Сумаваць не даводзіцца

Сумаваць не даводзіцца

IMG_1130

З якім нецярпеннем дзеці чакаюць канікулаў! Можна паспаць уволю, пачытаць для душы, а не паводле праграмы, сустрэцца з сябрамі, наведацца ў зімовы лес.
Аднак і пад час адпачынку навучэнцы не забываюць дарогу ў родную школу. Штодзень у навучальных установах праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. У трэцяй гарадской школе ў час канікулаў прайшла гумарыстычная спартландыя “Вясёлыя старты” з удзелам дзесяцікласнікаў. Для вучняў сёмых класаў была арганізавана таварыская сустрэча ў баскетболе. Першакласнікі наведалі рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, вучні 5-6 класаў пабывалі на экскурсіі ў Жабінкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў Малых Сяхновічах, а дзевяцікласнікі і дзесяцікласнікі — на Лядовай арэне ў Кобрыне.
Завітаўшы ў школу на канікулах, кожны навучэнец знойдзе сабе занятак па душы і па інтарэсах (раней іх называлі гурткамі): “Англійская драма”, “ЮІД”, “Стралковы”, “Камандныя гульнявыя віды спорту (баскетбол, валейбол, міні-футбол)”. Запланаваны і задачкі для розуму — інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”, у якой паспаборнічаюць навучэнцы 8-9 класаў.
Аднак веды — сіла, а спорт —
здароўе. Таму вялікая ўвага надаецца, безумоўна, здароваму ладу жыцця. Адзінаццацікласнікі трэцяй гарадской школы Генадзь Кудзін, Анатоль Варабей, Дзмітрый Дзяркач і Вадзім Герасіменка (на здымку) сябруюць са спортам. Разам са сваімі настаўнікамі фізічнай культуры Ігарам Салеем і Георгіем Шкуратам хлопцы выйшлі на “Вясёлую лыжню”. Снегу для сапраўднай лыжні малавата, а прабегчыся на лыжах ой як хочацца. Тым больш, як пісаў класік: “Мароз і сонца, дзень цудоўны!”. Юнакі спадзяюцца, што сёлетняя зіма ў адрозненне ад мінулагодняй дазволіць ім накатацца на лыжах і каньках удосталь.
У суботу ўлюбёных у спорт дзесяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў чакае міні-футбол. Напярэдадні ў яго гулялі шасцікласнікі.
Карацей кажучы, пад час канікулаў сумаваць ні вучням, ні настаўнікам не даводзіцца.
Наталля ВАЛОШКА.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*