзецца на ганцавіцкай зямлі, дзе збіраў і запісваў казкі, прымаўкі і прыказкі Аляксандр Сержпутоўскі, адкуль выйшла цэлая плеяда беларускіх літаратараў, хто і сёння актыўна служыць роднаму слову.
Р.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top