Untitled-13

Сталі навасёламі

На 1 студзеня 2015 года ў горадзе Жабінка на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаіць 822 чалавекі. З іх шматдзетных — 24, маючых права на жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання (дзеці-сіроты, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў) — 93. Летась гэты спіс “пакінулі” і сталі навасёламі 67 гараджан. Дарэчы, што датычыцца шматдзетных сем’яў, дык 9 з іх пасяліліся ў 40-кватэрным ЖБСК-25 у мікрараёне цукровага завода. 27 жабінкаўцаў здзейснілі ў мінулым годзе сваю мару і атрымалі доўгачаканыя акты аб прыёмцы індывідуальнага жылля.

Зімой думаць пра вясну

1535 тон насення зерневых і зернебабовых культур падрыхтавалі гаспадаркі раёна пад яравую сяўбу. Як паведаміла начальнік Жабінкаўскай дзяржаўнай інспекцыі насенняводства, каранціну і аховы раслін А.А.Клочка, пасяўнога матэрыялу назапашана пад поўную патрэбу, ён правераны і адпавядае дзяржаўным стандартам. Аднак да пэўных якасных паказчыкаў не даведзена насенне проса з СВК “Шпіталі” і “Вазнясенскі”, ААТ “Жабінкаўскі”.
На 6 студзеня ў інспекцыі было праверана таксама 26 тон насення шматгадовых траў, з іх 21,3 тоны кандыцыйнае, а астатняе — засмечанае. Перад агранамічнымі службамі сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена задача да 15 лютага падрыхтаваць яго да пасяўных кандыцый.

“Дуб і жалуды”

Так называецца чарговая кніга пісьменніка Расціслава Бензерука, якая выйшла ў свет напрыканцы 2014 года. З цеплынёй, пяшчотай і сынавай любоўю аўтар у аўтабіяграфічным рамане “Векавая груша за акном”, аповесці “Дуб і жалуды” і апавяданнях расказвае пра свой край і блізкіх сэрцу людзей. Пісьменнік праз непаўторнасць палескіх краявідаў і трапнасць жывапіснай дэталі стварае карціну роднай зямлі, партрэты жыхароў Жабінкі, Стрыганца, Ракітніцы, Задзерці пасляваеннай пары. Вокладку кнігі аформіла мастачка Вольга Данілюк з Жабінкі.

Лепшы знаўца сямейных традыцый

У снежні раёнка ўжо пісала пра вучня 7 “А” класа гарадской сярэдняй школы №3 Міхаіла Лук’янчыка, які стаў пераможцам абласнога этапу конкурсу сацыяльных праектаў “Мая сям’я — мой гонар” у намінацыі “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Конкурс праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Міхаіл быў узнагароджаны дыпломам і пуцёўкай у нацыянальны дзіцяча-аздараўленчы лагер “Зубраня”.
І вось чарговая прыемная навіна. Работа Міхаіла Лук’янчыка “Падарожжа з дылетантам” адзначана Дыпломам І ступені ў рэспубліканскім этапе конкурсу. Дарэчы, у падрыхтоўцы праекта актыўны ўдзел прымалі бацькі, старэйшы брат, малодшая сястрычка, бабуля і дзядуля падлетка. Кожны з іх можа падпісацца пад словамі “Мая сям’я — мой гонар”.
Міхаіл шмат ведае пра сваіх продкаў, ганарыцца сваімі роднымі, паважае сямейныя традыцыі. Ён яскрава перадаў гэтыя пачуцці ў відэароліку, чым і заслужыў перамогу на рэспубліканскім узроўні.

Да мазыраўчан у госці

Калектывы мастацкай самадзейнасці ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” вядомыя не толькі ў нас, але й ва ўсёй Беларусі і нават за яе межамі, у прыватнасці, бельгійцы і палякі неаднойчы авацыямі праводзілі са сцэны танцораў-цукравікоў. На навагодні карпаратыў іх запрасілі калегі-харчавікі з ААТ “Мозырсоль”. Чаму? Калі ў чэрвені быў фестываль мастацкай самадзейнасці “Белдзяржхарчпрама” дык жабінкаўскія самадзенйыя артысты ўразілі сваёй творчасцю кіраўніцтва “Мозырсолі”. Ягоны дырэктар Г.А.Богдан вырашыў паказаць сваім калегам на які ўзровень можна вывесці самадзейнасць прадпрыемства і як адшукваць таленты ва ўласным асяродку. І таму даслаў запрашэнне.
У госці да мазыраўчан ездзілі ансамбль народнай песні “Раздолле”, салісты, танцоры. Канцэртная праграма доўжылася больш гадзіны і па адносінах гаспадароў адчувалася, што яны ўдзячныя жабінкаўцам за прыемна праведзены час. На развітанне госці атрымалі падарункі.

Дасвяткаваліся…

Як паведаміў намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” па абслугоўванні насельніцтва Леанід Карповіч, навагоднія святы прайшлі ў Жабінцы больш-менш спакойна. З пераломамі, вывіхамі і атручваннямі навагоднімі стравамі грамадзяне ў лячэбную ўстанову не звярталіся. Толькі 1 студзеня ў рэанімацыйнае аддзяленне былі дастаўлены тры 14- і 15-гадовыя дзяўчыны ў стане алкагольнага ап’янення. Намеснік галоўнага ўрача абвергнуў чуткі, што “хадзілі” па горадзе, быццам дзяўчаты абкурыліся спайсамі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*