Раённы бюджэт. Пра расходы, даходы і эканомію

Раённы бюджэт. Пра расходы, даходы і эканомію

IMG_1214

Інтэрв’ю начальніка фінансавага аддзела райвыканкама С.М.Плавух.

— Святлана Мікалаеўна, у снежні 2014 г. на пасяджэнні выканкама быў адобраны праект раённага бюджэту на бягучы год, а на сесіі райсавета дэпутатаў зацверджаны. Але давайце спачатку спынімся на бюджэце мінулага года. 

— Што датычыцца выканання мінулагодняга бюджэту, дык можна сказаць, склалася яно для раёна станоўча: па даходах дасягнуты дастаткова дынамічныя паказчы-
кі — тэмп росту да ўзроўню 2013 года склаў 118 працэнтаў, а аб’ём звыш першапачаткова зацверджаных параметраў — 10,9 мільярда рублёў. А калі ёсць даходы, дык ёсць і расходы. Гэта дазволіла захаваць стабільнасць і забяспечыць збалансаванасць бюджэту, выплачваць своечасова і ў поўным аб’ёме заработную плату работнікам бюджэтнай сферы, здзяйсняць іншыя сацыяльна важныя выдаткі. Акрамя таго, паслужыла неблагой базай для бюджэту бягучага года.
А цяпер пра выдаткі. Шмат фінансавых укладанняў патрачана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы бюджэтных устаноў, будаўніцтва аб’ектаў гаспадарча-бытавога прызначэння і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Мяркуйце самі: больш чым 7 мільярдаў рублёў зрасходавана на рамонт аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы, Арэпіцкага, Залуззеўскага і Падлескага ФАПаў, Хмелеўскага СДК, устаноў адукацыі, спорткомплекса “Бадзёрасць”, глядзельнай залы гарадской дзіцячай школы мастацтваў.
Закуплены мікрааўтобус “Газель” для падвозу вучняў у школы, камп’ютарная тэхніка, мэбля, спортінвентар. У цэнтралізаваную бібліятэчную сетку раёна набыты аўтамабіль-чытальня, абноўлены сцэнічныя касцюмы для трох творчых калектываў, набыта сучаснае медыцынскае абсталяванне ў цэнтральную раённую бальніцу. І гэта яшчэ не ўсё пералічана, што змаглі зрабіць у мінулым годзе.
За кошт сродкаў раённага бюджэту зроблена мадэрнізацыя напорнага калектара ў горадзе, а таксама значная частка работ на водаправодна-каналізацыйных сетках у кварталах жылых забудоў “Коласаўскі” і “Камсамольскі” ў Жабінцы, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі на вуліцах Моладзевая і Зарэчная райцэнтра (на гэтыя мэты выдаткавана 9,3 мільярда рублёў). Адрамантаваны помнікі на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў на вул.Кірава ў горадзе (заменена скульптура салдата) і загінулым землякам у вёсцы Арэпічы.
— Раскажыце, калі ласка, як сфарміраваны бюджэт 2015 года.
— Фарміраванне бюджэту на бягучы фінансавы год, як і ў ранейшыя, рабілася на аснове паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, змяненняў падатковага заканадаўства, а таксама ацэнкі выканання бюджэту 2014 года. У сферы падатковага заканадаўства ўлічана індэксацыя на ўзровень інфляцыі асобных ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях, павелічэнне стаўкі падаходнага падатку з 12 да 13 працэнтаў і базавай велічыні да 180 тысяч рублёў.
З улікам гэтых падыходаў аб’ём яго на 2015 год вызначаны па даходах і расходах у суме 241,8 мільярда рублёў і запланаваны без дэфіцыту. А гэта значыць, што асноўны фінансавы план раёна максімальна збалансаваны з улікам рэсурсаў, што ёсць у рэгіёне, і дазволіць прафінансаваць прынятыя гарантаваныя сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы.
