Жабінкаўскаму раёну — 75!

Жабінкаўскаму раёну — 75!

Паважаныя жыхары раёна!
IMG_1121Прыміце шчырыя віншаванні з нашым агульным святам — 75-годдзем утварэння Жабінкаўскага раёна.
Яго гісторыя багатая на знамянальныя падзеі. Свой адлік бярэ ў далёкім 1940 годзе, калі быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб утварэнні 101 раёна заходніх абласцей Беларусі, у тым ліку і Жабінкаўскага. У склад яго былі ўключаны 105 населеных пунктаў з 13 сельсаветамі. На тэрыторыі было ўсяго некалькі прыватных кустарных прадпрыемстваў, дзе адсутнічала нават самая прымітыўная тэхніка. Зямля апрацоўвалася простымі прыладамі працы. Першыя гады самастойнага жыцця раёна азнаменаваны стварэннем калгасаў, будаўніцтвам Днепра-Бугскага канала і многімі іншымі падзеямі.
Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю нашых жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На жабінкаўскай зямлі разгарнуліся бязлітасныя баі, пачалася барацьба з акупантамі. У старасельскім лесе быў створаны адзін з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў, арганізатарам якога стаў старшыня Старасельскага сельсавета Міхаіл Мікітавіч Чарнак. На франтах Вялікай Айчыннай змагаліся з ворагам больш чым дзве тысячы нашых землякоў, з якіх звыш 500 аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Тры цяжкія гады жыхары раёна знаходзіліся пад фашысцкім прыгнётам. За гэты час захопнікі нанеслі вялікі ўрон эканоміцы і культуры. Паводле няпоўных дадзеных нямецкія каты павесілі, расстралялі, спалілі каля дзвюх тысяч мірных жыхароў, поўнасцю знішчылі вёску Драмлёва з усімі яе насельнікамі. Каля паўтары тысячы чалавек былі пагнаны на фашысцкую катаргу. Поўнасцю была разрабавана маёмасць створаных у раёне калгасаў.
Суровыя выпрабаванні выпалі на долю землякоў у першыя пасляваенныя гады і дзесяцігоддзі. Але, дзякуючы іх самаадданай працы, удалося ў гістарычна кароткія тэрміны пераадолець голад, страшную разруху, аднавіць мірнае жыццё. У раёне была рэалізавана вялікая праграма капітальнага і жыллёвага будаўніцтва, завяршыўся пераход да ўсеагульнай васьмігадовай адукацыі, створана шырокая сетка культурна-асветніцкіх і медыцынскіх устаноў.
Жабінкаўскі край сёння — вынік вялікай працы многіх пакаленняў землякоў, якія на розных этапах гісторыі раёна аддавалі свае сілы, веды і вопыт на яго развіццё. Юбілей — яшчэ адна нагода ўспомніць іх імёны і аддаць даніну павагі людзям, якія стваралі працоўны летапіс раёна. Сярод іх Валянціна Іванаўна Рай, старшыня райвыканкама ў 1981-1995 гг., Святлана Іванаўна Маісейчык, намеснік старшыні райвыканкама ў 1995-2005 гг., Мікалай Васільевіч Токар, старшыня райвыканкама ў 2004-2013 гг., а таксама тыя, хто ў розныя гады працавалі ў вытворчай і сацыяльнай сферах: Генадзь Іванавіч Вялько, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, Аляксандр Пятровіч Марковіч, дырэктар ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, Яраслаў Сцяпанавіч Пратасевіч, старшыня калгаса “Прамень”, Іван Сямёнавіч Міцковіч, рэдактар раённай газеты, Мікалай Сямёнавіч Міцковіч, дырэктар СШ №1 г.Жабінка, Вікторыя Анатольеўна Ліс, настаўніца замежнай мовы, Мікалай Несцеравіч Ясінскі, трактарыст калгаса “Запаветы Ільіча”, Васіль Васільевіч Андруховіч, трактарыст райсельгастэхнікі, Вера Пятроўна Юхімук, рабочая КБА і шмат іншых, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё раёна.
IMG_13966 копияГалоўная каштоўнасць нашай зямлі — людзі. Менавіта яны вырашаюць на сучасным этапе сацыяльна-эканамічныя задачы, якія стаяць перад раёнам. У ліку іх Віктар Рыгоравіч Міронаў, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, Барыс Уласавіч Парафянюк і Аляксандр Васільевіч Семянюк, старшыні СВК “Хмелева” і “Рагазнянскі”, Уладзімір Мікалаевіч Дземідзюк, дырэктар ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, Пётр Уладзіміравіч Вайноўскі, начальнік ПМК-19 УП “Брэстводбуд”, Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч, галоўны ўрач УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”, іншыя кіраўнікі і работнікі арганізацый.
Сучасная Жабінкаўшчына — адзін з самых прывабных і зручных для жыцця рэгіёнаў у Брэсцкай вобласці, які дынамічна развіваецца. Раён жыве, імкліва крочыць насустрач заўтрашняму дню. Добраўпарадкоўваюцца і прыгажэюць горад, аграгарадкі і вёскі, радуе ўраджаем хлебная ніва, інтэнсіўна вядзецца будаўніцтва, павышаецца дастатак у сем’ях. Шмат робіцца ў сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры, сацыяльнай абароны насельніцтва.
Вялікія перспектывы ў развіцці рэгіёна ў бліжэйшыя гады звязаныя з наданнем Жабінцы статусу горада-спадарожніка Брэста. Далейшае развіццё павінны атрымаць жыллёвае будаўніцтва і інфраструктура, сацыяльная сфера, сфера гандлю і паслуг, прадпрымальніцтва. Плануецца стварэнне новых вытворчасцяў. У выніку наш горад стане адным з лепшых райцэнтраў вобласці па прывабнасці і ўзроўню жыцця насельніцтва.
Абапіраючыся на шматгадовыя традыцыі, вопыт ветэранаў і энергію моладзі, талент і працавітасць жабінкаўцаў, жывучы ў міры і згодзе, мы поўныя рашучасці ўнесці свой дастойны ўклад у далейшае вытворча-эканамічнае і сацыяльна-культурнае развіццё нашага краю, перадаць эстафету добрых спраў наступным пакаленням.
Ад усёй душы жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, міру, дабра і дабрабыту.
Фёдар КАЛАНЧУК, старшыня райвыканкама.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*