Дапамагаюць справай і словам са шчырасцю

Дапамагаюць справай і словам са шчырасцю

IMG_3262

Даволі часта ад пажылых людзей даводзіцца чуць: “Вось і праляцела жыццё. Здаецца, і не жыў зусім”. А яно, дарэчы, дзеліцца на некалькі этапаў: дзяцінства, юнацтва, маладосць, сталасць і старасць. Менавіта старасць робіць некалі здаровых і моцных людзей нядужымі, нярэдка прыносіць адзіноту. І тады ў іх з’яўляюцца новыя сябры-апекуны — сацыяльныя работнікі, якія дбаюць пра тое, каб такім людзям жылося лепш, каб яны ведалі, што пра іх клапоцяцца, іх заслугі цэняць, ім пры неабходнасці заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. На IMG_3237жаль, у наш вірлівы век чуласць, міласэрнасць патрэбныя не толькі тым людзям, на тварах якіх “ляглі маршчынкі сеткай, пагоршаў слых, пагоршаў зрок”, але й маладым і нават дзеткам.
Ізноў на дапамогу ім прыходзяць сацыяльныя работнікі, здольныя не толькі зразумець чужыя праблемы, але й дапамагчы справіцца з імі.
На Жабінкаўшчыне ў 2002 годзе пры ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва пачаў працаваць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго ўзначаліла Раіса Макараўна Мышкавец, якая IMG_3220мела за плячамі пэўны вопыт у сацыяльнай рабоце. Яна з удзячнасцю і цяпер успамінае сваю настаўніцу ў гэтай справе Валянціну Іванаўну Рай, якая ў той час была начальнікам згаданага вышэй упраўлення. Менавіта ад яе Раіса Макараўна “запазычыла” такія рысы, як пунктуальнасць, строгая дысцыпліна, паважлівасць і чуласць да людзей рознага веку і іх фізічных магчымасцяў.
З цягам часу, дзякуючы намаганням былога старшыні райвыканкама Мікалая Васільевіча Токара, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва займеў уласны будынак, а некалькі гадоў таму нават пашырыў свае межы-ўладанні. IMG_3226
І звязана гэта найперш з тым, што пашыраюцца віды паслуг, у якіх маюць патрэбу малазабяспечаныя і шматдзетныя сем’і, адзінокія людзі, пенсіянеры, інваліды… Дый спецыялістаў цяпер працуе 18, а не як было напачатку — трое. Каб работа сацыяльных работнікаў была больш эфектыўнай, даступнай, якаснай і разнастайнай, дапамагаюць ім двое вадзіцеляў. Адзін працуе на “Газелі”, аказвае паслугі “сацыяльнае таксі” і разавыя платныя; другі кіроўца аўто “сацыяльная дапамога” выязджае са спецыялістамі да тых, хто знаходзіцца на надомным доглядзе. Словам, усе работнікі Цэнтра стараюцца несці душэўнае IMG_3229цяпло, дабро, міласэрнасць, спагаду тым, каго апякуюць, іншы раз для адзінокіх, фізічна аслабленых людзей сталага веку робяцца радней родных. Жабінкаўскія сацыяльныя работнікі, як і кіраўнік Раіса Макараўна Мышкавец, даўно сталі надзейнымі сябрамі і шчырымі дарадцамі для тых, хто пазбаўлены магчымасці жыць паўнацэнна, імкліва, рытмічна.
Цяпер у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць аддзяленні: пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання; тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання; сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі; сацыяльнай дапамогі дома; дзённага знаходжання інвалідаў. Як іх IMG_3257кіраўнікі Н.М.Літвінюк, М.У.Судас, В.М.Лясковіч, А.М.Бойка, І.М.Давідчык, так і спецыялісты міласэрныя, спагадлівыя, прыстойныя людзі, бо чэрствыя і абыякавыя да чужых праблем, як правіла, на гэтай працы не затрымліваюцца.
— У нашым калектыве працуюць такія спецыялісты, для якіх міласэрнасць не проста слова, а штодзённая праца, — заўважыла Раіса Макараўна. — Тыя, хто рупіцца ў Цэнтры, часова забываюць пра свае праблемы, а стараюцца атуліць увагай і клопатам адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў, ветэранаў вайны, малазабяспечаных.
Так, спецыялісты аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Наталля Уладзіміраўна Іваноўская і Марына Аляксандраўна Будзько, загадчыца Наталля Міхайлаўна Літвінюк выяўляюць грамадзян, якім патрэбна дапамога, вызначаюць віды сацыяльных паслуг. Усяго ў банку дадзеных 5 тысяч жабінкаўцаў, з якіх 417 адзінокіх пажылых, 96 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 74 адзінокіх інвалідаў. Штогод імі сумесна з работнікамі сельвыканкамаў абследуюцца ўмовы жыцця такіх людзей. Мінулы год не быў выключэннем.