Структура даходаў бюджэту раёна на 2015 не мае істотных змяненняў. Асноўнымі крыніцамі, за кошт якіх ён фарміруецца, па-ранейшаму застаюцца наступныя падаткі: падаходны (36%), на дабаўленую вартасць (21,5%), на ўласнасць (падатак на нерухомасць і зямельны) (17,8%). Менавіта яны і забяспечваюць больш чым 80% паступленняў уласных даходаў.
У 2015 годзе ў бюджэт раёна з абласнога перадаюцца бязвыплатна 100,5 мільярда рублёў у выглядзе датацыі і субвенцый на развіццё сельскагаспадарчай галіны. Разам з тым, удзельная вага датацый, у параўнанні з леташняй, некалькі зніжаецца. Так што ёсць над чым працаваць у плане нарошчвання ўласнай рэсурснай базы бюджэту.
— У 2014 годзе павелічэнне ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць дазволіла прыцягнуць у мясцовы бюджэт дадатковыя сродкі. Папоўнілі яго і за кошт продажу зямельных участкаў, здачы ў арэнду маёмасці. Ці мяркуюцца сёлета падобныя ўнёскі?
— Павелічэнне ставак падаткаў з’яўляецца адной з асноўных крыніц дадатковых даходаў бюджэту. Толькі летась за кошт гэтага ён папоўніўся на 13,3 мільярда рублёў, што дазволіла, у першую чаргу, весці добраўпарадкаванне і працягваць будаўніцтва водаправодна-каналізацыйных сетак. Акрамя таго, 2 мільярды рублёў атрыманы ад продажу зямлі ў прыватную ўласнасць грамадзян і здачу ў арэнду, 400,9 мільёна руб. — ад продажу і здачы ў арэнду маёмасці раённай камунальнай уласнасці.
Дзеючым заканадаўствам прадугледжана магчымасць з 2015 года павялічваць стаўкі падатку на нерухомасць і зямельнага да 2,5 раза. Але, каб значна не абцяжарваць гэтую нагрузку, раённым Саветам дэпутатаў прынята рашэнне павелічэння ставак зямельнага падатку не па максімуму, а толькі да двух разоў (раней 1,5 — 1,8). Павелічэнне ставак падатку на нерухомасць для фізічных асобаў застаецца на леташнім узроўні. Работа па мабілізацыі даходаў бюджэту будзе працягвацца і сёлета.
— Назавіце першачарговыя выдаткі, на якія ідуць сродкі з раённага бюджэту.
— Гэта тыя, якім надаецца прыярытэт пры фінансаванні, нездарма ж яны называюцца першачарговымі: выплата заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы, трансферты насельніцтву, аплата камунальных плацяжоў, прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння, субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг. Складаюць гэтыя расходы каля 80 працэнтаў ад усіх бюджэтных выдаткаў.
Выплата заработнай платы — на асобым кантролі. Часам даводзіцца пачуць ад жабінкаўцаў, якія працуюць у бюджэтных галінах, што заробак атрымалі позна вечарам, таму што ў бюджэце, маўляў, няма сродкаў. Такога наогул быць не можа. Штодзённа спачатку робяцца адлічэнні на заработную плату, толькі пасля гэтага фінансуюцца іншыя расходы. Нават калі не хапае ўласных сродкаў, выдзяляецца датацыя з рэспубліканскага бюджэту. Іншая справа, што механізм праходжання грашовых сродкаў па лініі банкаў часам зацягваецца.
Хачу адзначыць, што пры фарміраванні бюджэту расходы на зарплату, медыкаменты, харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі, а таксама хворых, што знаходзяцца ў стацыянары, запланаваны ў поўным аб’ёме.
— Як і ў мінулыя гады захоўваецца сацыяльная накіраванасць бюджэту. Якая будзе сёлета фінансавая падпітка адукацыі, медыцыны, устаноў культуры і спорту?
