Чатыры сонейкі Алёны і Рамана

Чатыры сонейкі Алёны і Рамана

IMG_1167

У 2014 годзе ў нашым раёне зарэгістраваны натуральны прырост насельніцтва. Нарэшце нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Такога не назіралася з 1989 года. Яшчэ адзін радасны факт: на Жабінкаўшчыне расце колькасць шматдзетных сем’яў. Чаму? Маладыя людзі адчуваюць клопат і падтрымку з боку дзяржавы, мясцовых органаў улады. У першую чаргу, гэта магчымасць атрымаць льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля. Сярод іх — шматдзетная сям’я Алёны і Рамана Халіман, што жыве ў раённым цэнтры.
Алёна Халіман (у дзявоцтве Піліповіч) нарадзілася 14 кастрычніка — у Дзень маці. Відаць, невыпадкова ў гэты дзень: стаць маці чатыры разы за свае 27 ёй было прадвызначана лёсам. У сям’і Алёны і Рамана растуць дачушкі-прыгажунькі: васьмігадовая Аня, шасцігадовая Саша, трохгадовая Даша, самай малодшанькай Танечцы хутка споўніцца паўтара годзіка. Пра іх я й пагутарыла з маладой мамай.
— Якія вашы дзяўчынкі? Ці падобныя характарамі?
— Усе розныя. Аня самая наравістая. Калі нешта не хоча рабіць — не прымусіш. У яе на ўсё сваё меркаванне. Любіць адзіноту, можа абурацца, калі парушаем яе прастору.
Саша больш ласкавая і пакладзістая, паддаецца ўгаворам, рэагуе на просьбы. Любіць быць у цэнтры ўвагі. Калі раней першынство аддавала старэйшай сястры, то цяпер сама імкнецца да лідарства. З-за гэтага і ўзнікаюць паміж імі спрэчкі.
Даша з падазронасцю і недаверам адносіцца да незнаёмых людзей, доўга не ідзе на кантакт. Не любіць размаўляць з дарослымі, перавагу аддае равеснікам. Але калі справа даходзіць да гульні, любімымі цацкамі не хоча дзяліцца, гуляе з імі сама.
Танечка ходзіць “хвосцікам” за мамай, без мяне не хоча надоўга ні з кім заставацца.
Розныя мае дачушкі па характарах, але іх аб’ядноўвае адно: яны сапраўдныя дзяўчынкі —
модніцы, любяць сукенкі і спаднічкі. Маюць сваю касметыку, у іх шмат прыгожых банцікаў, прыколак.
— Да чаго праяўляюць здольнасці? Чым любяць займацца?
— Аня з задавальненнем малюе. Наведвае школьны гурток малявання, якім кіруе Ірына Анатольеўна Бялавенцава. З усіх прадметаў падабаецца матэматыка.
Саша ўся ў падрыхтоўцы да школы, сёлета яна ідзе ў першы клас. Каля старэйшай сястры навучылася чытаць. Асільвае загалоўкі ў газетах, ведае на памяць “Муху-цакатуху”, якую любіць дэкламаваць. Па прыродзе сваёй гнуткая, лёгка зробіць мосцік, лежачы на жываце, нагамі дастане да галавы. Таму ў планах — аддаць яе на танцы ў школу мастацтваў.
Дашка апошнім часам усюды са сваім улюбёным Віні-Пухам, які ўмее гаварыць. Убачыла аднойчы ў магазіне і з рук ужо не выпусціла. З ім кладзецца спаць, садзіцца за абедзенны стол, ходзіць у сад.
Танечка любіць музыку, пачуўшы вясёлую песню, пачынае прытанцоўваць. Спыніць плач, супакоіць яе можа музычны канал, які неаднойчы выратоўваў нас вось у такіх “слязлівых” сітуацыях.
— А гаспадынькі якія? Дапамагаюць у хатніх справах?
— Аня добра пыласосіць. Саша ўмела спраўляецца са швабрай, калі мые падлогу. Дашка можа пачысціць яйкі, калі рыхтуем салаты. Разам з задавальненнем дапамагаюць бабулі ў прыгатаванні тортаў.
— Ці пераборлівыя ў ежы? Не здараецца так, што кожнай дачушцы патрэбна гатаваць асобна?
— Усім даспадобы мой суп з фрыкадэлькамі. Меншыя дзяўчынкі ўсяядныя, а вось старэйшыя ўжо праяўляюць свае густы. Так Ганначка перавагу аддае аўсянай кашы і адбіўным, а Аляксандра — маннай і катлетам.
— Хто з дзяўчынак больш блізкі да таты?
— Магу сказаць так: татава дачка — Даша. Ахвотна ходзіць з ім на рыбалку, першай адгукаецца на просьбы, каб дапамагчы. У іх асаблівая любоў і паразуменне.
