Музыка, чараўнік і казачны герой

Музыка, чараўнік і казачны герой

_DSC8303

Самы галоўны і чаканы госць навагодняга свята — Дзед Мароз і яго “каманда” казачных персанажаў. У школах, дзіцячых садзіках, Дамах культуры ладзяцца навагоднія ранішнікі для тых, хто верыць у цуд і чакае казку. Сапраўдныя Дзяды Марозы, як вядома, жывуць няблізка: адзін — на крайняй поўначы, другі — у Белавежскай пушчы. Таму павіншаваць маленькіх і дарослых за адну ноч, яны, зразумела, не паспяваюць. На дапамогу ім прыходзяць добраахвотныя памочнікі — дарослыя самых розных прафесій, якія могуць і ўмеюць узняць настрой хлопчыкам і дзяўчынкам. З адным з такіх памочнікаў вырашыла пагутарыць.
Знаёмцеся, 21-гадовы Ілля Учаеў, стаж “работы” Дзедам Марозам тры гады.
— Ілля, якая ў вас прафесія?
— Музыка. Летась паспяхова адвучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным музычным каледжы, дзе атрымаў спецыяльнасць “харавік-дырыжор”. Езджу на працу ў Жабінку — вучу хлопчыкаў і дзяўчынак разумець і любіць музыку, вяду непасрэдна ўрокі сальфеджыа. А яшчэ з’яўляюся кіраўніком хору “Скарбніца”.
— А як адбылося, што музыка стаў Дзедам Марозам?
— Два гады таму ў Брэсцкім гарвыканкаме мне прапанавалі гэтую ролю на навагоднім ранішніку, які ладзіўся ля елкі на плошчы Леніна. Згадзіўся адразу, бо хацелася паспрабаваць сябе ў “новым вобразе”. Здаецца, усё атрымалася. На наступны год іграў хлопчыка Васю і Фядота-ўдальца ў Брэсце, а ў Жабінцы, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі — зноў Дзеда Мароза. Дарэчы, калі яшчэ ў школе вучыўся, іграў Пятрушку і нават… куст. Найцікавей быць Дзедам Марозам.
— Што трэба, каб дзеці верылі ў гэты персанаж?
— Ведаеце, ніводнае дзіця на ранішніках з маім удзелам не выказалася, што Дзед Мароз несапраўдны. Мой нізкі тэмбр голасу, павольныя рухі, як у старэнькага, прымушаюць дзетак верыць, што я і ёсць Дзед Мароз. Памятаю, як аднойчы пераапрануты прыйшоў павіншаваць маленькага пляменніка родзічаў. Ён з першай хвіліны сустрэчы выгукнуў: “Дык гэта ж наш Ілля!”, а потым засумняваўся, бо ў касцюме мяне не пазнаў. Лічу, дзеці павінны верыць у казку. Абавязкова трэба любіць дзетак — такіх гарэзлівых, непасрэдных, радасных і шчаслівых.
— Цікава, а калі вы самі зразумелі, што Дзед Мароз — прыдумка?
— У школе. Зусім недарэчы пабачыў, як адна з настаўніц пэцкала памадай шчокі і чапляла бараду, а побач на крэсле вісеў чырвоны халат. Было крыўдна і балюча. А я ж верыў, што тую шыкоўна ілюстраваную таўшчэзную энцыклапедыю (між іншым, я люблю яе гартаць дагэтуль) пад елачкай у навагоднюю ноч мне, шасцігадоваму, пакінуў сам Дзядуля Мароз! Цяпер, калі стаў дарослым, спрабую згладзіць гэтую недарэчнасць — прыкладаю ўсе намаганні, каб маленькія як мага даўжэй верылі ў казку! Я гатовы прытуліць і пацалаваць кожнае дзіця на ранішніку, у вачах якога бачу шчырую радасць і веру ў мой персанаж!
— Што вы атрымліваеце ад гэтых раніш-нікаў?
— Неперада-вальную асалоду і задавальненне. Дзеці даюць такі зарад энергіі, што ногі самі просяцца ў скокі. Даводзіцца ўвесь час памятаць, што я “старэнькі”, “з рэўматызмам”. Адзіны “мінус” — горача ў касцюме, валёнках, парыку і барадзе. Усё гэта кампенсуюць радасныя ўсмешкі і залівісты дзіцячы смех.
— Ілля, пад час ранішнікаў бываюць кур’ёзы?
— Ды паста-янна! То словы забуду, і суфлёр падказвае не з той старонкі сцэнарыя, то елачка зіхацець лямпачкамі па маім “загадзе” не жадае. Сёння ледзь смех стрымаў, калі дзяўчо гадоў двух спрабавала павалачы “падарунак” Кікімары амаль з яе ростам.
— Колькі вершыкаў і песенек ведаеце?
— Як музыка, песень ведаю вельмі многа. На сучасных ранішніках спяваюць многа новых куплетаў, якіх не было ў маім дзяцінстве. Праўда, “В лесу родилась ёлочка” і “Маленькой ёлочке холодно зимой” — для многіх пакаленняў. Іх будуць спяваць, мабыць, яшчэ не адзін дзясятак гадоў.
— У дзяцінстве вы пад елачкай знайшлі энцыклапедыю. У глыбіні душы спадзяецеся на цуд і цяпер. Што б хацелі пабачыць пад лясной прыгажуняй у сёлетнюю навагоднюю ноч?
— Не паверыце, вялізную залатую банкаўскую картку! Хочацца, каб мара стала явай (смяецца).
— Што пажадаеце чытачам “Сельскай праўды”?
— Верыць у казку. Яна робіць жыццё лепшым, прыгажэйшым, багацейшым.

