Даць рады “шалёнаму” вірусу

Даць рады “шалёнаму” вірусу

IMG_3351

Небяспека, як правіла, падкрадваецца адтуль і тады, адкуль і калі яе менш за ўсё чакаеш. Дый увагі не звяртаеш на яе някідкія прыкметы. Падумаеш — крыху занядужала кацяня! У дзверы ўжо стукаецца Новы год, хапае прыемных турботаў… Аднак турбота непрыемная перавысіла ўсе астатнія!
Падрабязнасці — у загадчыка жабінкаўскай участковай ветэрынарнай лячэбніцы Аляксея Аляксеевіча Ячніка, з кім гутарым у ягоным службовым кабінеце.
— Мне пазванілі на хатні телефон 31-га снежня а дзявятай гадзіне вечара. Гаспадыня дома, што на вуліцы Матыкальская, Наталля Адамаўна Юрчук паведала: у іх загінула чатырохмесячная кошка, і ёсць падазрэнне, што ад невылечнай хваробы — шаленства. Неўзабаве прыслала сына з машынай, і я прыехаў на месца. Было відавочна: трывога небеспадстаўная. Пра здарэнне патэлефанаваў галоўнаму ветурачу раёна Васілю Фёдаравічу Кавальчуку, і ён звязаўся з абласной ветлабараторыяй. Нежывое кацяня з захаваннем правілаў перасцярогі я забраў у сваю лячэбніцу, а ўранку завёз яго ў лабараторыю. Пад канец таго ж, навагодняга, дня брэсцкія спецыялісты далі станоўчы вынік: кацяня заражана вірусам шаленства.
Дакладнымі былі і далейшыя захады дактароў. У раённай бальніцы неадкладна правакцынавалі ўсіх, малых і дарослых, хто так ці інакш судакранаўся з хворым кацянём, і склалі схему новых прышчэпак. 2-га студзеня райсанэпідэмстанцыяй была праведзена дэзынфекцыя памяшканняў, а наша ветслужба зрабіла падворны абход у зоне магчымага заражэння. Мы ўвялі вакцыну супраць шаленства амаль сотні катоў і сабак на азначанай тэрыторыі. Ну, а дарослую кошку Юрчукоў, якая не была ізаляваная ад кацяняці, давялося яшчэ першага дня ўсыпіць (прыбегнуць да эўтаназіі).
— Гэтулькі засцярогі праз адно кацяня? Хто не вельмі дасведчаны ў шаленстве жывёлы, той і не падумаў бы, што ўсё так сур’ёзна.
— Яшчэ як сур’ёзна, бо гаворка ж пра зберажэнне людскіх жыццяў! Самае страшнае, што шаленства не паддаецца лячэнню, схоўны перыяд захворвання можа працягвацца да года, у залежнасці ад стану імуннай сістэмы арганізма, і заканчваецца лятальным зыходам. Іншага, на жаль, яшчэ не дадзена, пра што сведчыць, напрыклад, даўні выпадак на Гродзеншчыне: ад гэтай невылечнай хваробы чалавек памёр акурат праз год.
— Жабінкаўскай гаспадыні ўдалося распазнаць сімптомы захворвання на шаленства ў свайго гадаванца. Якія яны наогул?
— Дзякуй ёй перш за ўсё за аператыўнасць, за своечасовы тэлефонны званок. У Наталлі Адамаўны прафесійнае чуццё: яна медык. Да таго ж яна зверыла свае падазрэнні з адпаведным сайтам інтэрнэта. А здагадацца пра вірус шаленства было няпроста: кацяня жыло ў хаце, нікуды не выходзіла. Хутчэй за ўсё прычына ў кошцы-маці: раптам палявала там, дзе мышкавалі лісіцы? Менавіта ад дзікай прыроды заражаюцца вірусам свойскія жывёліны.
