Тут кожнага чакае дапамога

Тут кожнага чакае дапамога

IMG_3009

Фельчар — прафесія важная

На вёсцы фельчар — патрэбны чалавек. Бо да каго звяртаюцца людзі са сваімі балячкамі? Менавіта да медыка — па неадкладную і ПРАВІЛЬНУЮ дапамогу.
Гэтак разважае пра сваю прафесію і месца яе ў вясковым жыцці фельчар з Арэпічаў Лідзія Васільеўна Бакун.
Яна з вялікай удзячнасцю расказвае пра тое, як клопатам многіх неабыякавах людзей старэнькі будынак яе фельчарска-акушэрскага пункта набыў сённяшняе прывабнае аблічча і ўнутранае начынне — фактычна новае жыццё.
Будынак зачакаўся прыходу будаўнікоў. Пабудаваны ў прыстасаваным доме ў далёкім 1977 годзе, Арэпіцкі ФАП, да слова, рамантаваўся ўжо не ў першы раз, і заўсёды непасрэднае дачыненне да аднаўлення мела Лідзія Васільеўна.
Яна — медык па прызванні. Вось ужо больш за трыццаць пяць гадоў Лідзія Бакун працуе ў гэтым месцы, дапамагаючы вяскоўцам, якія з павагай ставяцца да свайго фельчара.

Яе шлях у Арэпічы

Вёска, што стала з гадамі роднай, зусім недалёка ад Камянеччыны. Але шлях выпускніцы Пелішчанскай дзесяцігодкі да Арэпічаў выдаўся пакручастым. Са школьнай пары Лідзія Свірыдзюк бачыла сябе настаўніцай хіміі. На адпаведны факультэт і падала ў 1970-ым дакументы пасля выпускнога. Хімію, якую любіла, асіліла, ды падвёў экзамен па фізіцы — каб стаць студэнткай, не хапіла ўсяго аднаго бала. Тады разам з сяброўкай Надзеяй Хініч накіравалася ў медвучылішча ў Брэст.
Першай зноў была хімія, і абедзве дзяўчыны здалі складаны прадмет на “выдатна”. Наступным было сачыненне. Абітурыенты, вядома, народ з забабонамі. Раніцай перад іспытам Надзея расказала “жудасны” сон: быццам ёй заплялі дзве касы на галаве! Вось і атрымалася, як у сне “напрарочыла”: колькі косаў — такая і адзнака… У горад над Бугам прыехалі разам, а вучыцца засталася Лідзія адна. Гэты час і праз 40 гадоў згадвае з удзячнасцю: за поспехі ў навучанні мела заўжды павышаную стыпендыю, была ўвесь час старастай групы. Таму пры размеркаванні ішла першай. Тады, у 1974-ым, здавалася, што лепш няма месца, чым у сталіцы. Аднак хутка адчула: Мінск — не для яе, лепей адчувае сябе далей ад сталічнай мітусні і тлуму, сярод роднай зямлі, у бацькоўскім краі. Пагэтаму згадзілася на прапанову кіраўніка аддзела кадраў Брэсцкага абласнога ўпраўлення аховы здароўя Аляксандра Аляксандравіча Чапуры і ўладкавалася старшай медсястрой у стаматалогію, у ІІ тэрапеўтычнае аддзяленне горада над Бугам.
Пераломным у жыцці стала 6 лістапада 1976 года. У гэты дзень Лідзія Васільеўна пабралася шлюбам з Віктарам Аляксандравічам Бакуном, які працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі ў Арэпічах.
— Мой Віктар Аляксандравіч, — з усмешкай гаворыць фельчар, — дамовіўся з галоўным урачом Жабінкаўскай райбальніцы Віктарам Аляксандравічам Санюком, якому быў патрэбны спецыяліст на Арэпіцкім ФАПе. З таго часу нязменна гэты будынак стаў другім маім домам.
Лідзія Васільеўна вядзе па сённяшнім ФАПе і расказвае пра яго мінулае: тагачасны будынак зусім не падыходзіў пад фельчарска-акушэрскі пункт: тры невялічкія пакойчыкі, вестыбюльчык, печка, вады няма, папярэдніца мая нават жыла ў адным з пакояў. Трэба было аднаўляцца!
У тым самым годзе муж стаў старшынёй калгаса “Перамога” (сённяшні СВК “Арэпічы”), і гэта прыкметна дапамагло ў рамонце. Цэнтральнае паравое ацяпленне дайшло і да ФАПа. У такім стане працавалі да 1991-га, калі пачалася рэканструкцыя і да ўстановы былі прыбудаваныя два крылы. Каб мець аўтаномнае ацяпленне, у 1998 годзе зрабілі ўласную качагарку.
— Шэфам калгаса тады была Брэсцкая мэблевая фабрыка, яе вырабы ўпрыгожылі ФАП, — успамінае Лідзія Васільеўна. — Сёлета, калі праходзіў рамонт, прасіла захаваць вялікае пано на сцяне. Гэта не толькі памяць пра былое, мастацкі выраб стварае асаблівую ўтульнасць у памяшканні, выглядае гожа нават праз дзесяцігоддзі.

“Зробім, як трэба!”

Будучае ствараецца сёння. Гэта жыццёвая аксіёма актуальная і для горада, і для вёскі.
Так, зараз і на сяле абслугоўванне павінна быць на годным узроўні. Таму Лідзія Васільеўна ў сваёй просьбе, выказанай ад імя жыхароў Арэпічаў і навакольных вёсак, знайшла паразуменне і ў вобласці, і ў раёне.
— У маім жыцці ўсё адбываецца неяк спантанна, — расказвае фельчар. — У час выбараў была старшынёй участковай выбарчай камісіі. У Арэпічы завіталі кандыдаты ў дэпутаты Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў і Сяргей Васільевіч Мартысюк.
Просьбу вяскоўцаў пра рамонт фельчарска-акушэрскага пункта агучыла ім Лідзія Васільеўна.
У той дзень С.Д.Ашмянцаў заўважыў:
— ФАП у Арэпічах зробім, як трэба! Думаю, грошы на добрую справу знойдуцца.
Тэндар на рамонт будынка выйграла Жабінкаўская райсель-гастэхніка, якую ўзначальвае Уладзімір Мікалаевіч Дземідзюк. Спатрэбілася прыблізна паўмільярда рублёў, выдаткаваных з абласнога бюджэту, каб ФАП змяніў не толькі вонкавы выгляд, але і ўнутраныя інтэр’еры. Працы знаходзіліся пад пастаянным кантролем. На аб’ект наведваліся неаднаразова і старшыня райвыканкама Фёдар Фёдаравіч Каланчук, і ягоны намеснік Анатоль Вітальевіч Шалтанюк, двойчы прыязджаў, каб пабачыць вынікі, нешта параіць, і С.Д.Ашмянцаў.
Прайшло ўсяго тры месяцы, і адноўлены ФАП у Арэпічах зноў запрацаваў, адбылася гэтая прыемная падзея ў жыцці не толькі фельчара і яе памочніцы-санітаркі Валянціны Васільеўны Лось, але й вяскоўцаў 10 верасня.
Яны ў поўнай меры ўжо паспелі адчуць, наколькі палепшылася абслугоўванне на ФАПе. Пра тое сведчаць станоўчыя водгукі, што пакідаюць вяскоўцы і на словах, і ў кнізе заўваг і прапаноў.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Л.В.Бакун ля будынка адноўленага ФАПа ў Арэпічах.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro