Лёс святара: ад Сяхновіч да Фларэнцыі

Лёс святара: ад Сяхновіч да Фларэнцыі

isj_levickiy_v_1890

Паўгода таму зусім нечакана даведаўся, што мяне шукаюць. Правільней сказаць, шукалі не мяне, а высокага барадатага мужчыну, які ўважліва паглядаў са старой фотакарткі, трымаючы на руках маленькую дзяўчынку… Мяне ж прасілі дапамагчы ў пошуку.
ІНШЫМІ СЛОВАМІ, у сярэдзіне ліпеня 2014 года з абласнога краязнаўчага музея мне перадалі ліст, які пачынаўся радкамі: “Добры дзень. Пішуць Вам сёстры Лявіцкія (па дзядулі і прадзеду). Мы займаемся аднаўленнем свайго радаводу. Наш прадзед, стваральнік рускай праваслаўнай царквы ў імя Раства Хрыстова ў Фларэнцыі, Уладзімір Іванавіч Лявіцкі. Ён нарадзіўся ў сям’і святара ў беларускім сяле Сяхновічы, маёнтку бунтаўшчыка Касцюшкі, быў адным з лепшых вучняў Літоўскай семінарыі і Санкт-Пецярбуржскай Духоўнай акадэміі. Пасля яе заканчэння прызначаны ў Ніцу, а затым ў Фларэнцыю. Яго жонка На-дзея Восіпаўна была дачкой парыжскага протаіерэя Восіпа (Іосіфа) Васільева (гэта аб ім пісаў Валянцін Пікуль у аповесці “Як трава ў полі”).
На ўсіх сайтах, прысвечаных Сяхновічам, аб Лявіцкіх ніхто не піша. У матэрыялах Жабінкаўскага 3388краязнаўчага музея прозвішча таксама не мільгае. Калі ласка, дапамажыце знайсці выхад на краязнаўцаў, якія займаюцца гісторыяй Сяхновіцкай царквы. Мы спадзяемся, што некалі нам пашчасціць самім прыехаць на радзіму продкаў”.
Пад лістом стаялі кантакты І.У.Бразгіной і А.У.Кірылавай. Гэтак пачалося наша завочнае знаёмства.
Адразу ўпэўніўся: маю справу з вельмі адукаванымі і дапытлівымі асобамі. Ірына Уладзіміраўна закончыла бібліятэчны факультэт Ленінградскага інстытута культуры, зараз загадвае кніжным магазінам ў Пецярбурзе. Яе сястра — калега-журналіст, загадчык аддзела падпіскі ў часопісе “Сіці-менеджар” (Екацярынбург). Менавіта ад Аксаны Уладзіміраўны паходзіла ініцыятыва, што неўзабаве захапіла нашчадкаў Лявіцкіх. Пра пачатак пошуку яна расказала наступнае: “Сабралі ўсе вядомыя нам факты: дзеда звалі Андрэем Іванавічам Лявіцкім; ён нарадзіўся ў Давосе ў 1902 годзе, дзе паміраў ад сухотаў ягоны бацька… Да дзевяці гадоў мой дзед з маці Зінаідай Андрэеўнай жыў у родзічаў у Фларэнцыі, затым пераехаў у Пецярбург; большасць ягоных сваякоў духоўнага паходжання, сярод іх быў нават настаяцель Ісаакіеўскага сабора.
Вось і ўсё. Спытацца няма ў каго. Дзед, бабуля і дзедавы стрыечныя сёстры ўжо памерлі. Мама і яе сястра таксама нічога не ведаюць: у сям’і тэма родных і радаводу не абмяркоўвалася”.
Вядома ж, у савецкія часы афішыраваць сваё непралетарскае паходжанне было небяспечна. У чым змог пераканацца і Андрэй Іванавіч Лявіцкі (1902-1978), дзядуля Ірыны і Аксаны. Баявы афіцэр, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За абарону Масквы”, знаўца многіх моў, гісторык па адукацыі, які прысвяціў сябе краязнаўству, ён таксама не пазбег рэпрэсій і зняволення. У яго быў вельмі нялёгкі і цікавы лёс.
Аднак гэтым разам нас больш цікавіў ягоны бацька — Уладзімір Іванавіч Лявіцкі (1842/1843-1923), нараджэнец жабінкаўскай зямлі, які пакінуў глыбокі след у Італіі.
