«Наш» Кароткін альбо Праца над памылкамі

«Наш» Кароткін альбо Праца над памылкамі

КОРОТКИН

У дзень, калі Жабінкаўшчына святкуе свае 75-ыя ўгодкі, патрэбна ўспомніць тых, хто стаяў ля вытокаў раёна ў далёкім саракавым. Адзін з іх — Мікіта Пятровіч Кароткін, чыё імя носіць вуліца ў нашым райцэнтры.
БЫВАЕ, НЕДАРЭЧНЫЯ ПАМЫЛКІ трапляюць нават у акадэмічныя выданні. Гэтак адбылося ў 1986 годзе, калі ў свет выйшла ёмістая энцыклапедыя “Их именами названы”. Сярод мноства асобаў, увекавечаных у кнізе, ёсць і заметка пра Сямёна Міхайлавіча Кароткіна (1903-1942), камандзіра партызанскай брыгады на поўначы Беларусі. Пасля кароткай біяграфіі паведамлялася, што імя С.М.Кароткіна носяць вуліцы ў г.п.Шуміліна і… г.Жабінка. Калі першае сцвярджэнне цалкам адпавядала рэчаіснасці (Сямён Міхайлавіч партызаніў на Шуміліншчыне), дык другое выклікала здзіўленне: ніякай сувязі не толькі з Жабінкай, але ўвогуле з Брэстчынай гэты чалавек не меў.
Дык у гонар каго названа вуліца ў Жабінцы?
Архіўныя дакументы і ўспаміны сучаснікаў дазваляюць аднавіць некаторыя старонкі біяграфіі асобы, што стаяла ля вытокаў Жабінкаўшчыны.
Яго звалі Кароткін Мікіта Пятровіч.
МЕСЦА НАРАДЖЭННЯ “нашага” Кароткіна — вёска Сапрыновічы на Магілёўшчыне. На свет ён прыйшоў 15 красавіка 1906 года ў сям’і сялян-беднякоў. Жыццё тагачаснае было надзвычай нялёгкім, таму Мікіта ўпершыню сеў за парту толькі ў 18 гадоў, закончыў школу сялянскай моладзі, а затым, маючы прагу да ведаў, і аграпедтэхнікум у Жлобіне. Мікіта Пятровіч атрымаў дыплом і ў 1930-1932 гадах настаўнічаў у поўнай сярэдняй школе ў мястэчку Урэчча на Случчыне, а затым, як тады казалі, “пайшоў па камсамольскай і партыйнай лініі”.
ЗНАЧНЫЯ ПЕРАМЕНЫ не толькі ў асабістым жыцці М.П.Кароткіна, але і ўсёй нашай краіны адбыліся ў верасні трыццаць дзявятага. Пасля аб’яднання беларускіх земляў у адной дзяржаве на захадзе Беларусі патрабаваліся кадры дзеля ўмацавання новай Савецкай улады. У канцы студзеня 1940 года ў Жабінцы быў арганізаваны райкам партыі. На пасаду першага сакратара прызначылі Мікіту Кароткіна, які да гэтага працаваў старшынёй Кіраўскага райвыканкама Магілёўскай вобласці.
Гэта быў час перабудовы жыцця на новы лад. Пад кіраўніцтвам райкама сфарміравалася выканаўчая галіна ўлады, якую ўзначаліў іншы выхадзец з Магілёўшчыны Васіль Сцяпанавіч Давыдаў. У сакавіку 1940 года ў няпростых перадваенных умовах упершыню прайшлі выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. Пачалася калектывізацыя.
АДЗІН З ПЕРШЫХ КАЛГАСАЎ утварыўся ў Шпіталях. Яго тагачасны старшыня Р.М.Максімук згадваў, як тое адбывалася: “Перад былымі батракамі памешчыка Султана (Солтана) паўстала пытанне, як жыць далей. Нам трэба было вырашыць, ці дзяліць панскую зямлю, ці апрацоўваць яе разам, калектыўна. Аднойчы, ужо вясной 1940 года, мне параілі: бярыся, Рыгор Міронавіч, за арганізацыю калгаса, з’ездзі ў райкам партыі, там падкажуць, што і як рабіць.
Сакратар райкама М.П.Кароткін уважліва мяне выслухаў і сказаў: “Збірай сход, пагутарым”.
На той першы сход шпіталёўскія батракі прыходзілі цэлымі сем’ямі. М.П.Кароткін выступаў нядоўга, але зразумела. Ён казаў, што толькі ўсе разам, толькі грамадой здолеем вырвацца з галечы, прыйсці да заможнага жыцця. Усе рашылі аднагалосна: жыць і працаваць будзем калектыўна”.
МІРНАЕ СТАНАЎЛЕННЕ, аднак, перарвала вайна. У гады Вялікай Айчыннай Мікіта Пятровіч далучыўся да народных мсціўцаў, што дзейнічалі на роднай для яго Магілёўшчыне.
У пасляваенны час зноў апынуўся ў нашых краях. Адразу пасля вызвалення ў ліпені 1944 года Жабінкаўскі райкам партыі ўзначаліў колішні камісар 8-ай партызанскай брыгады, якая змагалася з ворагам на Брэстчыне, Васіль Аляксеевіч Пятроў. Аднак ужо ў кастрычніку таго перавялі ў абкам, узначальваць гаспадарчы аддзел, а на месца першага сакратара райкама КПБ у Жабінку зноў быў прызначаны М.П.Кароткін.
АДНАЎЛЯЛАСЯ ГАСПАДАРКА, разбураная ліхалеццем. І ў тым, што Жабінкаўшчына пакрысе залечвала глыбокія раны, нанесеныя акупантамі, бясспрэчна, ёсць заслуга і партыйнага кіраўніцтва.
Улетку 1947 года Мікіта Пятровіч развітаўся з Жабінкай: яго чакала новая адказная праца. Да 23 жніўня 1948-га ён быў другім сакратаром Гродзенскага абласнога камітэта Кампартыі Беларусі, а пасля заканчэння Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК ВКП(б) стаў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, начальнікам палітычнага сектара Міністэрства сельскай гаспадаркі. Затым — зноў партыйная работа, цяпер на Віцебшчыне, дзе М.П.Кароткін са студзеня 1954 года па верасень 1956-га ўзначальваў абкам партыі.
Апошняе месца працы чалавека, у гонар якога носіць імя адна з вуліц Жабінкі, — намеснік міністра хлебапрадуктаў Беларусі ў 1956-1969 гадах.

