Прыярытэты Аляксандра Кандрацюка

Прыярытэты Аляксандра Кандрацюка

IMG_1156 копия

Аляксандр Кандрацюк ускладае на гэты год вялікія надзеі. Не толькі таму, што малады чалавек знаходзіцца ў росквіце сіл, на парозе свайго 30-годдзя, якое адзначыць напрыканцы чэрвеня, і ў яго шмат планаў і задумак, але і таму, што гэта — Год моладзі.
— Выдатна, што маладым людзям у Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага, — кажа Аляксандр. — Для іх адкрыты любыя шляхі і дарогі, ім аказваецца дзяржаўная падтрымка ў працаўладкаванні, у атрыманні льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля. За маладымі будучыня — Прэзідэнт гэта добра разумее.

Галоўнае — быць чалавечным

Аляксандр — ініцыятыў-ны, адукаваны спецыяліст, цікавы суразмоўнік. Але асноўнае, на мой погляд, — неабыякавы чалавек.
— Самае галоўнае — быць чалавечным, — кажа Аляксандр. — Пакінуць свой след у жыцці. Крыху няёмка пра гэта расказваць (падумаюць, што хвалюся), але не магу пакінуць чалавека ў бядзе, нават калі ён алкаголік ці бяздомны. Нядаўна ехаў па вуліцы Камсамольская, бачу: ляжыць мужчына ля дарогі. Спыніўся, здагадаўся, што той п’яны, збіты да крыві, спытаў адрас і адвёз дадому. Аўтамабіль давялося потым доўга адмываць, але душа была спакойная, што не пакінуў чалавека паміраць на дарозе.
Аляксандра засмучае вялікая колькасць нядобрых, несумленных людзей. Яму хацелася б, каб у штодзённай мітусні не страчвалася пачуццё чуласці, дабрыні, спагады.
Хвалюе Аляксандра Кандрацюка праблема тытунекурэння і распаўсюджвання спайсаў сярод моладзі.
— Хлопцы і дзяўчаты не разумеюць, што губляюць сваё здароўе, а магчыма, і жыццё. Зло для падрастаючага пакалення — наркотыкі і камп’ютары, — разважае ён. — Камп’ютарная залежнасць — страшная хвароба, трэба абавязкова “дазіраваць” час, праведзены падлеткам ля камп’ютара, і сачыць, якія сайты ён наведвае, каб папярэдзіць бяду.
Немалаважную ролю адыгрывае для Аляксандра здаровы лад жыцця, бо, як вядома, усё без здароўя — нішто. Ён любіць займацца спортам, бываць на прыро-дзе, падарожнічаць.
На пытанне пра прыярытэты ў жыцці малады чалавек, не задумваючыся, адказаў, што самае важнае для яго — сям’я, здароўе родных і блізкіх.

У шчаслівай сям’і атмасфера напоўнена любоўю

Жонка Таццяна падтрым-лівае Аляксандра ва ўсіх планах і пачынаннях. Кандрацюкі — аднадумцы, як кажуць, глядзяць і думаюць у адным накірунку. Іх старэйшаму сыну Арцёму 6 гадоў, малодшы нарадзіўся 19 снежня мінулага года, калі праваслаўныя вернікі ўслаўляюць памяць святога Мікалая, таму праблема выбару імя адпала сама сабой.
— У нас у сям’і адны мужчыны, — кажа Аляксандр. — Таня, як кветачка, сярод нас цвіце.
Пра жонку і сыноў расказвае з вялікай пяшчотай і любоўю.
— Таццяна працуе выхавальніцай Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната, розных дзетак бачыць, — дзеліцца ён. — Часта разважаем з ёю, як важна для дзіцяці мець і маму, і тату. У поўнай сям’і атмасфера адрозная ад няпоўнай і непараўнальная з той, у якой жывуць, напрыклад, выхаванцы дзіцячых дамоў. Тата навучыць малых мужчынскім тонкасцям, мама — жаночым. Мая Таня — майстрыха на ўсе рукі, вяжа мне і дзецям цудоўныя рэчы. А яшчэ ў яе выдатнае пачуццё гумару.
Калі Аляксандр расказаў жонцы, што пра яго будуць пісаць нататку ў газету, Таццяна пажартавала:
— Ды ў вас група “зорных” татаў у другім дзіцячым садзіку. Наш Арцём і Варвара Кулік наведваюць адну групу. Нядаўна “Сельская праўда” пісала пра Аляксандра Куліка, зараз — пра цябе.

“Салодкая” праца ў прамым і пераносным сэнсе

Другое месца ў спісе прыярытэтаў Аляксандр Кандрацюк адводзіць працы.
— Немалаважна мець работу, якая падабаецца, з радасцю на яе хадзіць, зай-мацца любімай справай з задавальненнем, — кажа малады чалавек.
Аляксандр Кандрацюк — майстар службы галоўнага механіка ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. На гэтай пасадзе з 2012 года.
Напружаным быў для Аляксандра 2005-ы. Ён скончыў тады Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж і атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка, уладкаваўся на працу ў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Акрамя таго, Аляксандр паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання і неўзабаве атрымаў дыплом інжынера-механіка.
На цукровым заводзе давялося папрацаваць на розных пасадах: машыністам помпавых установак, слесарам, абпальвальшчыкам, памочнікам начальніка змены і нарэшце майстрам службы галоўнага механіка. Зараз Аляксандр Кандрацюк кіруе работай сокаачы-шчальнага аддзялення.
— Мая задача ў тым, каб усё абсталяванне ў гэтым цэху працавала і выконвала свае функцыі. Спыняецца помпа — працэс ачысткі таксама, завод нясе страты. Гэтага нельга дапусціць. Сёлета больш за мільён тон буракоў трэба перапрацаваць, сезон вельмі напружаны, — гаворыць мой суразмоўнік..
Дарэчы, і яго бацькі Раіса Мікалаеўна і Уладзімір Васільевіч усё жыццё прысвяцілі працы на цукровым. Так што прадпрыемства для ўсёй сям’і стала родным.

Мяняць ці не мяняць?

Прыярытэтамі для Аляксандра з’яўляюцца наяўнасць утульнага жылля і аўтамабіля. Усё гэта ў Кандрацюкоў ёсць.
— Некаторыя знаёмыя мужчыны жартуюць, што жонку трэба мяняць раз у дзесяць гадоў, а машыну — раз у пяць, — кажа Аляксандр. — Я не згодны, мяне задавальняе і адна, і другая — мяняць дакладна не збіраюся.
Ад Аляксандра Кандрацюка вее пазітывам, спакоем і ўпэўненасцю. За такімі надзейнымі плячыма, лічу, утульна і родным, і падначаленым.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: Аляксандр Кандрацюк на фоне роднага прадпрыемства.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*