У кастрычніку таксама быў праведзены прафілактычны агляд супрацьпажарнага стану жылля гэтай катэгорыі людзей. Паводле вынікаў, дзе трэба, заменены пажараапавяшчальнікі, у дамах Веры Рыгораўны Краўчук з Пруска поўнасцю абноўлена электраправодка за кошт бюджэтных сродкаў, у інваліда Сяргея Гаркалюка з Арэпічаў адрамантавана, а для шматдзетнай сям’і Таццяны Пятроўны Хоміч з Грабаўцоў куплена ацяпляльна-варачная пліта на вясковую печ, Лідзіі Фёдараўне Андраюк з Новых Двораў аказана фінансавая дапамога на ліквідацыю печавых трэшчын, у многіх дамах заменены прытопачныя лісты, іншае.
Розныя лёсы чалавечыя. Адзін усё жыццё пражыве з сям’ёй, атулены клопатам і ўвагай, іншых даймае адзінота, нямогласць, хваробы. Цяпер, калі за дровамі схадзіць складана, каб пратапіць у печы, немагчыма прынесці ваду са студні ў хату, прыбрацца няма сілы, на дапамогу такім людзям прыходзяць сацыяльныя работнікі. Яны не толькі могуць дапамагчы дом сагрэць у прамым сэнсе слова, а і цяплом сваіх душаў, увагай і спачуваннем узняць настрой састарэлым. У нашым раёне такую працу выконваюць работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома, што працуе ў Цэнтры. Акрамя загадчыцы Алены Міхайлаўны Бойка і інспектара Таццяны Аляксандраўны Старыкевіч у аддзяленні справай займаюцца яшчэ 65 сацыяльных работнікаў, 18 з іх абслугоўваюць сем-восем састарэлых, ёсць такія, што працуюць паводле дагавораў. “З добрай душой і гарачым сэрцам прыходзяць яны да сваіх падапечных, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Для пенсіянераў іх сацыяльныя “апекуны” не проста сябры, а й паўнапраўныя члены сям’і, яшчэ й гаранты ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. На такой “апецы” ў нас 226 пажылых, з якіх больш за 130 у вёсцы і 90 у горадзе. Што ўваходзіць у іх абавязкі? Двойчы ў год памыць вокны, пастаянна аказваць дапамогу ў нарыхтоўцы гародніны на зіму; наводзіць парадак у доме; аплачваць камунальныя паслугі; купляць лекі ў аптэцы і прыносіць хвораму падапечнаму, многае іншае. Калі б сацыяльныя работнікі спынілі сваю працу хоць бы на адзін дзень, колькі людзей засталося б без догляду, увагі, лекаў. Такое цяжка ўявіць”.
Дапамога людзям, якія па розных прычынах апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы, — першачарговая задача аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, загадвае якім Валянціна Мікалаеўна Лясковіч. Яго спецыялісты займаюцца праектнай дзейнасцю. У 2011 годзерэалізаваўся праект “Пераадоленне сямейнай няўдачы” (аўтар — В.М.Лясковіч)заняў другое месца ў вобласці, а ў наступным — “Сувязная нітка пакаленняў”, (каардынатар В.А.Каско), які атрымаў Гран-пры і 4 тысячы еўра на рэалізацыю яго. Грошы зрасходаваны на актыўны ўдзел людзей пажылага веку ў жыцці грамадства шляхам дыялогу паміж пакаленнямі. Працуюць пры аддзяленні клубы “Падлетак”, “Будучы сем’янін”, “Мае гады — маё багацце”, іншыя.
Цяпер функцыі па забеспячэнні бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў перададзены Цэнтру. Менавіта спецыяліст гэтага аддзялення Іна Лявонцьеўна Шыбут і займаецца налічэннем і аказаннем такой сацыяльнай паслугі дзеткам. Яе летась атрымлівалі 84 маленькія жабінкаўцы на агульную суму амаль 268 мільёнаў 850 тысяч рублёў.
Шмат абавязкаў і ў спецыялістаў аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, яго тут называюць між сабою “хуткая дапамога”. Летась у аддзяленне звярнуліся па яе больш як 2500 чалавек. Яна розная: на кампенсацыю затрат на набыццё падгузкаў і на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі — больш як 250 чалавек, пракатам сродкаў рэабілітацыі скарысталіся 68 чалавек, выканана больш як 860 разавых сацыяльна-бытавых паслуг, матэрыяльную дапамогу са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны атрымалі 215 чалавек на 92 мільёны рублёў.