ПРОЗВІШЧА ЛЯВІЦКІХ сустракалася мне і раней. Ведаў, што адзін з іх, Іаакім Лявіцкі, у канцы ХІХ стагоддзя быў епіскапам брэсцкім; другі, больш вядомы пад псеўданімам Ядвігін Ш., стаяў ля вытокаў сучаснай беларускай літаратуры; трэці… Менавіта трэці — Іаан (Іван) Лявіцкі — вельмі шчыльна быў звязаны з Вялікімі Сяхновічамі і іншым знакамітым нараджэнцам гэтага сяла епіскапам Ігнаціем Жалязоўскім (1800-1872). Узімку 1875 года імператар Аляксандр ІІ даў дазвол на стварэнне стыпендыі для дзяцей-сірот імя І.Жалязоўскага, сярод яе заснавальнікаў значыўся і “блізкі сваяк памерлага епіскапа” І.Лявіцкі.
Ліст ад І.У.Бразгіной і А.У.Кірылавай запатрабаваў новых росшукаў. Высветлілася, што айцец Іаан Лявіцкі, які жаніўся на дачцэ ўладыкі Ігнація, у 1840 годзе прыняў сяхновіцкі прыход. Тут у яго нарадзіліся сыны: герой нашага расказу Уладзімір і яго браты Павел (1846-1888)(у будучым настаяцель царквы ў Палаўцах) і Аляксандр. Жонка Іаана і яго наймалодшы сын былі пахаваны ля храма ў Вялікіх Сяхновічах. Зусім іншы лёс чакаў найстарэйшага сына.
НАДЗЕІ ВАСІЛЬЕВАЙ было ўсяго шаснаццаць, калі яна была заручаная з 23-гадовым студэнтам духоўнай акадэміі Уладзімірам Лявіцкім. Ішоў 1866 год, а ўжо ў наступным адбылося вяселле і маладая пара пераехала ў Ніцу. Падарожжа “да цёплага мора” было звязана са службай маладога: у Ніцы айцец Уладзімір атрымаў свой першы прыход.
Уладзімір Іванавіч пакінуў кароткую “Храналогію летніх знаходжанняў”, дзе лаканічна пазначаў важныя сямейныя падзеі. Напрыклад, вось як расказвае ён пра падарожжы 1871 года: “У канцы мая — морам у Геную, потым у Вену, Варшаву, Брэст (абкрадзеныя на станцыі жыдамі), Сяхновічы. Ліпень і жнівень — у Гатчыне. Верасень — у Сяхновічах. Пасля вяртання ў Ніцу 12/25 кастрычніка памерла Саша…”.
Саша — маленькая дачка, якая пражыла ўсяго 15 месяцаў. Увогуле, у сям’і было шмат дзяцей, аднак ніхто не перажыў бацьку. Таму нават у скупых ягоных заметках адчуваецца глыбіня трывогі за родных і сапраўднае гора ад заўчасных стратаў.
У рэшце рэшт усе свае сілы свяшчэннік скіраваў на стварэнне непаўторнага храма ў Фларэнцыі, куды быў пераведзены ў 1878 годзе.
ГЭТАЙ НЕЗВЫЧАЙНАЙ для Італіі царквой фларэнційцы дасюль ганарацца. 45-гадовыя справы айца-заснавальніка не канулі ў Лету.
Захаваўся падрабязны “Журнал будаўніцтва храма”, які вёў Уладзімір Іванавіч. Гэта быў першы рускі царкоўны будынак у Італіі, у ліку ахвяравальнікаў выступалі сыны Аляксандра ІІ, прадстаўнікі пасольства, расійскай калоніі. Архітэктарам храма стаў Міхаіл Праабражэнскі, над унутраным начыннем шчыравалі пецярбуржскія і фларэнційскія мастакі.
Чын асвячэння царквы, названай у гонар Раства Хрыстова і ў імя Святога Мікалая Цудатворцы, адбыўся восенню 1903 года. На сённяшні дзень гэта не проста адметны праваслаўны архітэктурны помнік, але й выразная згадка пра выдатнага нашага земляка, які прысвяціў сваё жыццё распаўсюджванню веры ў далёкім краі.
На здымках: протаіерэй фларэнційскі Уладзімір Іванавіч Лявіцкі (здымак 1890-ых гадоў); храм у гонар Раства Хрыстова і ў імя Святога Мікалая Цудатворцы ў Фларэнцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top