Песня, праспяваная разам

Песня, праспяваная разам

IMG_3115

Напярэдадні Калядаў і Новага года была падведзена прыгожая рыса пад міжнародным праектам “Вёска, якая не павінна знікнуць”.

НЕЯК НАДТА ХУТКА праляцелі чатыры гады, калі на Брэстчыне дзейнічаў — проста фантаніраваў ідэямі! — праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Яго стварылі і насыцілі цікавымі справамі берасцейцы Ларыса і Аляксандр Быцко. У гэтай задуме ім пасадзейнічалі нямецкі фонд “Памяць. Адказнасць. Будучыня”, міжнародная арганізацыя “Паразуменне”, шматлікія сябры-аднадумцы. Прынамсі, медыйную падтрымку IMG_3131“Вёсцы…” актыўна аказвалі многія СМІ, у іх ліку і наша “Сельская праўда”.
ЛЕТАСЬ СТВАРАЛЬНІКІ ПРАЕКТА сем месяцаў гасцявалі ў Малых Сяхновічах. І не проста гасцявалі, а сапраўды працавалі, ствараючы атмасферу радасці не толькі для колішніх вязняў фашызму, дзяцей вайны, што з малых гадоў памятаюць ліхалецце, але й усіх, хто змог наведаць вёсачку ў час святаў, якія ладзіліся намаганнямі стваральнікаў праекта.
Тыя пасля развітання з Жабінкаўшчынай рушылі на Маларытчыну, а затым і Янаўшчыну. А калі і гэтыя вандроўкі скончыліся, 21 снежня, зноў завіталі пад дах Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, адкуль усё і пачыналася. Аднак цяпер прыйшоў час падвесці вынікі і паставіць, на вялікі жаль, кропку пад праектам, да якога многія ўжо “душой прыраслі”.
Шкадаванне пра тое вымушанае расстанне гучала не толькі з вуснаў Ларысы Мікалаеўны Быцко і яе сяброў, але й пажылых людзей, атуленых за чатыры гады дабрынёй і спагадай. Вядома, з асаблівай цеплынёй успаміналі тых, хто пайшоў у іншы свет, ды хоць крышку паспеў далучыцца да агульнай цікавай справы…
І ўсё ж найперш прыгадвалася харошае: як нямецкія валанцёры дапамагалі старым людзям з рамонтам, як разам падарожнічалі па музейных мясцінах, як ладзіліся майстар-класы і канцэрты, што збіралі шматлікіх гледачоў “па гарадах і весях”, многа-многа рознага, вельмі патрэбнага — усяго і не ўспомніш адразу…
Цяпер гэта таксама гісторыя — кожнага паасобку і ўсіх ра-зам. Таму на гэтую прыемную і адначасова трохі настальгічную вечарыну прыехалі як “людзі маларыцкія” (з вёсак Ужова і Грушка), так і мясцовыя з Малых Сяхновічаў, Мажэйкаў, Семенаўцоў, Багноў.
Іх, даўно пасівелых, сустракалі ветліва і вялі па пакоях супрацоўнікі музея на чале з дырэктарам Жаннай Падрубнай. Песенныя прывітанні гучалі з вуснаў загадчыцы Маціевіцкага сельскага клуба Ларысы Прыймачук і таленавітых дзяцей з другой гарадской школы. Было вельмі цікава і прыемна назіраць, як песні, пачатыя наймалодшым пакаленнем, падхоплівалі больш сталыя людзі. Уяўна адчувалася повязь паміж імі. Бо песня, праспяваная разам, бы нябачная нітка, што ўзнімае не толькі настрой, але й моцна злучае нават чужых людзей. А тут, па сутнасці, такіх не было! Трэба было бачыць, як размаўлялі паміж сабою былыя гастарбайтары Зінаіда Маркаўна Баярчук і Аляксандр Каленікавіч Батуля! Адчувалася: шмат чым ім хочацца — проста неабходна — падзяліцца. Яшчэ адно важнае значэнне праекта: ён даваў магчымасць старым людзям адчуць сябе патрэбнымі. Для многіх гэтага не хапала, бы паветра.
Ліхалецце было ў маленстве Марыі Рыгораўны Куліковай. Яна, “як наймалодшая” (бо нарадзілася ўжо ў Германіі, куды яе матулю вывезлі акупанты), трымала “прамову ў адказ”. Жанчына не стамлялася дзякаваць тым, хто парупіўся на праекце, у тым ліку старшыні Крыўлянскага сельвыканкама Анатолю Марчуку. А той, тутэйшы нараджэнец, з задавальненнем трымаў адказ на мясцовым дыялекце, што яшчэ больш падкрэслівала адметнасць нашага краю.
Сваімі думкамі дзяліліся і народны майстар Анатоль Туркоў з Каменца (яго па праву можна лічыць “хросным” праекта), і берасцеец, кандыдат біялагічных навук Мікалай Чаркас. Яны ў ліку “бацькоў-заснавальнікаў” праекта, які стаў ужо гісторыяй.
Усё заканчваецца, нават добрае. Але надоўга захаваюцца фотаздымкі і відэа, зробленыя Андрэем Шыманскім і Аляксандрам Быцко, малюнкі старажылаў, створаныя берасцейскай мастачкай Марыяй Рэдзька, нататкі журналістаў Людмілы Бунеевай, Іны Хоміч.
Арганізатары праекта ўдзячныя за падтрымку прадстаўнікам мясцовых уладаў: намесніку старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, былому начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама А.А.Старыцкаму і сённяшняму кіраўніку гэтага аддзела Н.В.Куракевіч, старшыням Сцяпанкаўскага і Крыўлянскага сельвыканкамаў М.Г.Ягорчанкаву і А.Ф.Марчуку.
КАЛЯ ТЫСЯЧЫ ЧАЛАВЕК! Столькі налічылі гледачоў на сваіх канцэртах, што праводзіліся ў рамках “Вёскі…”, самабытныя фальклорныя выканаўцы з Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы.
Прыгожым вынікам стаў фотаальбом “Твары вёсак, якія знікаюць”, прэзентаваны арганізатарамі ў той дзень. На здымках захаваліся людзі, што перажылі многае, але не страцілі веру ў спагаду і дабрыню. Пра тое яны шчыра гаварылі, і словы іх занатаваныя ў кнізе.
Вёскі, на жаль, знікаць могуць — разам з людзьмі, што адыхо-дзяць у нябыт, — але ж спагада і дабрыня, харошыя справы ды песня, праспяваная разам, жыць будуць. Абавязкова.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: А.К.Батуля з Багноў і сяхноўка З.М.Баярчук сустрэліся на свяце;
а вось і прыгожыя твары сённяшняга пакалення:
дызайнер фотаальбома Іна Хоміч і старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Марчук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top