Шчасця — кожнаму свайго!

Шчасця — кожнаму свайго!

IMG_0946Гэтая таленавітая дзяўчына нарадзілася ў асаблівы зімовы дзень, калі яшчэ наперадзе рэшта снежня, увесь студзень і люты (якія, бывае, апраўдваюць свае назвы), але ўжо пачынаеш думаць: “Мінула самая доўгая ноч — далей дзень усё больш сіл будзе набірацца”.

Адным словам, Аня Макавецкая, народжаная менавіта ў такі дзень, напярэдадні Новага года расказала крышку пра сябе. Біяграфія пакуль кароткая: пасля трэцяй гарадской школы ў Жабінцы яе чакаў ліцэй горада над Бугам №1 імя А.С.Пушкіна. Пад кіраўніцтвам Таццяны Сяргееўны Струс дзяўчына сем гадоў асвойвала фартэпіяна. Ад яе, выкладчыцы, гэтыя адчуванні прыгожага музычнага рытму, слыху.
— А цяпер я на гэтай працы! — гаворыць з усмешкай Ганна Мікалаеўна.
Праца, дзе патрэбныя ўсе пералічаныя адчуванні, — у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, а калі канкрэтна: у арганізацыйна-метадычным цэнтры. Год 2014-ы запомніцца і тым, што Ганна ўладкавалася сюды.
Але ж, трэба было прайсці адпаведны шлях. Пасля ліцэя ў Брэсце — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе, дзе выкладалі такія вядомыя журналісты, як Віктар Марціновіч, Эдуард Мельнікаў, Эльміра Усманава (яна ўсё больш распавядала студэнтам пра гендэрнае выхаванне). Што прыцягвала Ганну ў такой сапраўды еўрапейскай адукацыі, дык гэта свабодны палёт думкі, а творчыя экзамены патрабавалі напісання эсэ, умення разважаць услых на зададзеную тэму, а яшчэ веданне моў: англійскай, французскай, літоўскай, польскай.
А далей, як гэта нярэдка бывае, шляхі-дарогі прывялі на малую радзіму, і са снежня 2014 года Ганна працуе ў АМЦ. Творчых задум нямала, чакае, што яны збудуцца ў годзе, які ля парога. Няхай толькі прыйдзе і адразу атрымае нямала заданняў!
А пакуль гадзіннік не адлічыў апошнія хвіліны 2014 года, Ганна Макавецкая надзвычай ёмка выказала свае пажаданні: “Шчасця — кожнаму свайго!”
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: метадыст АМЦ аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Г.М.Макавецкая.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top