— Асігнаванні на сацыяльную сферу застаюцца асноўным прыярытэтам бюджэтнай палітыкі. Выдаткі на забеспячэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, фізкультуры і спорту, культуры, сацыяльнай абароны насельніцтва складаюць 157,3 мільярда рублёў, альбо 64%. У сярэднім чакаецца прырост іх на 14% да мінулагодняга ўзроўню.
Сярод сацыяльна значных галін расходы на адукацыю і ахову здароўя займаюць найбольшую ўдзельную вагу. Так, на адукацыю запланавана патраціць 91,4 мільярда рублёў (38%). 70% ад усяго фінансавання гэтай галіны прыпадае на заработную плату і іншыя выплаты насельніцтву, што амаль на трэць вышэй узроўню 2014 года. Аб’ём прыросту асігнаванняў тут найбольшы — 22,6% да леташняга паказчыка.
Расходы на ахову здароўя — 44,4 мільярда рублёў (18% у агульным аб’ёме бюджэтных выдаткаў). У аснову разлікаў пакладзены мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на аднаго жыхара, які вызначаны для раёна ў суме 1748,7 тыс. руб. Не менш чым 40% сродкаў мяркуецца накіроўваць на аказанне медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах.
У бюджэце 2015 года на забеспячэнне функцыянавання дзеючай сеткі арганізацый культуры, падтрымку кіна-відэасеткі, правядзенне мерапрыемстваў і рэалізацыю культурных праграм прадугледжана 10,1 мільярда рублёў, што практычна на ўзроўні 2014 года, на развіццё фізкультуры і спорту — 3,9 мільярда з тэмпам росту 112% да леташняга.
— Святлана Мікалаеўна, а калі, напрыклад, выдзелена напачатку года фінансавая падтрымка, а да канца года яна была не выкарыстана. Скажам, нашай рэдакцыі на 2014 год вызначылі суму ў 110 мільёнаў рублёў, а патрацілі мы 45 мільёнаў. Куды ідуць сэканомленыя такім чынам грошы?
— Усё вельмі проста. Гэта амаль як у сямейным бюджэце: запланавалі што-небудзь купіць аднаму члену сям’і, а купілі за меншыя грошы — значыць, на сэканомленую суму можна набыць нешта іншаму ці расходаваць грошы на іншыя патрэбы альбо адкласці на будучыя пакупкі. Згодна з бюджэтным заканадаўствам сэканомленыя сродкі застаюцца ў раённым бюджэце і могуць быць патрачаны на фінансаванне іншых праектаў, запланаваных у бюджэце. А ў цэлым, вельмі нядрэнна, калі арганізацыя сама стараецца зарабляць грошы, за кошт чаго ўзровень бюджэтнага фінансавання зніжаецца. Шкада толькі, што летась з арганізацый, якім аказвалася дзяржаўная падтрымка, толькі па ўстанове рэдакцыі газеты знізіўся ўзровень фінансавання.
— Напэўна, не будзе выклю-чэннем і бягучы год у плане выдзялення бюджэтных сродкаў на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, пакрыццё расходаў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву.
— Так, у бюджэце захавана падтрымка насельніцтва ў паслугах жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2015 годзе на ЖКГ плануецца выдаткаваць каля 50 мільярдаў рублёў, а гэта 20,7% ад агульнага яго аб’ёму. Асноўныя выдаткі будуць накіраваны ў выглядзе субсідый на пакрыццё затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву па больш нізкіх тарыфах.
Запланавана 6,1 мільярда рублёў на бягучае добраўпарадкаванне населеных пунктаў, а гэта вулічнае асвятленне, азеляненне, рамонт і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі і інш, аднак да леташняга ўзроўню некалькі зніжаны лічбы. Разам з тым, як і ў папярэднія гады, будуць выдзяляцца фінансы на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый горада. На гэтыя мэты прадугледжаны асігнаванні ў суме аднаго мільярда рублёў.
