“Хвіліна славы” для “Барбарыкаў”

“Хвіліна славы” для “Барбарыкаў”

_DSC7192

Доўгія русыя валасы, правільныя рысы твару, блакітныя вочы, лёгкая ўсмешка на вуснах. Так выглядае актывістка другой гарадской школы Вольга Цупа. Яна паспявае ўсё і ўсюды. Васьмікласніца выдатна вучыцца, шмат чытае па-за межамі школьнай праграмы, з’яўляецца вядучай шматлікіх школьных мерапрыемстваў, уваходзіць у дзясятку лепшых бегуноў вобласці, прыгожа малюе, цікава піша сачыненні і марыць стаць журналісткай. Аднак у гісторыі школы і, мабыць, раёна, думаю, яна застанецца як самы юны… харэограф! Дзяўчына восем гадоў наведвала заняткі ў ансамблі “Цукарынка”, а цяпер дапамагае асвойваць “азы” танцавальнай “навукі” першакласніцам.
— Вольга, шчыра кажучы, здзіўляюся твайму жаданню займацца з малечай. Дый у старшакласнікаў, якія адказна ставяцца да вучобы, амаль вольнага часу не застаецца…
— Я навучылася размяркоўваць хатнія заданні, хаця на іх падрыхтоўку штодня патрэбна не менш за дзве-тры гадзіны. Калі ў школе аб’явілі конкурс “Хвіліна славы”, адразу нарадзілася ідэя паставіць танец з самымі юнымі вучнямі школы. Мяне падтрымалі і дырэктар, і дзеці. Так з’явіўся калектыў “Барбарыкі”.
— Наколькі складана вучыць дзяцей, калі сама “настаўніца” яшчэ падлетак?
— Разумееце, дзяўчынкі, якім усяго шэсць-сем гадоў, нібы пластылін, падатлівыя, гнуткія. Яны да абеду працуюць з букваром, выводзяць літаркі ў пропісях, таму з задавальненнем спяшаюцца на сцэну, каб далучыцца да танца і элементарна “размяцца”. Скаліёз, зыходзячы з уласнага вопыту, танцорам не пагражае. Дзеці любяць пасваволіць, аднак на рэпетыцыях у нас дысцыпліна, мяне слухаюцца, уважліва сочаць за кожным рухам і прыкладваюць усе намаганні, каб выканаць заданне правільна. Калі не адразу атрымліваецца —
не бяда — падыходжу, тлумачу, паказваю элементы зноў і зноў. Літаральна на трэцяй рэпетыцыі дзяўчынкі змаглі зладжана і правільна выканаць задуманы мною танец. Мы яго паказалі пад час школьнай “Хвіліны славы”. Усім гледачам вельмі спадабалася выступленне, і, як вынік, запаветная перамога! Цяпер у нашым рэпертуары чатыры танцавальныя нумары. Бліжэйшыя выступленні — на навагоднія святы.
— Што трэба для заняткаў?
— Зусім мала — жаданне першакласніц танцаваць. З музычнага абсталявання — запісаныя трэкі на мой мабільны тэлефон. І ўсё. З гэтага мінімуму “Барбарыкі” атрымліваюць максімум.
— Уражана тваёй энергічнасцю і жыццялюбствам. З мабільным тэлефонам прыйсці на рэпетыцыю і нечаму вучыць… Ці можа так стацца, што тваё захапленне танцамі ў спартанскіх умовах перарасце ў нешта большае?
— Магчыма, харэаграфія возьме верх над журналістыкай, з якой я хачу звязаць свой лёс. У мяне яшчэ чатыры гады вучобы ў школе, можа ўсё кардынальна памяняцца. А пакуль тройчы на тыдзень з 16 да 17 гадзін на школьнай сцэне мяне чакаюць дзяўчынкі. Яны такія непасрэдныя, цікаўныя. Я для іх і настаўнік, і сябра адначасова.
— Ну што ж, поспехаў “Барба-рыкам”!
На здымку: кіраўнік танцавальнага калектыву “Барбарыкі” Вольга Цупа з юнымі выканаўцамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro