Візітоўка Жабінкаўшчыны

Візітоўка Жабінкаўшчыны

IMG_1209

“Малы залатнік, ды дарагі”, — гэтак у народзе гавораць пра нешта невялікае, але вельмі каштоўнае. Прымаўка цалкам падыходзіць да вызначэння Жабінкаўскага раёна. Нягледзячы на сціплыя памеры, наш край мае свае адметнасці і значныя дасягненні ў многіх сферах жыцця.
Па памерах Жабін-каўскі раён самы маленькі ў Рэспубліцы Беларусь. Пры гэтым наш край вызначаецца шматнацыянальнасцю: тут жывуць прадстаўнікі 28 народаў.
Жабінкаўшчыну зручна вылучае геаграфічнае становішча і развітая інфраструктура. Жабінкаўская дыстанцыя пуці — найбуйнейшая па працягласці галоўных пуцей на Беларускай чыгунцы. Штодня на станцыі Жабінка спыняюцца каля 70 пасажырскіх цягнікоў. Адсюль магчыма без усялякіх перасадак дабрацца да абласных цэнтраў Беларусі, Масквы і Санкт-Пецярбурга, Валгаграда і Новасібірска, Кіева або Сімферопаля. Раён прыкладна напалову падзяляе так званы “беларускі экватар” — галоўная аўтамагістраль краіны Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі.
Не толькі ў Беларусі, але й у блізкім і далёкім замежжы вядома прадукцыя “флагманаў нашай індустрыі” — цукровага і камбікормавага заводаў. Гэта і не дзіўна: зараз у Жабінцы перапрапрацоўваюць больш за 8000 тон цукровых буракоў у суткі, а жабінкаўскія камбікармы — своеасаблівы брэнд, з якім звязваюць выдатную якасць і шырокі асартымент харчовых дабавак для жывёлы, птушкі, рыбы.
Вядучай сельскагаспадарчай галіной на Жабінкаўшчыне стала жывёлагадоўля. Асабліва значныя поспехі ў вытворчасці малака: па ім наш край другі на Брэстчыне, займае ганаровы дзявяты радок сярод 118 раёнаў Беларусі.
Славу любому краю ствараюць яго людзі. Сярод нараджэнцаў Жабінкаўшчыны сапраўднай зоркай першай велічыні з’яўляецца першаадкрывальнік шматлікіх радовішчаў нафты і газу, акадэмік, прафесар, доктар геалагічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер шасці ордэнаў Леніна, лаўрэат трох дзяржаўных прэмій СССР і Расіі Андрэй Аляксеевіч Трафімук.
Увогуле, у раёне ганарацца сваімі ардэнаносцамі. Рознымі высокімі дзяржаўнымі адзнакамі ўганараваны працоўныя дасягненні 247 землякоў, у тым ліку 13 сталі кавалерамі найвышэйшай узнагароды Савецкага Саюза — ордэна Леніна.
Далёка за межамі раёна вядома творчасць жабінкаўскіх артыстаў, найперш дзевяці калектываў са званнем “народны” і “ўзорны”. У 2010 годзе юны спявак з Жабінкі Данііл Казлоў годна прадстаўляў Рэспубліку Беларусь на прэстыжным дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне”. Самабытны народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” ў 2013-ым быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта краіны.
У 2007 годзе Брэсцкім аблвыканкамам заснавана літаратурная прэмія імя У.А.Калесніка. Наш раён мае найбольшую колькасць лаўрэтаў гэтай прэміі: першымі ў 2008 годзе яе атрымалі Алесь Каско і Расціслаў Бензярук, затым Анатоль Бензярук (2009), Іван Арабейка (2012) і Анатоль Брытун (2014).
Наш край зберагае старадаўнія традыцыі, мае багатую духоўную спадчыну. У раёне 70 помнікаў гісторыі і культуры. З розных зямных куткоў у старажытнае Хмелева прыязджаюць вернікі, каб атрымаць блаславенне ад настаяцеля манастыра айца Серафіма. Раён вядомы мясцінамі, знітаванымі з імем славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі, ганарыцца дзясяткамі іншых слынных сваіх нараджэнцаў.
Каб выдатна адпачыць і падлячыцца, госці з дзясяткаў краін свету наведваюць Жабінкаўшчыну. Тут, у цудоўным сасновым бары, месцяцца санаторыі “Буг”, “Надзея”, іншыя месцы адпачынку для дзяцей і дарослых.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*