КІРАЎНІКІ ЖАБІНКАЎСКАГА РАЁНА
Старшыні райвыканкама
ДАВЫДАЎ Васіль Сцяпанавіч (1940-1941)
КРАСЯКОЎ Павел Аксенцьевіч (1944–1945)
ХАРЛАПАНАЎ Андрэй Фёдаравіч (1945)
БАСАЎ Рыгор Мацвеевіч (1945–1946)
ТАКЛЁНАК Пётр Міхайлавіч (1946–1948)
КАМЕНДАНТ Стэфан Аляксандравіч (1948–1950)
НЯРАЗІК Мікалай Мікалаевіч (1950–1958)
ХОДАН Васіль Іванавіч (1958–1959)
АБОЛІН Адольф Янавіч (1966–1971)
БАХАРАЎ Вікторый Афанасьевіч (1971–1975)
ПРАСМЫЦКІ Мікалай Аляксандравіч (1975–1977)
КНІГА Яўген Кузьміч (1977–1981)
РАЙ Валянціна Іванаўна (1981–1995)
МАРТЫСЮК Сяргей Васільевіч (1996-2001)
КАЛЯДА Аляксандр Міхайлавіч (2002–2004)
ТОКАР Мікалай Васільевіч (2004–2013)
КАЛАНЧУК Фёдар Фёдаравіч (з 2013)

Першыя сакратары райкама КПБ
КАРОТКІН Мікіта Пятровіч (1940–1941, 1944–1947)
ПЯТРОЎ Васіль Аляксеевіч (1944)
КАВЕЦКІ Ціхан Мікітавіч (1947–1952)
ЯРОЦКІ Сямён Адамавіч (1952–1953)
АЛЕЙНІК Гаўрыіл Мікалаевіч (1953–1958)
ЧАРАДНІК Іван Сцяпанавіч (1958–1959)
АРХІПАЎ Рыгор Іосіфавіч (1966–1971)
КАЎКО Мікалай Трафімавіч (1971–1977)
ГАРУСТОВІЧ Сяргей Канстанцінавіч (1977–1981)
КНІГА Яўген Кузьміч (1981–1982)
ЛІСКОЎ Пётр Аляксандравіч (1982–1991)

Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Мікіта Пятровіч Кароткін (фота 1940 года).

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*