На варце жыцця і здароўя людзей

На варце жыцця і здароўя людзей

IMG_1243

Выратавальнікі-пажарныя — байцы мірнага часу. Яны ў складаныя моманты — на варце жыцця і здароўя людзей, папярэджваюць і ліквідуюць надзвычайныя сітуацыі і іх вынікі, аказваюць дапамогу тым, з кім адбылося няшчасце.
Баец пажарнага каравула ў аранжавай форме, са шлемам на галаве і пажарным ствалом у руках, які адважна кідаецца на барацьбу з полымем, выратоўвае людзей, жывёлу і маёмасць, — для многіх юнакоў сапраўдны герой, мара, таму яны выбіраюць службу пажарнага сваім жыццёвым шляхам.

У выратавальнікі пайшоў

Была гэтая мара і ў Аляксандра Куліка. Ён заўсёды лічыў прафесію выратавальніка-пажарнага высакароднай і запатрабаванай. У 1998 годзе юнак скончыў Ленінскую сярэднюю школу і паступіў у Вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча МУС Рэспублікі Беларусь у Мінску. Потым установу перайменавалі, і заканчваў Аляксандр Кулік у 2003–м ужо Мінскі камандна-інжынерны інстытут. Пасля атрымання дыплома працаваў у Жабінцы інспектарам у інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду раённага аддзела надзвычайных сітуацый. Аднак прага да ведаў і жаданне павысіць кваліфікацыю зноў прывялі ў сталіцу. У 2004 годзе паступіў на камандны факультэт Мінскага камандна-інжынернага інстытута і паспяхова яго скончыў.
Пайшоў дзявяты год, як Аляксандр Кулік працуе намеснікам начальніка ў аператыўна-тактычнай рабоце Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый. Галоўны яго абавязак — забеспячэнне баявой гатоўнасці падраздзяленняў, дзяжурных каравулаў.
— Мая работа заключаецца ў падрыхтоўцы асабістага саставу, арганізацыі тэарэтычных і практычных заняткаў з байцамі, тактыка-спецыяльных вучэнняў, — расказвае Аляксандр. — Кантралюю пытанні пажарнай бяспекі пад час правядзення сельскагаспадарчых работ, масавых мерапрыемстваў і святаў. Вось літаральна свежы прыклад. У навагоднюю ноч на пункт дзяжурнага паступіў выклік аб пажары на вуліцы З.Бядулі ў мікрараёне цукровага завода. На шчасце, гарэў не дом. Ад выпушчанай петарды, якая трапіла ў кантэйнер, успыхнула смецце. Маглі загарэцца гаспадарчыя пабудовы і дом, калі б не пажарныя, якія аператыўна прыехалі паводле выкліку і своечасова ліквідавалі загаранне.
У саставе дзяжурнага каравула Аляксандру Куліку неаднойчы даводзілася выязджаць на месцы дарожна-транспартных здарэнняў і кіраваць дэблакіроўкай вадзіцеляў і пасажыраў.
— Заўсёды хочацца вызваліць людзей як мага хутчэй, таму што часам лік ідзе не на хвіліны, а на секунды, і ад умелых і зладжаных дзеянняў выратавальнікаў залежыць чалавечае жыццё. Нашы байцы праходзяць сур’ёзную псіхалагічную падрыхтоўку, таму што выгляд крыві, адкрытых ран пры ДТЗ і абгарэлых целаў пры пажарах не для слабых нервамі, — гаворыць ён.
Аляксандр Кулік адзначае, што, каб трапіць на службу ў раённы аддзел надзвычайных сітуацый, неабходна прайсці сур’ёзны конкурсны адбор. Выратавальнікі-пажарныя павінны ўмець цвяроза ацэньваць сітуацыю, разумець усю адказнасць сваіх учынкаў, рызыку.
— Мой абавязак — падрыхтаваць байцоў-вогняборцаў да тушэння пажару, а таксама забяспечыць матэрыяльна-тэхнічную базу, — працягвае Аляксандр Кулік. — Тэхніка пажарных павінна быць адрамантавана і гатова да прымянення ў любую хвіліну. У надзвычайных сітуацыях выратавальнікам неабходна правільна прымаць рашэнні, першачарговая задача — выратаваць людзей. Як кіраўнік працэсу тушэння пажару, я адказваю не толькі за яго паспяховую ліквідацыю, але і за жыццё і здароўе сваёй каманды. Дарэчы, працаваць выратавальнікі-вогняборцы могуць толькі ў камандзе, бо, як кажуць, адзін у полі — не воін.

Надзейны тыл, надзейная падтрымка

Дома ў Аляксандра Куліка таксама надзейная каманда, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Ён адчувае падтрымку бацькоў, удзячны сваёй жонцы за разуменне і забеспячэнне “надзейнага тылу”. Юлія, цырульнік па прафесіі, зараз у дэкрэтным адпачынку: малодшай дачцэ Уладзіславе нядаўна споўніўся месяц. Старэйшай Варвары 5 гадоў.
— Сям’я — гэта тая “аддушына”, якая дае сілы, дзе я адпачываю душой, — дзеліцца Аляксандр Кулік. — Люблю праводзіць час з дзецьмі, гуляць з сабакам. Ёсць у мяне і вуды, але рэдка выдаецца магчымасць парыбаліць. Дарэчы, купілі нядаўна акварыум — гэта адзін з найлепшых заспакаяльных сродкаў, за рыбкамі можна назіраць гадзінамі.

Утульна Куліку ў Жабінцы

Вядомая прыказка распавядае, што “кожны кулік сваё балота хваліць”. Аляксандру Куліку падабаецца ціхая, утульная, прыгожая Жабінка (зараз гэта зусім не балота, а горад-спадарожнік Брэста, але ўзнікненне назвы адсылае нас да жабак і расліны жабніку). За свае 33 гады Аляксандру давялося пажыць і ў Мінску, калі вучыўся, і ў Брэсце, калі ажаніўся. У 2010-м маладая сям’я атрымала кватэру ў Жабінцы.
— У абласным цэнтры большыя магчымасці для развіцця дзяцей: шматлікія танцавальныя студыі, музычныя школы, аб’яднанні па фізічнай падрыхтоўцы, іншае. Вялікі выбар усяго. Аднак у райцэнтры спакайней: няма такой гарадской мітусні, нервознасці, тут размераная плынь жыцця. Я люблю Жабінку, — распавядае А.Кулік.
Любіць Аляксандр і сваю прафесію, нягледзячы на яе складанасць. Бо служба ў райаддзеле надзвычайных сітуацый — адказная і пачэсная.
Алег БУТРЫМ, начальнік райаддзела надзвычайных сітуацый.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top