“Бываюць людзі…”

“Бываюць людзі…”

ig

Бываюць людзі, якія жывуць сціпла, немітусліва, але ад таго, што яны побач, навокал робіцца хораша. Бо яны нясуць суладдзе і спакой.
Менавіта такой была наша Маргарыта. Хто блізка ведаў гэтага чалавека, захавае назаўжды яе светлую і трохі сарамлівую ўсмешку, лагодны ціхі голас, вясёлую гарэзлівасць у вачах.
Сваё жыццё Маргарыта Аляксееўна Ігнацюк прысвяціла бібліятэчнай справе, у якой ведала, здавалася, амаль усё. Перакананая ў выратавальнай сіле слова, яна заўсёды старалася падказаць землякам, што лепей пачытаць, каб стала цёпла на душы і галаву не тлумілі турботы; каб спраў хапала для розуму, якому трэба працаваць нястомна.
Найчасцей Маргарыта працавала не толькі з камп’ютарам і ручкай, але й з… нажнічкамі. Бо была самай удзячнай чытачкай раённай газеты, адкуль брала інфармацыю для шматлікіх папачак па краязнаўстве. Улюбёная ў жабінкаўскі край, яна захоўвала для чытачоў матэрыялы, прысвечаныя мінуламу і сённяшняму дню роднай зямлі, знакамітым землякам. А колькі вечарын, творчых сустрэч з пісьменнікамі было арганізавана і праведзена з удзелам Маргарыты Аляксееўны! За няспынную папулярызацыю краязнаўства яна адзначалася Ганаровай граматай аддзела культуры райвыканкама. Па парады да свайго бібліятэкара звярталіся школьнікі, для якіх яна была добрай дарадцай. З дапамогай Маргарыты Аляксееўны юныя жабінкаўцы даведваліся пра гісторыю зямлі, на якой яны жывуць.
…Яна ведала, што хвароба невылечная, але не наракала на лёс, знаходзячы супакаенне і ісціну ў Біб-ліі — зноў жа ў Кнігах, бо менавіта так перакладаецца з грэчаскай назва святой Кнігі Кніг.
Маргарыта Ігнацюк пайшла ў іншы свет у ноч з 29 на 30 снежня. Ужо зіхацелі ялінкі, ствараючы святочны настрой. Блізкія ёй людзі рыхтаваліся сустракаць Новы год, а давялося найперш праводзіць яе…
Сябры і калегі.
На здымку: М.А.Ігнацюк, якою яе памятаем (з архіва “Сельскай праўды”).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top