Нам ёсць кім і чым ганарыцца і ёсць што ўспомніць

Нам ёсць кім і чым ганарыцца і ёсць што ўспомніць

4547362_orig

Сёння апошні дзень 2014 года. Апоўначы куранты абвесцяць надыход новага, 2015-га, і кожны пад іх урачысты звон загадае, каб наступны год быў значна шчаслівейшы за папярэдні. Чым Год гасціннасці вызначыўся ў розных галінах, чым запомніўся жабінкаўцам? Падводзім вынікі.

Юбілейныя даты

У 2014-м Беларусь адзначыла 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай вялікай даце былі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы: выязны семінар ветэранскага актыву, што прайшоў у маі на Жабінкаўшчыне, чэрвеньская абласная акцыя “Дарогамі вызваліцеляў”, вечарыны ў бібліятэках і ўстановах адукацыі (да Дня Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь) і многія іншыя.
***
45-годдзе адсвяткавала ў лютым ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, якое ўносіць свой уклад у развіццё эканомікі нашага раёна і забяспечвае цвёрдым палівам не толькі насельніцтва і прадпрыемствы Жабінкаўшчыны, але і іншыя рэгіёны рэспублікі.
***
У верасні жыллёва-камунальнай службе раёна споўнілася 75 гадоў. Яе работнікі клапоцяцца пра чысціню і ўтульнасць нашага горада і вёсак.
***
29 кастрычніка адзначаліся 70-ыя ўгодкі з дня выхаду ў свет першага нумара раённай газеты “Сельская праўда”.
За сем дзясяткаў гадоў неаднаразова мянялася яе назва, рэдактары, калектыў, але нязменным заставалася адно: раёнка заўжды служыла людзям, расказвала аб асноўных падзеях на Жабінкаўшчыне, аб працаўніках, што славяць свой край.
***
На пачатку снежня Брэстчына адсвяткавала 75-годдзе з дня ўтварэння вобласці.

Будаўніцтва

У мікрараёне цукровага завода райцэнтра на вуліцы Цітова ўзведзены 40-кватэрны дом ЖБСК-25. Дарэчы, гэта апошні жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў у Жабінцы. Усяго за год у раёне ўведзена ў эксплуатацыю 14 тысяч квадратных метраў жылля.
***
Пачалося будаўніцтва новага 40-кватэрнага жылога дома на вуліцы Ф.Скарыны ў Жабінцы. Гэта першы аб’ект, які ўзводзіцца паводле праграмы дзяржаўнага заказу. Яго здача запланавана на май 2015 года.
***
Уведзены ў эксплуатацыю мост праз раку Мухавец, што на ўездзе ў райцэнтр. Яго будаўніцтва доўжылася тры гады, кошт аб’екта склаў 115 мільярдаў рублёў.
***
Пачаў працаваць свінагадоўчы комплекс “Сычова” ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” магутнасцю на 24 тысячы галоў адкорму.

Аграпрамысловы комплекс

У ліпені на базе ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца” адбыўся абласны семінар-вучоба ў пытаннях сучасных падыходаў да тэхналогіі вытворчасці малака і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы.
***
Фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” з 2014 года пачаў праводзіцца ў новым фармаце — на раённым і абласным узроўнях. Раённыя “Дажынкі” прайшлі ў аграгарадку Хмелева, абласныя — у Пінску.
***
Па вытворчасці малака жывёлаводы Жабінкаўшчыны займаюць другое месца ў вобласці і дзявятае — у рэспубліцы сярод 118 раёнаў.
***
Сёлета земляробы раёна намалацілі 54900 тон хлеба — усяго 400 тон не хапіла, каб “пабіць” рэкордны ўраджай спрыяльнага ў раслінаводстве 2008 года.
Звыш 10 тысяч тон збожжа сабралі з хлебнай нівы ў ААТ “Жабінкаўскі”, больш чым 9 тысяч — у СВК “Хмелева”. Сёлета, як ніколі, 28 экіпажаў камбайнераў намалацілі звыш тысячы тон збожжа, 17 вадзіцеляў сталі “тысячнікамі” на яго адвозцы.
***
Цукровыя буракі, нягледзячы на мокрую вясну і спякотнае лета, урадзілі ў СВК “Вазнясенскі” — 755 ц/га, амаль па 500 цэнтнераў з кожнага гектара накапалі ў ААТ “Жабінкаўскі” і СВК “Маціевічы”.

Адукацыя

Настаўніца пачатковых класаў СШ №3 г.Жабінка В.А.Папковіч за прафесійную і творчую дзейнасць атрымала нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Віталіна Аляксандраўна — кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, настаўнік-метадыст, уласным вопытам дзеліцца на ўзроўні рэспублікі.
***
У мінулым навучальным годзе адбыўся рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. У абласным яго этапе прынялі ўдзел 6 жабінкаўскіх педагогаў. Лаўрэатам абласнога этапу конкурсу стала настаўніца інфарматыкі СШ №3 г.Жабінка Алена Вітальеўна Наруш, якая заняла другое месца.
***
Упершыню навучэнцы Жабінкі ў складзе зборнай каманды Брэсцкай вобласці прынялі ўдзел у ІІІ Міжнародным фестывалі “Сузор’е талентаў”, што праходзіў у сталіцы нашай краіны. Дадому жабінкаўскія школьнікі вярнуліся з Дыпломам ІІІ ступені.
***
Парадавала сваімі вынікамі ўступная кампанія-2014. У вышэйшыя навучальныя ўстановы паступілі 49,5% выпускнікоў школ Жабінкаўшчыны. За апошнія гады гэта самы высокі паказчык.
У час уступных экзаменаў “залатая” медалістка ліцэя Настасся Сідорка набрала 100 балаў у цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове.

