Untitled-13Ёсць заказы — ёсць і заробкі

Вось ужо чатыры гады запар пальму першынства сярод 19 падраздзяленняў ДУВП “Брэстводбуд” утрымлівае Жабінкаўская ПМК-19. Таму і Пераходны чырвоны сцяг, які прысуджаецца за найбольш значныя вынікі ў працоўным саперніцтве і фінансава-гаспадарчай дзейнасці, трывала прапісаўся ў гэтым працавітым калектыве. Так, гадавы бізнес-план па падрадных работах выкананы яшчэ ў жніўні — было асвоена капітальных укладанняў на 28,6 мільярда рублёў. Усяго ж на аб’ектах рэканструкцыі і агульнабудаўнічых работах зарабілі каля 39 мільярдаў рублёў.
— 2014 год склаўся для нас няблага, — расказвае начальнік ПМК-19 Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі. — Мы займаліся рэканструкцыяй меліярацыйных сістэм, будавалі ачысныя збудаванні ў Каменцы, водазабор і каналізацыю ў свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”, добраўпарадкоўвалі райцэнтр Жабінка і інш. Словам, заказаў хапала, таму руплівасць меліяратараў ацэнена добрымі заробкамі.

Турыстычнымі маршрутамі Жабінкаўшчыны

З мэтай актывізацыі турысцка-экскурсійнай работы ў раёне распрацаваны турыстычныя маршруты: “Памяць вялікай вайны”, “Жабінкаўскі гасцінец”, “Касцюшкаўскі шлях”, “Крупчыцкі бой”, “Шляхам Іерусалімскага агню”, “Жабінкаўскі экватар”, “З варагаў у грэкі”, “Зялёныя маршруты Жабінкаўшчыны”. Сярод іх розныя віды — пешаходныя, веласіпедныя, водныя, камбінаваныя. Да 70-ай
гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ДУА “Жабінкаўскі цэнтр турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі” прапанаваў новыя — па месцах баявых дзеянняў “Вогненнымі вёрстамі вайны” і “Яны змагаліся за нашу свабоду”. Матэрыял, які ўтрымлівае інфармацыю аб папулярных турысцкіх маршрутах нашага раёна, прадстаўлены для каталога турысцка-экскурсійных маршрутаў Брэсцкай вобласці.
У гэтым навучальным годзе ў школах раёна працуе 24 турысцка-краязнаўчыя гурткі, у якіх занята 307 вучняў, і 6 — эколага-біялагічных (89 вучняў). Акрамя таго, жадаючыя наведваюць факультатывы эколага-біялагічнага накірунку.

75-годдзю раёна прысвячаецца

Ва ўсіх без выключэння бібліятэках праводзіліся тэматычныя выставы, прымеркаваныя да святкавання 75-ых угодкаў з дня ўтварэння Жабінкаўскага раёна. Напрыклад, у раённай бібліятэцы праходзіла мерапрыемства “Краязнаўчае падарожжа”, праводзілася пазнавальная віктарына “Наш край — Жабінкаўшчына”. У гэты дзень бібліятэку наведалі навучэнцы гарадскога ліцэя, для якіх ладзіўся віртуальны экскурс у савецкія часы, падрабязна расказвалася пра знакамітага механізатара, кавалера ордэнаў Леніна, “Знак Пашаны” і Працоўнага Чырвонага Сцяга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Васіля Андруховіча, які быў равеснікам раёна.

Спраўнасць аўтамабіля пацвердзяць на станцыі

Дзяржтэхагляд — абавязковая працэдура, накіраваная на недапушчэнне ў дарожным руху няспраўных транспартных сродкаў. Раней жабінкаўцам даводзілася ехаць, каб прайсці яго, у суседнія Брэст, Кобрын, Маларыту, ці чакаць, калі прыедзе сюды перасоўная станцыя. Цяпер жа з будаўніцтвам у горадзе і ўвядзеннем летась у эксплуатацыю дыягнастычнай станцыі №222 УП “Белтэхагляд” прыбавілася зручнасцяў для нашых вадзіцеляў. Па-першае, знаходзіцца, як кажуць, пад бокам, па-другое, абслуговы персанал тут уважліва і аб’ектыўна ставіцца да кожнага кліента. Як паведаміў начальнік дыягнастычнай станцыі Дзмітрый Харковіч, з чэрвеня да канца 2014 года праведзены дзяржтэхагляд 2968 транспартных сродкаў (легкавыя і грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, матацыклы, мапеды, прычэпы і паўпрычэпы), з іх дапушчана да ўдзелу ў дарожным руху 2786. Акрамя таго, выдаваліся міжнародныя сертыфікаты тэхнічнага агляду.

Лягчэй папярэдзіць, чым патушыць

У гэтыя дні супрацоўнікамі Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый праводзіцца прафілактычная работа ў папярэджанні пажараў. Яны наведваюць шматдзетныя, няўдалыя сем’і, у якіх выхоўваюцца малыя дзеці, бываюць у адзінокіх грамадзян і інвалідаў І і ІІ груп. Афіцэрскі састаў аддзела, начальнікі пажарных аварыйна-выратавальных пастоў і іншыя спецыялісты пабывалі ў вёсках Якаўчыцы, Сцяпанкі, Шпіталі, Арэпічы, Хмелева, Сакалова, Ракітніца, Мацясы і ў Жабінцы. Агледжана 130 домаўладанняў. Паводле вынікаў агляду да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 11 гаспадароў. Мерам пажарнай бяспекі навучана каля 200 чалавек. Аб нездавальняючым супрацьпажарным стане аднаго з домаўладанняў накіравана інфармацыя ў Хмелеўскі сельскі Савет. У Мацясах праведзены дваровы сход грамадзян, дзе патлумачаны правілы бяспекі ў зімовы перыяд, а таксама ўручаны лістоўкі і памяткі на супрацьпажарную тэматыку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top