Гаспадарыць эфектыўна і сёння, і заўтра

Гаспадарыць эфектыўна і сёння, і заўтра

З даклада старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука на сесіі раённага Савета дэпутатаў

Бягучая пяцігодка адна з самых складаных за апошнія 15 гадоў. Тым не менш, вынікі работы за чатыры гады сведчаць аб станоўчай дынаміцы развіцця народнагаспадарчага комплексу раёна ў рэалізацыі намечаных сацыяльна-эканамічных прыярытэтаў. Закладзена аснова для далейшага росту эканамічнага патэнцыялу.

Шляхам мадэрнізацыі

IMG_7736Найбольш істотныя праекты мадэрнізацыі прадпрыемстваў прамысловасці рэалізуюцца на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы развіцця цукровай прамысловасці на 2011-2015 гады павінны забяспечыць да 2016-га павелічэнне сутачнай перапрацоўкі буракоў да 10 тысяч тон, выпрацоўку прадукцыі з айчыннай сыравіны ў аб’ёме 155 тысяч тон. Задача — нарошчваць экспарт цукру з буракоў.
У 2014 годзе на камбікормавым заводзе быў уведзены ў эксплуатацыю свінагадоўчы комплекс на 24 тыс. галоў адкорму свіней у год з выхадам на праектную магутнасць у другім паўгоддзі 2015 г. У выніку рэалізацыі праекта будзе дасягнуты адзіны тэхналагічны ланцужок: ад вытворчасці прадукцыі да вырошчвання жывёлы ў межах адной юрыдычнай асобы. Магутнасць свінакомлексу ў вытворчасці таварнай прадукцыі складзе 3,8 тыс. тон свініны ў жывой вазе ў год.
У сельскай гаспадарцы з пачатку пяцігодкі на аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак было накіравана звыш 420 мільярдаў рублёў. У адпаведнасці з планам мадэрнізацыі за чатыры гады на Жабінкаўшчыне рэканструявана і ўведзена ў эксплуатацыю 11 малочнатаварных ферм. Цяпер вядуцца такія ж работы на МТФ “Падлессе”, “Стаўпы”, “Агароднікі” і “Панцюхі”.
Колькасць пагалоўя кароў, якія ўтрымліваюцца бяспрывязна і дояцца ў даільных залах, пасля завяршэння рэканструкцыі складзе каля 85%. Гэта дасць магчымасць значна палепшыць тэхналагічныя працэсы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і аблегчыць працу жывёлаводаў.
Комплекснае рашэнне праблем развіцця аграрнай галіны дазволіла раёну за апошнія чатыры гады павялічыць вытворчасць асноўных відаў сельгаспрадукцыі ў грамадскім сектары, у прыватнасці, малака на 20,4%. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 30,2 тыс. галоў (102,6% да 2010 г.), у тым ліку кароў — 10,1 тыс. (108,7%).
Аднак для эканомікі раёна ўсё яшчэ характэрныя высокія матэрыяла- і энергаёмістасць выпускаемай прадукцыі. У выніку недастатковая канкурэнтаздольнасць яе. Зніжаецца эфектыўнасць інвестыцый, слаба прыцягваюцца замежныя.

Прамысловая прадукцыя. Нарошчваць экспарт

Прамысловы комплекс раёна ў 2014 годзе развіваўся ва ўмовах зніжэння попыту як на ўнутраным, так і на знешніх рынках, што негатыўна адбілася на аб’ёмах вытворчасці. У дзеючых цэнах вытворчасць прадукцыі складзе каля 1,9 трыльёна рублёў. Чакаецца індэкс фізічнага аб’ёму (ІФА) на ўзроўні 86%.
Доля цукровага завода ў аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна — 65,3%. Таму і выкананне прагнозных паказчыкаў напрамую залежыць ад работы прадпрыемства. Вытворчасць прадукцыі ў 2014 годзе складзе тут 1,3 трыльёна рублёў, тэмп росту ІФА прагназуецца на ўзроўні 83%. Зніжэнне аб’ёмаў гатовай прадукцыі выклікана скарачэннем перапрацоўкі цукру-сырцу. Гэта абумоўлена ўзятым курсам на замяшчэнне імпартнай сыравіны айчыннымі цукровымі буракамі. У 2014 годзе колькасць прадукцыі з сырцу паменшылася на 7,3 тыс. тон, а ў 2015-ым плануецца зніжэнне яшчэ на 5 тыс. тон.
Удзельная вага камбікормавага завода ў аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна складае 32,8%. Па выніках года вытворчасць прадукцыі чакаецца на ўзроўні 132,7 тыс. тон (у 2013 — 140 тыс. тон), тэмп росту ІФА — 97,3% (прагноз 103%). Невыкананне звязана з недахопам уласных абаротных сродкаў, адсутнасцю ўласнай сыравіны і нізкай плацежаздольнасцю спажыўцоў.
Для стабільнай работы прадпрыемства неабходна максімальна забяспечыць сябе ўласнай сыравінай і працягваць маркетынгавыя вывучэнні замежных рынкаў у пошуках партнёраў для нарошчвання экспарту.