Ахова здароўя

Цікавыя мерапрыемствы праведзены ў раёне паводле праекта “Здаровыя грама-дзяне — здаровы горад”, зацверджанага рашэннем райвыканкама. Адбыліся акцыі “Дом без насілля”, “Без гэтага можна жыць” (аб шкодзе наркаманіі, алкагалізму і тытунекурэння), месячнікі “За здаровы лад жыцця”, мерапрыемствы, лекцыі і гутаркі ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах Жабінкаўшчыны, спартыўныя спаборніцтвы і інш.

Культура

З ХІІ рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў, што адбыўся ў красавіку пад назвай “Не старэюць душой ветэраны”, жабінкаўскі народны хор “Тонус”, якім кіруе Людміла Васільеўна Дошчык, вярнуўся з Дыпломам ІІІ ступені. Напярэдадні, у сакавіку, калектыў пацвердзіў званне народнага.
***
Тады ж, у сакавіку, званне ўзорнага пацвердзіў ансамбль народнага танца “Каруначкі” (кіраўнік І.Ф.Румко).
А на пачатку года яго малодшая група прывезла Дыплом лаўрэата І ступені з Міжнароднага фестывалю-сустрэчы дзіцяча-юнацкай творчасці, што праходзіў у Брэсце. Аднак найбольшае прызнанне юныя артысты з “Каруначкаў” заслужылі запамінальным удзелам у ІІ Міжнародным фальклорным фестывалі, які адбыўся летам у Польшчы. Арганізатары палічылі жабінкаўскі танцавальны калектыў годным вышэйшай узнагароды — Гран-пры.
***
Міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа” Крыўлянскага СДК па выніках абласнога этапу тэлевізійнага буйнамаштабнага праекта “Я магу” прайшоў у паўфінал.

Узнагароды

У сакавіку 2014-га былі падведзены вынікі спаборніцтва 2013 года сярод арганізацый аграсэрвісу. Калектыў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” выйшаў пераможцам за высокую культуру вытворчасці. Дыплом і галоўны прыз — тэлевізар “Гарызонт” —
былі ўручаны дырэктару таварыства Уладзіміру Мікалаевічу Дземідзюку.
Акрамя таго, ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” прыняла ўдзел у ХХІІ Міжнародным эканамічным форуме, што прайшоў напрыканцы лістапада ў Мінску. Арганізацыя атрымала званне “Лідар галіны — 2013” ад Саюза нацыянальнага бізнес-рэйтынгу Беларусі, а таксама сертыфікат на права аказання паслуг па ўсёй краіне. Дырэктар калектыву ўзнагароджаны ордэнам “Зорка славы. Эканоміка Беларусі”.
Лістапад прынёс кіраўніку Жабінкаўскай сельгастэхнікі яшчэ адну ўзнагароду — Ганаровую грамату Рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсэрвіс”.
***
Напярэдадні чарговай гадавіны з дня ўтварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь медалём “За бездакорную службу” была адзначана праца намесніка начальніка раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўніка юстыцыі Аляксея Іванавіча Струка.

Прэзентацыі

У 2014-м выйшла чарговая кніга вядомага беларускага паэта, нашага земляка, Алеся Каско “Межавыя знакі”. Яе прэзентацыі прайшлі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага, Жабінкаўскай цэнтральнай раённай і Ленінскай сельскай бібліятэках.
Дарэчы, як паэт, Алесь Каско заявіў пра сябе з выхадам вялікай падборкі вершаў у калектыўным зборніку “Нашчадкі”. Крытыка адзначала: “Арганізуючым пачаткам яго твораў, яго паэтычным ідэалам з’яўляецца маці. Цяжка нават сказаць, чаго больш у ягонай падборцы — таленту ці майстэрства. Але адно несумненна — гэта цікавая паэтычная індывідуальнасць” (“Маладосць”, №9, 1980 г.).

Спорт

У VI адкрытым рэспубліканскім турніры ў боксе два выхаванцы Жабінкаўскай
СДЮШАР сталі прызёрамі. Сямён Маяцкі ў вагавай катэгорыі 72 кг узняўся на першую прыступку п’едэстала, Стас Кулінка стаў трэцім у вагавай катэгорыі 76 кг.
***
Каманда валейбалістаў Жабінкаўскай СДЮШАР (трэнер — С.Л.Кісляк) перамагла ў абласным першынстве.
***
Канец сёлетняга года вызначыўся ўвядзеннем 30-працэнтнай камісіі на пакупку валюты і кадравымі перастаноўкамі ва ўрадзе.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top