“Каляднае цяпло” ў Жабінцы

“Каляднае цяпло” ў Жабінцы

DSC_0675

Для кожнага дзіцяці набліжэнне Новага года — гэта чаканне самага чароўнага свята, калі выконваюцца ўсе патаемныя жаданні, адбываецца сапраўдны цуд. Вочы дзетак напаўняюцца бляскам, сэрцы — радасцю і шчасцем.
Менавіта такія эмоцыі 16 снежня адчувалі вучні ДУА «Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат». Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна завіталі ў Жабінку для таго, каб павіншаваць дзяцей з надыходзячым святам. Ужо не першы год студэнты на чале з арганізатарам Валянцінам Мікалаевічам Смалем, праводзяць акцыю “Каляднае цяпло”: збіраюць грошы, цацкі, іншыя неабходныя для дзяцей рэчы, купляюць прысмакі, увогуле, робяць усё, каб стварыць святочную атмасферу ў інтэрнаце.
Акрамя гэтага берасцейскія студэнты зрабілі навагодні канцэрт, галоўнымі героямі якога былі Дзед Мароз, Снягурка і Баба Яга. У праграму ўвайшлі песні, конкурсы, загадкі. І кожнае дзіця магло паўдзельнічаць, а потым атрымаць за гэта прызы і, канечне ж, выдатны настрой.
Пасля канцэрта мне ўдалося паразмаўляць з шасцікласніцамі Настассяй Андрыянавай і Наталляй Кнышэўскай, каб даведацца ад дзяўчынак пра іх уражанні. Запыталася: “Што больш за ўсё спадабалася ў падрыхтаванай праграме?”
— Мне, — адказала Насцечка, — усё вельмі спадабалася. Я рада, што вы прыязджаеце да нас. Настрой проста выдатны!
А вось Наташа вылучыла для сябе самы яркі момант. З усмешкай на твары яна сказала:
— А мне больш за ўсё спадабалася выступленне хлопца, які выконваў фінальную песню.
Бачыць радасць у вачах дзяцей заўсёды прыемна, асабліва, калі ты змог хоць трошкі дапамагчы кожнаму з іх. Са святамі! Няхай грэе маленькія сэрцы і надалей “Каляднае цяпло”.
Кацярына НІКІЦІНА, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
На здымку: Снягурка разам з Наталляй Кнышэўскай і Настассяй Андрыянавай, якія вельмі задаволеныя святам, створаным берасцейскімі студэнтамі.
Фота аўтара.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top