Нашы аграрыі
на надвор’е не ківаюць

жнут копияСельгасарганізацыямі раёна за 11 месяцаў забяспечаны тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі 112,3% пры заданні 103,5%. З даведзеных заданняў будуць выкананы наступныя: тэмп росту валавой прадукцыі, вытворчасць малака, а таксама цукровых буракоў, гародніны і бульбы (вытворчасць збожжа — 80%, рапсу — 68%).
У раёне намалочана 58,8 тыс. тон збожжа (разам з кукурузай) пры ўраджайнасці 41,6 ц/га. Звыш 10,4 тыс. тон яго атрымалі ў СВК “Хмелева” (ураджайнасць 50,9 ц/га), звыш 7 тыс. тон — у СВК “Вазнясенскі” (ураджайнасць IMG_135154,5 ц/га). У дзяржаўныя засекі за кошт выканання заказу паступіла 7,8 тыс. тон збожжа. План продажу рапсу дзяржаве выкананы на 102,8%.
Як заўжды, асаблівая ўвага надавалася вырошчванню цукровых буракоў. Валавы збор склаў у 2014 годзе звыш 72,5 тыс. тон (у заліковай вазе з улікам фермерскіх гаспадарак), што на 9 тыс. тон больш, чым у папярэднім годзе. Ураджайнасць караняплодаў у сярэднім у раёне 466 ц/га, на 116 ц больш, чым у 2013 г. Самая высокая яна ў СВК “Вазнясенскі” (702 ц/га) і СВК “Маціевічы” (556 ц/га).
Вытворчасцю бульбы ў нас займаюцца СВК “Хмелева” і “Арэпічы”. Вырашчана 7,8 тыс. тон яе пры сярэдняй ураджайнасці 262 ц/га.
Для грамадскага пагалоўя ў 2014-ым нарыхтавана 60,2 тыс. тон кармавых адзінак травяных кармоў, на 10 тыс. тон больш, чым у папярэднім годзе. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 26,8 цэнтнера кармавых адзінак. Найлепшых паказчыкаў у нарыхтоўцы дабіліся СВК “Вазнясенскі”, “Хмелева”, ААТ “Ракітніца” і ПУАП “Азяты”, дзе на ўмоўную галаву нарыхтавана звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак.

Жывёлагадоўля — вядучая галіна

Амаль дзве трэці таварнай прадукцыі ў раёне прыпадае на вытворчасць малака і мяса. Сельгасарганізацыямі за 11 месяцаў 2014 года забяспечаны рост вытворчасці валавой прадукцыі жывёлагадоўлі на 2,7%. Вытворчасць малака прыбытковая ва ўсіх гаспадарках раёна, рэнтабельнасць яго за 9 месяцаў склала 24%. За студзень-лістапад на фермах раёна атрымана 51,4 тыс. тон малака, што на 5,5% вышэй адпаведнага перыяду 2013 года. Чакаецца, што па выніках года вытворчасць малака складзе 56 тысяч тон, а надоі ад каровы 5930 кг. Лепшыя вынікі ў развіцці малочнай галіны ў СВК “Рагазнянскі”, “Вазнясенскі”, ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”. Раён па вытворчасці малака займае другое месца ў вобласці і дзявятае ў краіне сярод 118 раёнаў.
Не менш значнай задачай, якая стаіць перад жывёлаводамі, застаецца вытворчасць і рэалізацыя мяса. За 11 месяцаў у гаспадарках раёна вырашчана яго 3885 тон, што склала 96% да ўзроўню папярэдняга года. Зніжэнне прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы дапушчана ўсімі гаспадаркамі, за выключэннем ААТ “Жабінкаўскі”, ПУАП “Азяты” і СВК “Шпіталі”. Сярэднесутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы на дарошчванні і адкорме ў гаспадарках раёна склалі 640 грамаў. Мясакамбінатам і спажывецкай кааперацыі рэалізавана 3598 т жывёлы.
Разам з тым, істотныя ўпушчэнні ёсць ва ўзнаўленні статка. Да ўзроўню 2013 года недаатрымана 441 цяля, дапушчана зніжэнне прыплоду цялят у ААТ “Ракітніца” (-223 галавы), СВК “Арэпічы” (-159), СВК “Рагазнянскі” (-133). Нізкім застаецца выхад цялят на 100 кароў у СВК “Маціевічы” і ААТ “Ракітніца”. Перавод дойнага статка на круглагадовае стойлавае ўтрыманне патрабуе асаблівага паўсядзённага кантролю ў пытаннях аднаўлення статка і вырошчвання маладняку. Высокі ўзровень паморку, непрадукцыйнае выбыццё жывёлы, — тыя фактары, якія не дазваляюць актыўна нарошчваць пагалоўе.