У сёлетнім бюджэце ёсць і новыя пункты выдаткаў, а менавіта на будаўніцтва сацыяльнага і камерцыйнага жылля. Запланавана 2,8 мільярда рублёў. За гэтыя грошы плануецца пабудаваць 180 квадратных метраў жылля камерцыйнага выкарыстання на ўмовах дагавору найма жылога памяшкання і 80 квадратных метраў — сацыяльнага. Акрамя таго, на капітальны і бягучы рамонт жылога фонду намечана накіраваць 3,5 мільярда рублёў.
У раённым бюджэце на фінансаванне сацыяльна-значных пасажырскіх перавозак на гарадскіх і прыгарадных маршрутах прадугледжаны субсідыі ААТ “Брэсцкі аўтобусны парк” у суме 1,3 мільярда рублёў, што на 20% больш, чым у 2014 годзе. Указаны аб’ём бюджэтных асігнаванняў вызначаны зыходзячы з таго, што насельніцтва будзе кампенсаваць праезд у грамадскім транспарце не менш як 80% затрат на гарадскіх і 70% — прыгарадных перавозках.
— Колькі грошай закладзена ў мясцовым бюджэце на аказанне адраснай дапамогі, расходы па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання малых першых двух гадоў жыцця? Гэтыя сумы засталіся на тым жа ўзроўні, ці павялічаны, паменшаны?
— Сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва па-ранейшаму дзяржава надае пільную ўвагу. У бягучым годзе выдаткі на сацыяльную абарону павінны вырасці да леташняга ўзроўню на 11,3% і запланаваны ў суме 7,5 мільярда рублёў. На функцыянаванне ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання, выплат і дапамог апякунскім і прыёмным сем’ям прадугледжана 4,5 мільярда рублёў.
У рамках падтрыманых кіраўніком дзяржавы мераў сацыяльнай абароны сямей, якія выхоўваюць дзяцей, больш чым у два разы павялічваюцца выдаткі на забеспячэнне харчаваннем малых першых двух гадоў жыцця, аднаразовая матэрыяльная дапамога да навучальнага года сем’ям, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей, дапамогі ў забеспячэнні жыллём. Яны складуць 1,1 мільярда рублёў. На выплату дзяржаўнай адраснай сацыяльнай падтрымкі маламаёмасным грамадзянам і сем’ям прадугледжана 1,2 мільярда рублёў з ростам 22,5% да мінулагодняга ўзроўню.
— Як галоўны фінансіст раёна падкажыце, калі ласка, кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый, ды і ўвогуле ўсім грамадзянам, на чым можна сёння эканоміць і ў той жа час як не хадзіць з пустымі кішэнямі?
— Я не адкрыю Амерыку, калі скажу, што эканоміць патрэбна на тых расходах, без якіх можна абысціся, альбо траціць у меншых памерах. Статыстыка сведчыць, што апошнім часам насельніцтва, не задумваючыся, шмат выкладвае грошай на мабільную сувязь, расце ўжыванне алкагольнай прадукцыі. Мы мала рухаемся, а ўсё больш ездзім на аўтамабілях, а гэта — транспартныя выдаткі. Не ўмеем яшчэ зберагаць электраэнергію, газ, ваду… На мой погляд, не патрэбна эканоміць на здароўі і ведах. Нездарма ж адукацыя і ахова здароўя — асноўныя галіны ў бюджэце!
— Што б вы хацелі пажадаць жабінкаўцам?
— Ведаеце, слова “бюджэт” у перакладзедзе з нармандскага азначае “мех”, “кішэня”. Таму жадаю нашым грамадзянам, каб іх кішэні не былі пустымі, бо ад дабрабыту людзей, фінансавай стабільнасці нашых прадпрыемстваў і арганізацый залежыць, якім будзе грамадскі “мех” — бюджэт.
А яшчэ здароўя, міру і дабра вам, дарагія жабінкаўцы, таго, чаго не купіш ні за якія грошы!
Інтэрв’ю правяла Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top