Каб мацнелі дух і цела

Каб мацнелі дух і цела

сканирование0003

Штогод 19 студзеня праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з найбольш важных хрысціянскіх святаў — Вадохрышча, якім завяршаюцца Каляды.
Сёння многія стараюцца трымацца духоўнай спадчыны, разумеючы, што вера дазваляе мацаваць і дух, і цела. Напярэдадні вялікага царкоўнага свята сустрэўся з былым лётчыкам марской авіяцыі палкоўнікам у запасе М.У.Піліпчуком. Мікалай Уладзіміравіч — наш зямляк, нарадзіўся ў невялічкай вёсцы Шадзі, дзяцінства і юнацтва правёў у бацькоўскім доме ў Пад-рэччы, цяпер ужо сёмы год жыве ў Жабінцы. Ён не проста прыхільнік здаровага ладу жыцця, але традыцыйна на Вадохрышча наведвае святыя мясціны, дзе нязменна акунаецца ў купелі. Пра гэта і пайшла размова.
— Мікалай Уладзіміравіч, як даўно ў вас узнікла такое жаданне? Штуршком сталі рэлігійныя перакананні?
— Не зусім так. Усё пачалося ў перабудовачныя часы і было выклікана практычнай неабходнасцю. Справа ў тым, што ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя пачасціліся выпадкі гібелі лётчыкаў пры катапультаванні на ваду. Гінулі хлопцы ад пераахала-джэння. Нават трэніраваны арганізм мог вытрымаць у сцюдзёнай вадзе, напрыклад, Балтыйскага мора не больш за паўгадзіны.
У 1986 ці 1987 годзе адбыўся трагічны выпадак на Далёкім Усходзе. Пры аварыі прывадніўся экіпаж баявой машыны, і хоць лётчыкі ратаваліся на гумавай лодцы, трапіўшы ў воды суровага мора, загінулі ўсе, акрамя капітана карабля, які аказаўся найбольш маральна і фізічна падрыхтаваным да няштатнай сітуацыі. Праз 17 гадзін яго падняла на борт падлодка.
Мне давялося служыць тады на Пскоўшчыне. У часці вырашылі, што трэба абавязкова зрабіць высновы з таго выпадку і пачаць трэніроўкі. Высеклі на возеры Гарохавае палонку, у якую і акуналіся. Неяк супала, што гэта было на Вадохрышча. З таго часу і павялося.
— Якую карысць гэта прыносіла?
— Заўважыў, што ў лётнага саставу прыкметна зменшылася колькасць прастудных захворванняў. Адчуў змены і ва ўласным самаадчуванні: толькі раз акунуся ў гэты дзень — і год не хварэю! Лічу, адбываецца патрэбная арганізму загартоўка, прычым, не толькі цялесная.
Калі выйшаў у адстаўку і ў 2008-ым пераехаў у Жабінку, стаў агітаваць і іншых да гэтага занятку. Склалася “каманда”, якая штогод узімку акунаецца ў купель. Сярод найбольш частых маіх спадарожнікаў — пляменнікі Антон і Марына Балакеры, якія жывуць у Жабінцы, далучаюцца і некаторыя супрацоўнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзе працуе мая сястра Вольга Уладзіміраўна.
— Куды звычайна накіроўваецеся ў гэты дзень?
— Ездзім на Камянеччыну ў Дымнікі, дзе месціцца жаночы манастыр. Там зроблена купель, адкуль б’е крынічная, вельмі гаючая вада. Крынічка ўладкаваная. Месцы цудоўныя, намоленыя, адчуваецца прысутнасць нейкай святасці. Заўважыў, калі ўжываць гэтую ваду, ачышчаецца страўнік і ўвогуле ўзнімаецца жыццёвы тонус ды настрой.
Звычайна выбіраемся ў дарогу на світанку, да поўдня наведваем урачыстую службу ў прыхадской царкве. Асвяціўшы ваду, свяшчэннік разам з вернікамі рухаецца да купелі, у якую апускае крыж, пасля гэтага дазваляецца купанне.
— Відаць, гэта няпроста — ступіць у студню. Асабліва ў першы раз… Увогуле, якія адчуванні ўзнікаюць, калі выходзіш з халоднай купелі?
— Цікава ў дарозе назіраць за тымі, хто едзе побач (смяецца). Той, хто ведае, што ў ваду не палезе, сядзіць вясёлы, жартуе. Зусім па-іншаму паво-дзяць сябе тыя, хто ўсё ж збіраецца зрабіць той крок, пра які вы гаворыце. Твары напружаныя, сур’ёзныя, трохі нервовыя… Такія я бачыў раней у курсантаў-першагодкаў, якім вось-вось скакаць з парашута!
Калі казаць пра ўласныя адчуванні, яны сапраўды святочныя. Тройчы акунешся, перахрысціўшыся, а як нарэшце выходзіш і абціраешся, адчуваеш не холад, а цеплыню. Яшчэ цікава назіраць, як некаторыя бацькі акунаюць у сцюдзёную купель сваіх малых. Калі дзіця выцягваюць, бачна, што ў першае імгненне яно хоча расплакацца, аднак адразу спыняецца, трапляючы ў клапатлівыя рукі матулі, што загортвае маленькага ў ручнік, і замест слёз на тварыку раптам расплываецца ўсмешка.
— Якім бывае шлях назад? Відаць, па дарозе дамоў ужо не бывае пахмурных твараў…
— Нярэдка на адваротным шляху наведваем малую радзіму — вёску Пад-рэчча. Утульна, быццам у дзяцінстве, пасядзець ра-зам ля напаленай сялянскай печы, паразмаўляць, згадваючы розныя моманты жыцця і блізкіх нам людзей. Гэтак незвычайнае падарожжа да святых мясцін мацуе і аб’ядноўвае, дазваляе акунуцца… у мінулае…
Кожнаму раю зразумець: гэта — патрэбная рэч, выратавальная. Паколькі і духам маладзееш, і целам. Хваробы, якія не дазваляюць жыць гарманічна, некуды адступаюць, і адчуваеш, наколькі светлы белы Свет.
Жадаю ўсім здароўя і шчасця на доўгія гады!
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Мікалай Піліпчук зноў чакае асвечанае купелі на Вадохрышча.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top