Спачатку — пагашэнне запазычанасці

Нягледзячы на рост вытворчасці сельгаспрадукцыі, выклікаюць заклапочанасць фінансавыя праблемы ў аграпрамысловым комплексе. Перш за ўсё гэта апераджальны рост цэнаў на ГЗМ, мінеральныя ўгнаенні, запасныя часткі ў параўнанні з цэнамі на сельгаспрадукцыю. Цяжарам становіцца для гаспадарак пагашэнне запазычанасці па крэдытах і пазыках, якая на 1 кастрычніка 2014 г. склала 190 мільярдаў рублёў. Сума крэдыторскай запазычанасці — 125,6 мільярда рублёў. Аб’ём абавязацельстваў (неабходных да пагашэння ў 2014 годзе) перавышае выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ і паслуг), іх суадносіны — 1,13.
У нейкай ступені сёння гэта паралізуе гаспадарчую дзейнасць сельгасвытворцаў. Штомесячна гаспадаркі вяртаюць банкам для пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў звыш 15 мільярдаў рублёў. А гэта амаль сума месячнай выручкі ад рэалізацыі малака з усіх малочнатаварных фермаў раёна на ААТ “Савушкавы прадукт”. На 25 дзён наперад праавансаваны гаспадаркі раёна на малочным камбінаце — практычна ўвесь снежань малако рэалізуецца ў лік запазычанасці лістапада. Атрымліваць авансавыя плацяжы на выплату заработнай платы з кожным месяцам становіцца ўсё складаней.
І хоць фінансавых цяжкасцяў было дастаткова, чакаецца, што 2014 год усе сельгасарганізацыі раёна завершаць з прыбыткам.

Рэзервы
ў сельгасвытворцаў ёсць

Напружаныя задачы пастаўлены перад аграрыямі на 2015 год. Прырост вытворчасці прадукцыі запланаваны на ўзроўні 3,5%. Для гэтага неабходна:
— павялічыць на 15% вытворчасць збожжа (да 64,6 тыс. тон),
— сабраць 5,6 тыс. тон алейнага насення рапсу (рост 137,3% да ўзроўню 2014 г.),
— накапаць 58,5 тыс. тон цукровых буракоў, 7,5 тыс. тон бульбы,
— павялічыць на 3% вытворчасць малака (да 57,8 тыс. тон), на 15,2% — мяса (4,5 тыс. тон).
Для вырашэння пастаўленых задач патрэбна:
— павялічыць прадукцыйнасць у раслінаводстве і жывёлагадоўлі,
— ухіліць парушэнні тэхналагічных рэгламентаў вырошчвання сельгаскультур і жывёлы,
— палепшыць якасць нарыхтоўваемых травяных кармоў,
— збалансаваць рацыёны кармлення,
— прывесці затраты да нарматыўнага ўзроўню.

