_DSC9605За прафесійнае майстэрства

13 студзеня  рэдакцыю “Сельскай праўды” завіталі начальнік раённага вузла паштовай сувязі Людміла Саўчук і старшы інструктар у эксплуатацыйных, вытворча-тэхнічных і арганізацыйных пытаннях Лідзія Хмарук. Іх візіт быў невыпадковы. Супрацоўніцы РУП “Белпошта” павіншавалі нашу калегу, рэдактара раённага радыё Алёну Ніканчук, якая стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Людзі пошты” ў намінацыі “За прафесійнае майстэрства”. Дарэчы, Лідзія Хмарук — гераіня яе матэрыяла “Дарога на ўсё жыццё”, які быў высока ацэнены журы.
На сходзе калектыву рэдакцыі Алёне Ніканчук было ўручана Пісьмо падзякі і падарунак ад РУП “Белпошта”.

“Калядныя” парсючкі

У работнікаў свінакомплексу, які належыць ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, “вытворчая прыбаўка”: 5 студзеня нарадзіліся першыя парасяты.
— Пачалі прымаць апаросы ў свінаматак з першай секцыі, — кажа начальнік комплексу Вячаслаў Віктаравіч Карнялюк. — Гэта доўгачаканы вынік нашай работы. Кругласутачна кантралююць працэс тры ветфельчары і аператар па доглядзе за жывёлай. Першыя парасяты і свінаматкі адчуваюць сябе выдатна. Парадзіхам, якія знаходзяцца ў спецыяльных індывідуальных станках, і маладняку створаны камфортныя ўмовы: тут чыстая падлога з падагрэвам, кормяцца спецыяльным камбікормам, камфортная тэмпература паветра. Па тэхналогіі парасятам своечасова купіруем хвосцікі. Першыя 28 дзён сасуны знаходзяцца пад бокам свінаматкі, а потым пераводзяцца ў іншыя секцыі дарошчвання і адкорму. Каб дасягнуць забойнай вагі ў 110-115 кілаграмаў, маладняку спатрэбіцца ўсяго каля 6 месяцаў.

Пацярпелі ад ветру

Моцны вецер за некалькі дзён нанёс урон збудаванням нашага раёна. Так, супрацоўнікам выратавальнай службы давялося прыбіраць з дарогі паваленыя дрэвы. З-за таго, што на правады ліній электраперадач падалі абламаныя галіны дрэў, заставаліся без электразабеспячэння некаторыя дамы ў аграгарадку Азяты і вёсцы Старое Сяло. Усе 13 заявак манцёры раёна электрасетак выканалі ў максімальна сціслыя тэрміны.
Парывісты вецер папсаваў дахі некаторых ферм. Так, на даху цялятніка “Карды” СВК “Маціевічы” было знішчана каля 30 лістоў шыферу, а на МТФ “Бараны” ПУАП “Азяты” амаль 150. Аднаўленчыя работы вядуцца сіламі гаспадарак.

За ўрон дарогам — штрафы

— Спецыялістамі аддзела вагагабарытнага кантролю і КП-ПВГК “Федзькавічы” філіяла транспартнай інспекцыі ў Брэсцкай вобласці летась было праверана 12365 транспартных сродкаў і выяўлена 3411 парушэнняў заканадаўства ў сферы транспартнай дзейнасці, — сказаў начальнік Васіль Галюнчык. — Асноўныя віды парушэнняў — гэта рух цяжкавагавых буйнагабарытных аўтамабіляў без спецыяльнага дазволу і парушэнні рэжымаў працы і адпачынку кіроўцаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі. За мінулы год спецыялісты прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 3173 вадзіцеляў, якія заплацілі штрафаў на суму 4,196 мільярда рублёў. А яшчэ выявілі 832 выпадкі руху транспарту з перавышэннем вагагабарытных параметраў, без спецыяльнага дазволу. З іх уладальнікаў спагнана 2,091 мільярда рублёў за ўрон, нанесены аўтамабільным дарогам агульнага карыстання.

Акцыя “Быт”

Дрэннае сямейнае становішча і звязанае з ім злоўжыванне грамадзянамі алкаголю наносіць непапраўную шкоду інстытуту сям’і, не дае магчымасці паўнацэнна развівацца непаўнагадовым і ў канчатковым выніку прыводзіць да трагічных выпадкаў. У сферы сямейна-бытавых адносін здзяйсняецца кожнае трэцяе забойства і кожнае чацвёртае наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. А таму з 12 па 19 студзеня ў раёне праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Быт”. Калі вам стала нешта вядома аб фактах насілля ў сям’і, невыканання бацькамі абавязкаў у выхаванні дзяцей, вы можаце аб гэтым паведаміць у раённы аддзел унутраных спраў.
Кантактныя тэлефоны: 102, 2-12-76, 2-20-96.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top