Ля зіхоткіх лясных прыгажунь

Ля зіхоткіх лясных прыгажунь

IMG_3128

Традыцыйна напярэдадні навагодніх святаў у нашай краіне праводзіцца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, пад час якой дарослыя дараць хлопчыкам і дзяўчынкам чароўную незабыўную казку, надзею на ажыццяўленне мар і жаданняў.
У рамках гэтай акцыі трое жабінкаўскіх дзяцей удзельнічалі ў свяце ля сталічнай ёлкі, якое праходзіла з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

***

Берасцейская прыгажуня-ялінка запрасіла да сябе ў госці пятнаццаць школьнікаў. На гэты раз у карагодзе ля яе кружыліся актывісты школьнага жыцця, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў з Азяцкай, Ленінскай, IMG_3148 копияСтарасельскай, Ракітніцкай школ і трох гарадскіх адзінаццацігодак.

***

Раённая дабрачынная ёлка як заўсёды была праведзена ў гарадскім Доме культуры з удзелам юных жабінкаўцаў. У ёй акрамя выдатнікаў у вучобе, спартсменаў, юных творцаў удзельнічалі дзеці-сіроты, тыя, хто застаўся без бацькоўскай апекі, выхаванцы апякунскіх сем’яў. Словам, з Дзедам Марозам і Снягуркай, іншымі казачнымі героямі сустрэліся восем дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх васьмікласніца СШ №3 г.Жабінка Таццяна Смеракоўская, работа з саломкі якой адзначана дыпломам рэспубліканскага конкурсу-выставы “Калядная зорка”. Юная ўмеліца ўзнагароджана граматай сорак чацвёртай абласной выставы “Вясёлкавы калейдаскоп” за творчы падыход у распрацоўцы саламянай кампазіцыі. Таццяна Платонава і Наталля Юбко з гэтай жа школы таксама ўдзельнічалі ў навагоднім дабрачынным карагодзе. Дзяўчаткі прызёры другога этапу рэспубліканскай алімпіяды ў працоўным навучанні. Ад азяцкіх школьнікаў на IMG_0983навагоднім бале-маскарадзе ў Жабінцы былі пераможца раённай алімпіяды па АБЖ Яўген Дарашук і прызёр навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” Мікалай Бокач.
Са святам чароўнасці, казачнасці дзяцей павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мартысюк, а Дзед Мароз і Снягурка ўручылі салодкія падарункі. Дарэчы, на набыццё іх фінансавыя сродкі былі выдзелены з абласнога і раённага бюджэтаў.

***

Не абышлося без саладосцяў-падарункаў і яшчэ на адной дабрачыннай ёлцы, якая сабрала ў вясёлым карагодзе дзяцей-інвалідаў. Арганізатарамі яе былі спецыялісты раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ператварыць свята ў маленькі і прыемны цуд ім дапамагла, паводле добрай традыцыі, старшыня раённага Фонду міру Любоў Іванаўна Ярмашук, якая выдзеліла сродкі на набыццё 73 падарункаў, а спецыялісты Цэнтра паднеслі ім фламастары. Хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі вершы, адгадвалі загадкі, спявалі песенькі, вадзілі карагоды з Дзедам Марозам і Снягуркай, іншымі навагоднімі героямі.
Незвычайны сюрпрыз дзецям падрыхтавалі свавольнікі-артысты гарадскога Дома культуры. Яны запрасілі гасцей на тэатралізаванае відовішча “Чароўныя рукавічкі”, дзе акрамя асноўных навагодніх герояў радавалі выдумкай і цікавымі гісторыямі Кот Матроскін, Пэпі Доўгая Панчоха, Калючая Сцюжа, Баба Яга, Лясун, Злосны Воўк, Мэры Попінс, ролі якіх выконвалі Ілля Мяльчарык, Алёна Кінева, Эльміра Гаджыева, Уладзімір Дзмітрук, Яна Макасюк, сын і матуля Данік і Ліяна Дзмітрукі, іншыя.
Удзячныя ўсмешкі і воплескі, шчырыя выказванні гледачоў пасля відовішча, у якім дабро атрымала перамогу над злом, былі адзнакай таленту самадзейных артыстаў і рэжысёра Аксаны Капчук. Дзеці зразумелі, што цуды абавязкова здараюцца ў навагоднюю ноч.

***

А як удзельнічалі ў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, што праводзіцца ва ўсёй краіне з 1995 года, у суседнім раёне, расказаў начальнік Кобрынскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Дзяніс Сакадын. У сваёй інфармацыі зазначыў, што вопыту ўдзелу ў падобных мерапрыемствах у іх няма, таму хваляваліся, адчувалі асаблівую адказнасць. Ім хацелася, каб мерапрыемства было падобнае на чароўную казку з Дзедам Марозам, які выконвае жаданні. Высветлілі, што ў калектыве працуе шматдзетная мама Алена Рыгораўна Гева, якая выхоўвае трох сыноў Максіма, Валянціна, Сяргея. Для дзяцей супрацоўнікі камітэта арганізавалі ўдзел у навагоднім ранішніку, накрылі салодкі стол, уручылі падарункі, у сяброўскай гутарцы пастараліся стварыць цёплую хатнюю атмасферу, падрыхтавалі сюрпрыз, які прымусіў паверыць у тое, што ўсё-такі Дзед Мароз ёсць.
Людміла КОСЦІНА.
На здымках: пад час дабрачыннай ёлкі, арганізаванай цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для інвалідаў.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top