На першым месцы заўсёды праца

На першым месцы заўсёды праца

IMG_1147

Напярэдадні святкавання 75-годдзя з дня ўтварэння Жабінкаўскага раёна сустрэлася з намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі СВК “Хмелева” Таццянай Мікалаеўнай Наўроцкай. Жанчына ўганаравана Граматай аблвыканкама за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Рыгор Антонавіч Казлякоўскі адзначае, што Таццяна Мікалаеўна Наўроцкая ўмее працаваць з людзьмі, яна — пісьменны, вопытны спецыяліст. Дарэчы, яны пачыналі працоўную дзейнасць разам — у 1976 годзе ў калгасе “Радзіма” (сёння СВК “Хмелева”). За плячамі Таццяны Наўроцкай — амаль чатыры дзясяткі гадоў працы ў роднай гаспадарцы.
— Таццяна Мікалаеўна, раскажыце пра пачатак вашага працоўнага шляху? Што паспрыяла выбару прафесіі?
— Гэта цікавая гісторыя. Мая маці працавала настаўніцай пачатковых класаў, і я ўвесь час ёю ганарылася, захаплялася і марыла пайсці яе дарогай. Аднак матуля забараніла мне паступаць у педагагічную ўстанову, прачытаўшы “лекцыю” аб складанасцях настаўніцкага хлеба. Назло бацькам я пайшла ў Пінскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які скончыла з “чырвоным” дыпломам. Паступіла на завочнае навучанне ў Гродзенскі аграрны інстытут, на выдатна абаранілася.
Пасля заканчэння тэхнікума мяне накіравалі ў Жабінкаўскі раён загадчыцай фермы “Хмелева” калгаса “Радзіма”. Хоць заўсёды любіла прыказку “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” і хацела вярнуцца пасля вучобы на Бярозаўшчыну. Цяпер не шкадую, што апынулася ў Хмелеве. Выйшла замуж, пусціла карані. І работу сваю — што самае галоўнае — палюбіла ад душы.
— Хто вам дапамагаў у станаўленні як спецыяліста?
— Першы мой настаўнік, які дапамагаў асвойваць азы прафесіі, — тагачасны галоўны заатэхнік Ірына Апанасаўна Арабей (у дзявоцтве Сайко). Вельмі ўдзячная ёй за тыя ўрокі мудрасці, чуласці, справядлівасці. Усё-такі працаваць прыходзілася больш з людзьмі, чым з жывёлай. Даваў парады, падтрымліваў і тагачасны старшыня гаспадаркі Сцяпан Наркісавіч Антановіч.
— Давайце параўнаем тагачасныя надоі і цяперашнія?
— Канечне, праца на ферме ў 80-я гады і зараз істотна адрозніваюцца. На змену даенню ў вёдры, утрыманню на прывязі, цяжкай фізічнай працы прыйшлі даільныя апараты, бяспрывязнае ўтрыманне, палепшаныя ўмовы працы даярак і цялятніц. Малочнатаварныя фермы перажылі рэканструкцыі. На маёй памяці ферма “Рудка” рэканструявалася чатыры разы.
Надоі ў розныя гады былі розныя. Памятаю, у тыя часы, калі старшынёй калгаса быў Віктар Мікалаевіч Сыч, мы займалі першыя месцы па многіх паказчыках. Аднак і зараз пры Барысу Уласавічу Парафенюку СВК “Хмелева” з’яўляецца адной з лепшых гаспадарак у раёне.
— Напэўна, не абысціся ў нашай гутарцы, каб не прыгадаць паказчыкі ў жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства зараз? На што робіцца стаўка?
— На 1 студзеня ў СВК “Хмелева” налічваецца 4868 галоў буйной рагатай жывёлы. У мінулым годзе надой на адну карову склаў 6241 кілаграм. Усяго надаілі звыш 8 тысяч тон малака і рэалізавалі больш за 600 тон мяса. Летась прадалі дзяржаве 93% малака вышэйшым гатункам і “экстра”.
Стаўку робім на якаснае, збалансаванае кармленне жывёлы. Як пакорміш, так і атрымаеш — і малако, і мяса. Нарыхтоўка кармоў, лічу, у нас на належным узроўні. Таму і вынікі неблагія.
— З якімі праблемамі вам даводзіцца сутыкацца?
— Самая галоўная — нізкая таварнасць малака. Многа яго застаецца ў гаспадарцы і ідзе на корм маладняку. Дрэнная саматыка, таму што шмат хворых і старых кароў.
— Таццяна Мікалаеўна, каго вы можаце адзначыць сярод жывёлаводаў? Чыёй працай задаволены?
— Добрыя паказчыкі ў цялятніц фермы “Рудка” Тамары Дзенісовіч і Людмілы Андрасюк, у цялятніц фермы “Падлессе” Ніны Міцкевіч, Ірыны Сенкевіч, Святланы Амельянюк. З даярак нікога не магу выдзеліць асобна, таму што працуюць калектывамі, неяк роўна.
— Хто ваш асноўны памочнік?
— Мая правая рука — галоўны заатэхнік гаспадаркі Віктар Іванавіч Максімук. Адукаваны спецыяліст, камунікабельны, адказны. Тлумачу яму ўсю спецыфіку сваёй працы, каб з цягам часу перадаць уласны фронт работ у яго рукі. Усё ж такі я ўжо тры гады працую на пенсіі, здароўе з кожным годам слабее і нервы таксама (смяецца). Трэба загадзя падрыхтаваць сабе маладую замену.
— Вы часта атрымлівалі ўзнагароды за сваю сумленную, старанную працу?
— Ведаеце, лепшая ўзнагарода для любой жанчыны — гэта яе дзеці. У мяне дзве дачкі — Наталля і Таццяна, абедзве медсёстры. У старэйшай трое дзетак, сям’я жыве ў Жабінцы. Малодшая з мужам аселі ў Брэсце, у іх гадуюцца сынок і дачушка. Я багатая на ўнукаў бабуля. Зараз разумею, што многа недадала сваім дзецям: усё жыццё на першым месцы была праца. Хочацца на ўнуках кампенсаваць тую ўвагу, любоў, клопат, якіх, мабыць, не хапала маім дочкам.
А калі гаварыць пра “папяровыя” ўзнагароды, то дома захоўваецца цэлая папка дыпломаў, грамат, падзячных лістоў. Апошняя па часе — Грамата райвыканкама да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу, што мне ўручылі летась. Але, напэўна, хваліцца імі не вельмі прыгожа, нясціпла.
Гутарыла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: намеснік старшыні па жывёлагадоўлі СВК “Хмелева” Т.М.Наўроцкая.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top