— А як выбіралі дзецям імёны?
— Старэйшых Ганначку і Аляксандру назвалі па святцах. Дар’і імя выбралі абодва дзядулі. А вось малодшая Танечка названа ў гонар урача-акушэра Кобрынскай бальніцы Таццяны Аляксееўны Водчыц, якая прымала ў мяне роды.
Аб сваіх дзецях матулі могуць расказваць бясконца, у гэтым я ўпэўнілася пад час гутаркі з Алёнай Халіман.
Са сваім будучым мужам — берасцейцам Раманам — пазнаёмілася ў 14 гадоў. Хлопец ніколі не лічыў Брэст родным горадам, хоць і вучыўся там у сярэдняй школе №7, а потым у чыгуначным каледжы. Чаму? Бо ўсе выхадныя і канікулы праводзіў у бабулі Лідзіі Рыгораўны Даўгялюк на вуліцы Лугавая ў Жабінцы. Былі тут і свае сябры, і любімыя сэрцу мясціны. З цягам часу з’явілася і каханая дзяўчына: сяброўства з Алёнай Піліповіч перарасло ў моцнае пачуццё. Паўтара гады сур’ёзных адносінаў. Многа? Мала? Маладыя людзі вырашылі пажаніцца. Алёне было 18, яна якраз закончыла Брэсцкае швейнае вучылішча №26, атрымала спецыяльнасць “краўчыха лёгкага адзення”. Раману — 19. Бацькі не былі супраць шлюбу: бачылі, наколькі моцна кахаюць адзін аднаго іх дзеці. Вяселле згулялі 3 чэрвеня 2006 года — шумнае, вялікае, вясёлае. Сумеснае жыццё пачалі ў Брэсце, у бацькоў Рамана. Два з паловай гады адпрацаваў малады муж і тата на Брэсцкай чыгунцы манцёрам пуці, у горадзе над Бугам нарадзіліся Ганначка і Аляксандра. У 2008-м маладая сям’я пераехала ў Жабінку, вельмі хацелася вярнуцца ў любімы горад, у якім пазнаёміліся, пакахаліся. Алёну і Рамана ніколі не вабілі мегаполісы, падабаліся гарады ціхія, утульныя, зялёныя. Спачатку жылі з бабуляй на вуліцы Зарэчная, а тры гады таму пераехалі ў новую трохпакаёвую кааператыўную кватэру, што на вуліцы Кірава, 111.
Дом пачынаў будавацца ў 2010 годзе, Халіманы былі ў статусе “маладой сям’і” і мелі права на атрыманне крэдыту пад 1% на 40 гадоў. Калі ў Алёны і Рамана ў 2011 годзе нарадзілася трэцяя дачушка, сям’я набыла статус шматдзетнай, і цяпер дзяржава пагашала 75% крэдыту. З моманту нараджэння чацвёртага дзіцяці ў 2013 годзе крэдыт поўнасцю пагашаецца дзяржавай.
У чэрвені 2015 года сям’я Халіман адзначыць фаянсавае, або рамонкавае, вяселле — дзевяць гадоў разам. За гэты час шмат чаго адбылося, здарылася: атрымалі сваё жыллё, Алёна завочна закончыла Брэсцкі чыгуначны каледж па спецыяльнасці “тэхнік у арганізацыі перавозак і ўпраўлення на чыгуначным транспарце” (толькі ў сувязі з нараджэннем дзяцей пакуль не было магчымасці папрацаваць), Раман таксама прадоўжыў вучобу — завочна скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, што ў Гомелі, пайшоў на павышэнне: ужо год як займае пасаду майстра вытворчага ўчастка Брэсцкай дыстанцыі абаронных лесанасаджэнняў. У яго падпарадкаванні 10 падначаленых.
У сям’і з’явіліся свае традыцыі: тут заўсёды адзначаюць Раство і Вялікдзень, разам рыхтуюць стравы да святочнага стала. Але самыя шчаслівыя моманты за гэтыя гады, безумоўна, нараджэнне дзяцей.
Пытаюся ў Алёны:
— Цяжка з чатырма ўпраўляцца?
— Цяжка, калі хварэюць, а калі здаровенькія, то якія цяжкасці? Клопаты ва ўсіх матуль аднолькавыя: каб дзеткі паелі, не капрызнічалі, каб слухаліся, былі вясёлымі.
На развітанне цікаўлюся:
— Ці ёсць планы на будучае ў сям’і Халіман?
— Хочам у кватэры зрабіць рамонт, марым купіць машыну, каб да бабуляў і дзядуляў разам ездзіць у госці і… пабудаваць дом, каб усім у ім хапіла месца.
Мары абавязкова збудуцца і планы здзейсняцца, вунь колькі памочніц падрастае.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: Алёна і Раман Халіман з дачушкамі Аняй, Сашай, Дашай і маленькай Танечкай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top