Сямейнае насілле, або Хатні “допыт” з пагрозаю забойствам

Сямейнае насілле, або Хатні “допыт” з пагрозаю забойствам

Violences-faites-aux-femmes-un-probleme-de-sante-publique-d-ampleur-epidemique

На судзе жыхарка в.Булькова Наталля Х. паведала, што надвячоркам 4-га ліпеня г.г., калі выйшла з хаты, не застала ўласнага аўтамабіля на тым месцы, дзе звычайна пакідала. Сляды колаў прывялі яе неўзабаве ў канаву. Там жа стаяў і яе сужывальнік; хістаўся, ледзь трымаўся на нагах ад моцнага ап’янення. Першая сутычка з ім прайшла даволі бяскрыўдна, абышлася слоўнаю перапалкаю: ён павярнуўся і сяк-так падаўся дадому.
Жанчына баялася горшага працягу, таму, калі машыну выбавілі з канавы, папрасіла аднавяскоўцаў, мужа і жонку, не пакідаць яе, зайсці ў дом. Яны не адмовіліся і тым самым папярэдзілі скандал, бо Андрэй П., сужывальнік, ляжаў на канапе сярод параскіданай бялізны ды іншых рэчаў з незаплюшчанымі вачыма, відаць, чакаў гаспадыню адну. Не атрымалася, і ён пасля нядоўгай мітусні па хаце апрануўся і выйшаў. На жаль, наперадзе быў трэці акт гэтай сямейнай гісторыі, самы сумны і жорсткі.
Дадому Андрэй вярнуўся толькі назаўтра, а шостай раніцы. Яго, п’янага, як і трэба было чакаць, затрымалі супрацоўнікі міліцыі, завезлі ў раённы аддзел і адпусцілі за гадзіну да апоўначы. Дык ён што, кінуўся спыняць спадарожныя машыны, каб як мага хутчэй дабрацца дадому? Не, у Жабінцы купіў паўтарачку піва ды падаўся ў вёску пешкі. Ні доўгая дарога, ні тым болей піва не ацвярозілі яго. У Булькове яшчэ на вуліцы ён пачаў крычаць і лаяцца, а ў хаце даў волю і пагрозлівым словам, і рукам ды нагам. Біў, дапытваўся ў Наталлі: “Гэта ты, с…, заявіла ментам? Яны цябе і вынесуць адсюль!” Ішоў, па сутнасці, садысцкі допыт (нават з перакурам і вымаганнем, у канцы, грошай на пахмелку). Самае горшае, што ў разгары бязлітаснага біцця пацярпелай мужчына, які ўжо мала кантраляваў сябе, пусціў у ход нож, схоплены са стала. Прыстаўляў лязо да яе шыі, выцяў рукаяткаю па цемі, ціснуў клінком у грудзі, там, дзе сэрца… Кінуў нарэшце нож, забраў грошы і рушыў у краму. А што магло б здарыцца, калі б жанчына не застагнала ад болю, не папрасіла літасці, калі б не напалохала ашалелага глумліўца кроў у яе на галаве? Адказ відавочны: непапраўнае.
Менавіта ў пагрозе забойствам перш за ўсё абвінаваціў Андрэя П. раённы суд (арт. 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), пасяджэнне якога адбылося 3 кастрычніка. Другое абвінавачанне — у наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, што выклікала кароткачасовае расстройства здароўя (арт. 153 Крымінальнага кодэкса). Разам яны прадугледжваюць пакаранне штрафам у семдзесят базавых велічыняў. Аднак шляхам частковага складання пакаранняў сямейнаму насільніку прысуджаны штраф у 7,5 мільёна рублёў. Суд палічыў змякчальнай акалічнасцю чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага.
Алена СІДАРУК, намеснік пракурора раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top