Встречи, возвращающие в молодость

Встречи, возвращающие в молодость

Сустрэчы вярталі ў маладосць
Бывае, лёс далёка адводзіць чалавека ад роднага парога, аднак, аддаючы свае веды, здольнасці на карысць іншай зямлі, ён усё ж з цеплынёй згадвае родную. І час ад часу вяртаецца ў бацькоўскі дом. Для Віктара Мікітавіча Андрасюка назаўжды “непаўторнай, адзінай малой радзімай” застануцца нашы Маціевічы. Тут 3 верасня 1933 года ён з’явіўся на свет, сюды прыехаў з Масквы напярэдадні свайго 77-годдзя.
У хаце Андрасюкоў было людна ў той дзень: многім хацелася павітацца з цікавым чалавекам, паслухаць ягоныя ўспаміны.
Бацька Мікіта Паўлавіч быў адукаваным чалавекам: ягоныя схільнасці да ведаў заўважыў маціевіцкі святар, які выклапатаў для хлопчыка месца ў Кобрынскім рэальным вучылішчы, што давала сярэднюю адукацыю. Давучваўся ў далёкім Саратаве, бо ў час Першай сусветнай вайны вучылішча перавялі ў горад на Волзе. Пасля вяртання з бежанцаў Мікіта, чалавек кемлівы і працавіты, набыў тры гектары зямлі, хацеў нават распачаць уласную справу, ды не атрымаў дазволу ад польскіх уладаў. Верасень 1939 года прынёс змены ў лёс нашага краю. Пачалі адчыняцца школы. Але не хапала настаўнікаў, цаніліся людзі з адукацыяй, і Мікіта Андрасюк патрапіў на курсы ў Кобрын. Пасля таго год выкладаў у Крыўлянах, а затым настаўнічаў у родных Маціевічах, затым быў дырэктарам ажно да самай пенсіі.
Бацька клапаціўся, каб сыны атрымалі добрыя веды. Найбольшымі здольнасцямі вылучаўся старэйшы Віктар, якому настаўнік часам дазваляў правяраць нават вучнёўскія сшыткі. У пераможным сорак пятым ён пайшоў вучыцца ў Жабінкаўскую сярэднюю школу. (Дарэчы, сёлета ў Маціевічах Віктар Мікітавіч спаткаўся са сваім аднакласнікам Барысам Барысавічам Кавальчуком, з якім разам скончыў школу ў 1951 годзе). Сярэбраны медаль, атрыманы Андрасюком, дазволіў яму без экзаменаў паступіць у Маскоўскі чыгуначны інстытут імя І.В.Сталіна (сённяшні Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў зносін). Яго прыцягвалі дакладныя навукі і далёкія вандроўкі, таму абраў факультэт эксплуатацыі чыгункі. Вучыўся, як заўжды, старанна, з натхненнем, за гэта атрымоўваў увесь час павышаную стыпендыю, у выніку — чырвоны дыплом і першая ўзнагарода з пазнакаю “лепшаму ўдарніку, што паспяхова закончыў навучальную ўстанову”.
— Радзіма накіравала на працу ў Разань, — з усмешкай згадаў Віктар Мікітавіч, — быццам ведала, што знайду там і добрых сяброў, і таварышаў па службе, і каханне,адзінае на ўсё жыццё. З Нінай Рыгораўнай мы поруч амаль паўстагоддзя, у наступным верасні, дай Бог дажыць, справім залатое вяселле!
За той тузін гадоў, што адпрацаваў на Разанскай чыгунцы, Андрасюк прайшоў шмат прафесійных ступеняў. Пачынаў простым рабочым станцыі — завяршыў намеснікам начальніка па маняўровай рабоце.
У пачатку 1969 года ў жыцці адбыўся круты паварот: Віктар Мікітавіч быў выкліканы ў Маскву, стаў супрацоўнікам Міністэрства шляхоў зносін СССР. А ўжо праз некалькі месяцаў атрымаў новае, вельмі адказнае прызначэнне — начальнік Галоўнага ўпраўлення па перавозках негабарытных грузаў. За гэтымі словамі хаваліся надзвычайная сакрэтнасць і магутнасць Савецкай краіны, паколькі пад наглядам упраўлення адбываліся перамяшчэнні шматлікіх вайсковых эшалонаў, перавозілася абсталяванне для цяжкай прамысловасці, хімічныя і энергетычныя распрацоўкі, нават ядзерныя матэрыялы.
З 1993 года, пасля распаду СССР, і да 2006 года наш зямляк займаў пасаду начальніка аддзела спецыяльных перавозак Міністэрства шляхоў зносін Расійскай Федэрацыі, выкладаючы адначасова ў навучальнай установе, якую некалі бліскуча закончыў. Нават пасля выхаду на пенсію Віктар Мікітавіч па-ранейшаму выкладае, мае актыўную жыццёвую пазіцыю, з’яўляецца дацэнтам кафедры ўпраўлення перавозкамі на чыгуначным транспарце, расказвае сваім студэнтам пра бяспеку і спецыяльныя транспартныя тэхналогіі, якімі валодае дзякуючы шматгадовай працы. Сваімі поглядамі і ведамі Андрасюк дзеліцца ў кнігах, якія напісаў. Сярод 12 выданняў, што выйшлі з-пад яго пяра, найбольш значнай лічыць выдадзеную пазалетась працу “Чыгуначнае права Еўрапейскага Саюза”.
— Кнігі, галоўным чынам, прысвечаны чыгуначным перавозкам небяспечных выбуховых і радыяцыйных матэрыялаў, — заўважыў Віктар Мікітавіч. — Яны сталі добрымі падручнікамі для студэнтаў, бо напісаныя прафесіяналам для будучых прафесіяналаў.
Апошнюю сваю кнігу-даведнік “Небяспечныя грузы” Андрасюк выпусціў у 2009 годзе. Яна створана сумесна з сынам Віктарам Віктаравічам, які пайшоў дарогай бацькі, выкладае ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце шляхоў зносін.
Напрыканцы сустрэчы знакаміты зямляк ад усяго сэрца дзякаваў загадчыцы Маціевіцкага клуба Ларысе Прыймачук, удзельніцы вакальнага гуртка Валянціне Нікулінай за цудоўныя спевы роднай зямлі, што міжвольна вярталі яго ў маленства.
Н.ГАТОЎЧЫЦ, бібліятэкар Маціевіцкай сельскай бібліятэкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top