Аб’ёмы падрадных работ зніжаюцца

За чатыры гады ўведзена ў эксплуатацыю 54,9 тыс. кв. м жылля, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 15,3 тыс. кв. м. Здадзена 7 шматкватэрных жылых дамоў у Жабінцы на 338 кватэр і 41 дом у вёсцы.
У 2011 годзе на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у раёне стаяла 1022 чалавекі, з іх 35 — шматдзетныя сем’і, 71 — дзеці-сіроты, а таксама, што засталіся без апекі бацькоў. З таго часу змаглі палепшыць жыллёвыя ўмовы 423 жабінкаўцы. Завершана будаўніцтва шэрагу значных для насельніцтва раёна аб’ектаў. Уведзены ў эксплуатацыю мост праз раку Мухавец, зроблена асфальта-бетоннае пакрыццё на аўтадарогах “Агароднікі — Жабінка”, “Арэпічы — Сцяпанкі” і пад’езд да агр.Крыўляны, а таксама на вуліцы Ф.Скарыны ў г.Жабінка. Ідзе газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў. У 2015 годзе плануецца пабудаваць вулічныя размеркавальныя газаправоды і пусціць прыродны газ у жылыя дамы аграгарадкоў Сцяпанкі і Крыўляны, а таксама вёсак Шпіталі, Сакалова і Сакі.
Выкананне аб’ёмаў падрадных работ будаўнічай галіной раёна плануецца ў суме 103 мільярды рублёў, а гэта толькі каля 77% у супастаўных цэнах да 2013 года. Гэты мінус абумоўлены памяншэннем жыллёвага будаўніцтва і работ, што выконваюцца на рэканструкцыі малочнатаварных ферм.
Агульны ўвод у эксплуатацыю жылля — 14 тыс. кв. м (109,4% гадавога задання) забяспечаны, дзякуючы будаўніцтву 40-кватэрнага жылога дома ЖБСК №25 па вул.Цітова ў г.Жабінка, 10-ці жылых дамоў у сельскагаспадарчых і іншых арганізацыях, 80 індывідуальных, узведзеных грамадзянамі за кошт уласных сродкаў і выкарыстання дзяржаўнай падтрымкі.
У 2014 годзе не ўзнікала вострых праблем з затрымкай будаўніцтва жылля. Аднак ёсць нараканні грамадзян на невысокую якасць работ.
На 2015 год раёну папярэдне даведзена заданне будаўніцтва 10 тыс. кв. м жылля. Выканаць яго плануецца за кошт узвядзення аднаго 40-кватэрнага дома паводле дзяржзаказу, васьмі дамоў у сельгасарганізацыях і індывідуальных забудоў.
Завершана будаўніцтва сетак водазабеспячэння і каналізацыі ў квартале жылой забудовы “Коласаўскі”, распачата будаўніцтва сетак каналізацыі ў квартале “Камсамольскі”. У фінансаванні гэтых работ вялікую дапамогу раёну аказваў Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў і асабіста яго старшыня, наш дэпутат С.Д.Ашмянцаў.

Малы бізнес

Свой уклад у развіццё эканомікі раёна ўносіць малы бізнес, які сёння складаецца са 102 уласных унітарных прадпрыемстваў, 80 таварыстваў з абмежаванай ці дадатковай адказнасцю, 24 фермерскіх гаспадарак і 474 індывідуальных прадпрымальнікаў. Летась зарэгістравана 102 ІП і 15 юрыдычных асобаў.
У кансалідаваны бюджэт ад індывідуальных прадпрымальнікаў паступіла 5,4 мільярда рублёў падатковых плацяжоў, ад юрыдычных асобаў малога бізнесу — 14,2 мільярда рублёў (удзельная вага ад суб’ектаў прадпрымальніцтва — 16,3%).
За 2014 год створана 190 новых рабочых месцаў, у тым ліку ў горадзе — 105. Заданне выканана на 126,7%, а ў новых мікра- і малых прадпрыемствах яно перакрыта ў 1,5 раза. На 2015 год намечана стварыць 15 мікра- і малых арганізацый і павялічыць на 150 новых рабочых месцаў у сферы малога прадпрымальніцтва.

Нараджальнасць перавысіла смяротнасць

Упершыню за апошнія два дзесяцігоддзі ў раёне дасягнуты станоўчы натуральны прырост насельніцтва, г. зн. нараджальнасць перавысіла смяротнасць.
У 2014 годзе значная ўвага надавалася ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. Праведзены бягучыя рамонты прыёмнага аддзялення, лабараторыі, пункта хуткай медыцынскай дапамогі, дзіцячага аддзялення, эндаскапічнага кабінета, Залуззеўскага, Арэпіцкага і Падлескага ФАПаў.
Асноўнымі задачамі аховы здароўя раёна сёлета з’яўляюцца: далейшае паляпшэнне даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі жабінкаўцам, удасканальванне дыспансерызацыі дарослых і дзяцей, ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.