Дарэчы, яна выплачваецца толькі інвалідам І і ІІ груп і малазабяспечаным на набыццё дарагіх лекаў. Многія жабінкаўцы звяртаюцца менавіта ў гэтае аддзяленне па сродкі рэабілітацыі (каляскі, хадункі, мыліцы), якія выдаюцца з пункта пракату і па гуманітарнай дапамозе. Апошнім часам тут аказваецца сацыяльная паслуга сядзелкі, якая даглядае непрацаздольнага чалавека, што поўнасцю страціў здольнасць да руху. Іх дзве і няня, якая даглядае дзетак-двайнятак да трох гадоў. Праз салон “Міласэрнасць” гуманітарна-рэчавую дапамогу атрымалі амаль 600 сем’яў. Прыжываецца і паслуга “сацыяльнае таксі”. У 2015 годзе пачне працаваць клас, дзе пажылыя людзі будуць вучыцца дзеянням на камп’ютары. Ёсць ужо каля 25 заявак. Для жадаючых паведамляем, што выдзелены сродкі на набыццё чатырох новых камп’ютараў.
Шмат было працы ў сацыяльных работнікаў, калі зачынілі Глыбокаўскую бальніцу сястрынскага догляду, дзе знайшлі прытулак 14 чалавек. Іх размеркавалі ў дамы-інтэрнаты і Высокаўскую бальніцу сястрынскага догляду. Неўзабаве пад аналагічную пераабсталюецца і Пелішчанская.
Самае “маладое” ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, яго наведвае каля 20 чалавек. Такія фарміраванні даюць магчымасць чалавеку з фізічнымі абмежаваннямі рэалізаваць сябе ў дзейнасці, атрымаць пэўныя працоўныя навыкі, знайсці сяброў і добрых знаёмых. “Тут ёсць творчая майстэрня для заняткаў у гуртках па інтарэсах; памяшканне для працоўнай рэабілітацыі і працатэрапіі; зала адпачынку, — расказала дырэктар сацыяльнай установы Раіса Макараўна Мышкавец. — Дзякуючы кіраўніку гурткоў Ірыне Яўгенаўне Шостыр, яе сапраўды незвычайным рукам, спагадліваму і шчыраму сэрцу маладыя інваліды адчулі сябе людзьмі, здольнымі зрабіць нешта цікавае, патрэбнае іншым. Тры чалавекі з абмежаванымі магчымасцямі праходзяць адаптацыю працоўнай рэабілітацыі. Уладкоўваюцца яны сюды праз цэнтр занятасці, які й аплачвае расходы на шыццё пасцельнай бялізны і ручнікоў. Летась было выдаткавана на набыццё тканіны 28 мільёнаў рублёў. Гатовыя швейныя вырабы ідуць у дамы-інтэрнаты. Частку іх у якасці падарункаў атрымліваюць жабінкаўцы на Дзень сям’і і Дзень маці пад час правядзення мерапрыемстваў і 85 і 90-гадовыя юбіляры, што знаходзяцца на надомным абслугоўванні. Словам, карысць ад гэтай справы дваякая”.
На развітанне з гасціннымі супрацоўнікамі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пацікавілася ў дырэктара Раісы Макараўны планамі на будучыню. Яна заўважыла, што калектыў дружны, працавіты, спагадлівы і чулы да чужых праблем. Марыць адкрыць у Цэнтры аддзяленне дзённага знаходжання пажылых людзей, дзе б яны знаходзіліся пад наглядам спецыялістаў і з карысцю праводзілі час, ёсць такая паслуга ў Століне. Хочацца кіраўніку сацыяльных работнікаў арганізоўваць прыёмныя і гасцявыя сем’і для састарэлых адзінокіх людзей. Думаецца, што яе энергічнасці, вопыту хопіць, каб задуманае ажыццявіць. Дапамогуць, вядома, спецыялісты, якіх лічыць прафесіяналамі, добрымі і чулымі людзьмі.
Людміла КОСЦІНА.

На здымках: Р.М.Мышкавец; М.А.Будзько, Н.М.Літвінюк, Н.У.Іваноўская; А.М.Кавальчук, М.У.Судас; Г.М.Ундзярук, Л.А.Мароз, А.М.Бойка; В.А.Каско, І.Л.Шыбут, В.М.Лясковіч; І.Я.Шостыр з маладымі інвалідамі.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top