***

Разам з Іллёй у навагоднім ранішніку ў Жабінкаўскім ЦТДіМ былі задзейнічаны і іншыя казачныя персанажы: Снягурка, сяброўкі Кікімары, Авечка. Дадзім ім слова!
Снягурка — Вольга Плавух, першы сакратар РК ГА “БРСМ”:
— Сёлета ўпершыню паспрабавала сябе ў новай ролі. Гэта так здорава! Памочніца Дзядулі павінна весяліць дзяцей, вадзіць карагоды, ветліва пасміхацца ўвесь ранішнік. Нібыта ўсё атрымалася. Тое, што з перапуду словы забылася, ніхто і не заўважыў…
Кікімара — Алена Філіповіч, педагог дадатковай адукацыі:
— У ранішніках я задзейнічана шмат гадоў. Ролі выпадалі, як правіла, шкодных герояў: Злаўрэды, Кікімары, шалёнага Зайца, Мачахі. “Ужывацца” ў ролі пачынаем з лістапада. На вуліцы напрыканцы восені гразка, дождж, а ў нашым цэнтры навагодні настрой, і мы яго ствараем самі. Восеньскай хандры тут не месца. Люблю нашы ранішнікі, пасля якіх выдатны настрой “прыношу” дадому.
Кікімара — Вікторыя Міцковіч, кіраўнік вакальнага аб’яднання “Радужны мікс”:
— Дагэтуль я заўжды была Снягуркай, а сёлета стала супрацьлеглым персанажам — Кікімарай. Я ў захапленні! Гэтая роля ідэальна падыходзіць для майго тэмпераменту. Мы ладзім ранішнікі не толькі для дзетак —
для бацькоў таксама. Нядаўна прайшоў “на ўра” мюзікл “У пошуках чароўных крышталікаў”.
Авечка — Наталля Уласюк, кіраўнік гуртка “Мяккая цацка”:
— Мой персанаж сціплы, як і гэтая мілая жывёліна. Спадзяюся, што ў надыходзячым годзе яна не будзе “выбрыкваць”, як яе папярэднік конь.
Яшчэ адзін удзельнік усіх ранішнікаў — Баба Яга. Гэтую ролю нязменна выконвае кіраўнік ЦТДіМ Галіна Іванова. Дзеці і дарослыя з захапленнем сочаць, як Баба Яга гойсае на веніку вакол елачкі, спрабуе “спаліць” яе і сапсаваць свята. Пазнаць дырэктара ў грыме і вопратцы амаль немагчы-ма — “выдае” толькі голас.
Увогуле ўвесь нешматлікі калектыў Цэнтра дапамагае дзецям і дарослым акунуцца ў чароўны свет казкі, у якой дабро заўжды перамагае зло.
Запісала Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: казачныя героі навагодніх ранішнікаў ЦТДіМ.
Фота аўтара.

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top