Аптымізацыя — шлях да эканоміі

У раёне вядзецца работа ў стварэнні камфортных сучасных умоў для навучання і выхавання дашкольнікаў і вучняў. Арганізаваны падвоз школьнымі аўтобусамі для 566 вучняў і 195 выхаванцаў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Гарачым харчаванне ахоплены ўсе вучні сельскіх школ і 98% — гарадскіх.
У раёне працягваецца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Закрыты Жабінкаўскі міжшкольны навучальна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і Арэпіцкі яслі-сад. У 2015 годзе плануецца аб’яднаць Азяцкую сярэднюю і Старасельскую базавую школы ў ДУА “Старасельская сярэдняя школа”. Гадавая сума эканоміі бюджэтных сродкаў складзе 1 млрд. 450 млн. рублёў. Плануецца правесці ў гэтым жа годзе эксперымент па інтэграцыі школьнай і публічнай бібліятэк у в.Старое Сяло. Наспела неабходнасць разгледзець магчымасць аптымізацыі ўстаноў культуры раёна шляхам цэнтралізацыі клубнай сістэмы.

Праблемы насельніцтва — клопат мясцовай улады

2015 год будзе няпростым у развіцці эканомікі. Неабходная не толькі больш эфектыўная дзейнасць усяго народнагаспадарчага комплексу, але і далейшая сістэмная работа ў развіцці тэрыторый і вырашэнні пытанняў мясцовага прызначэння, асабліва ў жыццезабеспячэнні сельскага насельніцтва. Галоўная роля тут адводзіцца пярвічнаму ўзроўню органаў улады — сельскім Саветам дэпутатаў, сельвыканкамам. І наколькі вынікова на мясцовым узроўні вырашаюцца паўсядзённыя праблемы, якія датычацца паляпшэння якасці жыцця вяскоўцаў, залежыць настрой людзей і адносіны да ўлады ў цэлым.
У той жа час, не ўсюды назіраецца актыўная дзейнасць старшыняў сельскіх Саветаў дэпутатаў, асабліва ў вырашэнні пытанняў навядзення парадку ў населеных пунктах, утрымання могілак, мініпалігонаў, іншых месцаў грамадскага карыстання. Дагэтуль у вёсках шмат пустуючых дамоў, якія ствараюць не лепшыя ўражанні аб парадку. Неабходна надаваць увагу і кантролю за работай гандлю, бытавога абслугоўвання ў вёсках, аказанню медыцынскіх паслуг, арганізацыі культурнага адпачынку, забеспячэнню правапарадку. Старшыні сельвыканкамаў разам са сваім актывам, як ніхто іншы, ведаюць праблемы мясцовага ўзроўню.
І яшчэ пра адзін накірунак работы сельсаветаў, на які хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу. Трэба весці больш актыўную растлумачальную дзейнасць сярод насельніцтва па праблемах п’янства і наркаманіі. На пасяджэннях сельвыканкамаў неабходна заслухоўваць кіраўнікоў школ, клубных устаноў, участковых міліцыянераў аб рабоце сярод моладзі. Тым больш, што 2015-ы аб’яўлены Годам моладзі.
Задачай народных выбраннікаў па-ранейшаму застаецца павышэнне паступленняў у бюджэт уласных даходаў. Сярод першасных таксама — забеспячэнне пас-тупальнага развіцця эканомікі, бяспекі нашых людзей, іх сацыяльнай абароненасці. А ў цэлым — захаванасць стабільнасці ў грамадстве. У многім ад мясцовай улады, адказнасці яе прадстаўнікоў, пісьменных кіраўнічых рашэнняў і ўважлівых адносінаў да людзей будзе залежаць выніковасць, ступень даверу і падтрымкі жыхарамі раёна як работы органаў улады, так і дзяржаўнай палітыкі ў цэлым.

На здымках: на фабрыцы фасоўкі цукру; на жніве; першыя камбайнеры-«тысячнікі» з СВК «Маціевічы»: М.Кавальчык, Г.Царук, М. і А.Леўчукі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top