Што да сімптомаў заражэння, дык асноўныя такія: каты і сабакі робяцца агрэсіўнымі, у іх паяўляюцца сутаргі і моцнае слінавыдзяленне. Існуе, праўда, і ціхая форма шаленства — без агрэсіі, калі, наадварот, хворы чацвераногі шукае ласкі ў гаспадара. У любым выпадку вірус перадаецца чалавеку. Сімптомы ў людзей прыкладна такія, што і ў жывёл, і канец пакутаў адзін і той жа: смерць. Вось чаму так важна пры самым малым падазрэнні на вірус звярнуцца да дактароў.
— Вы маеце на ўвазе той момант, калі вірус западозраны ў чацве-раногага гадаванца?
— Так, пасля можа быць позна для чалавека. Вашага гадаванца пакусаў бяздомны сабака ці кот, а тым болей дзікі звер, і гэта ўжо вялікая падстава для трывогі.
— Як і куды звяртацца?
— У ветэрынарную службу там, дзе чалавек жыве: гараджане — да нас, вяскоўцы — у азяцкую і сцяпанкаўскую ўчастковыя ветлячэбніцы. А ў прынцыпе можна звярнуцца і да медыкаў, і да эпідэміёлагаў, мы працуем з імі ў цесным кантакце. Свежы прыклад. Зараз я вяду назіранні за кошкаю, якая пакусала сваю гаспадыню. Жанчына прыйшла да хірурга, той паведаміў пра выпадак у санэпідэмстанцыю, адтуль да справы далучылі нас. Пакуль вядуцца назіранні за кошкаю, гаспадыня будзе праходзіць прафілактычную вакцынацыю. Мяркую, што заключэнне суцешыць — клінічных прыкметаў шаленства не выяўлена, аднак усе гэтыя захады вельмі неабходныя.
— Якая існуе прафілактыка шаленства жывёл і як яна ажыццяўляецца ў раёне?
— Правілы ўтрымання сабак і кошак патрабуюць найперш рэгістрацыі гадаванцаў у райжылкамунгасе, а вяскоўцамі — у сваіх сельвыканкамах. Калі б патрабаванне строга выконвалася, гэта значна аблегчыла б працу ветслужбы ў пагалоўнай вакцынацыі жывёл супраць шаленства. Рэгістрацыйныя спісы, на жаль, няпоўныя, і ў нас няма магчымасці для належнага кантролю. А між тым, згодна з правіламі, кожны ўладальнік катоў і сабак абавязаны сам, без напаміну, штогод дастаўляць сваіх гадаванцаў для прышчэпак, якія, дарэчы, райветстанцыя робіць за дзяржаўны кошт. Але зноў жа — даволі часта натыкаешся на людскую абыякавасць. Нават тады, калі накладзены каранцін на населены пункт або яго частку і праводзіцца падворны абход, можна пачуць ад гаспадара, асабліва немаладога: вам трэба, вы і лавіце сабаку… Такое стаўленне выклікае жаль і абурэнне.
— Відавочна, людзі не да канца разумеюць небяспечнасць “шалёнага” віруса. Што ў заключэнне хацелі б сказаць ім праз газету?
— Хачу падкрэсліць: пакуль хвароба застаецца невылечнай, штогодняя прафілактычная вакцынацыя сабак і кошак — вось той дзейсны сродак, які аберагае нас ад смяротнай небяспекі. На барацьбу з шаленствам жывёлы дзяржава траціць немалыя сродкі, прадугледжвае строгую адміністрацыйную адказнасць за парушэнне правілаў утрымання свойскіх гадаванцаў, але найважней — каб людзі глыбока ўсвядомілі, чым яны рызыкуюць праз сваю абыякавасць.
Хачу паведаміць нашы кантактныя тэлефоны: жабінкаўская ўчастковая лячэбніца 2-17-71, азяцкая — 33-1-47, сцяпанкаўская 36-3-48.
Гутарыў Кастусь АЛЕСІЧ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top