Канкурыруюць нароўні

Канкурыруюць нароўні

мастер

У 2006 годзе на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” пачалі выпускаць сухі корм для хатніх жывёл. З кожным годам пашыраўся асартымент прадукцыі і раслі аб’ёмы выпуску. Скажам, калі ў 2011 годзе выпусцілі 2404 тоны сухога корму, дык у наступным — ужо 2616 тон. Жабінкаўскія сухія кармы “Рэкс”, “Рэкс міні”, “Рэкс плюс”, “ONLI” і іншыя разыходзяцца па ўсёй Беларусі і 25% ад прададзенага экспартавана ў Расійскую Федэрацыю. Галоўныя заказчыкі ў нашай краіне — кінолагі Узброеных Сіл, Дэпартамента аховы, Міністэрства ўнутраных спраў.
Каб паспяхова канкурыраваць на рынку сухіх кармоў, сёлета на заводзе вырашылі часткова замяніць маральна састарэлае абсталяванне, што дазволіла павялічыць вытворчыя магутнасці, палепшыць якасць і паядальнасць корму. Пра гэта і многае іншае — гутарка карэспандэнта з майстрам лініі экструдзіравання сухіх кармоў для хатніх жывёл Я.Я.Якавуком:
— Яўген Яўгенавіч, ваш прафесійны выбар выпадковы ці надуманы?
— Калі вучыўся ў школе, задумваўся, дзе буду працаваць. Тады ўжо вырашыў — на камбікормавым заводзе, таму што тут працавалі мае бацькі. У школу хадзіў паўз завод, захацелася ўліцца ў яго калектыў і далучыцца да вытворчасці.
Паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Завочна атрымліваў спецыяльнасць інжынера-механіка. Каб не губляць час, уладкаваўся на завод аўтаслесарам, потым перавялі ў цэх, дзяжурным слесарам. Калі ў 2009 годзе абараніў дыплом, уладкаваўся механікам у “Брэсцкае марожанае”, а потым у “Санта Брэмар”, на камбікормавым заводзе не было месца. Калі ажаніўся, захацелася больш часу праводзіць з сям’ёй, таму зноў вярнуўся ў камбікормавую вытворчасць. І вось ужо 1,5 года працую на лініі па выпуску сухіх кармоў для катоў, сабак і рыб.
— Канкурэнты, як кажуць, не “дрэмлюць”. Што робіцца для таго, каб пакупнікі набывалі менавіта ваш “Кот і Корм”, а не “Фрыскас”?
— Для гэтага патрэбна, у першую чаргу, па-лепшыць якасць кармоў. А на тым абсталяванні, устаноўленым 8 гадоў таму, дабіцца аднароднай крупкі і раўнамернага напылення смакавых вадкіх кампанентаў было складана. Таму, нягледзячы на няпросты фінансавы стан прадпрыемства, вырашылі замяніць абсталяванне на больш сучаснае. Пас-таўшчыкоў яго выбіралі на конкурснай аснове. У выніку спыніліся на экструдары і здрабняльніку адной з дацкіх фірм і вакуумным напыляльніку нямецкай вытворчасці. Дарэчы, менавіта на такім абсталяванні выпускаюць сухія кармы для чатырохлапых любімцаў вядучыя сусветныя фірмы.
За ўстаноўленым новым экстрударам не “паспявала” здрабнялка з-за сваёй абмежаванай магутнасці. Яна не давала тую якасць памолу, якая робіць гранулы аднароднымі. Дацкая “паслядоўніца” вырашыла гэтую праблему. Да мадэрнізацыі лініі самым “тонкім” месцам у вытворчасці сухіх кармоў лічылася напыленне смакавых вадкіх дабавак, якое праводзілася ўручную. Цяпер працэс кантралюе аўтаматыка.
Новае абсталяванне, разлічана на выпуск да 5 тон прадукцыі ў гадзіну, працуе пакуль не на поўную магутнасць. Замаруджваюць тэмпы маральна састарэлыя сушылка і ахаладжальнік. З цягам часу і яны, зразумела, будуць заменены. Пакуль што мы палепшылі работу “старой” сушылкі тым, што паставілі на яе больш магутныя каларыферы.
Працаваць стала намнога лягчэй — праграмнае забеспячэнне патрабуе ад аператара засвоіць работу пульта кіравання. Чалавечы фактар цяпер прысутнічае толькі ў выбары сыравіны.
— Знешні выгляд корму палепшыўся. А што скажаце пра яго склад?
— На гэтай лініі можам выпускаць прадукцыю па звыш 20 рэцэптах. Самы просты — “Рэкс”. У корме шмат кампанентаў: у залежнасці ад заяўкі, дадаем мясакасцёвую муку, здробненую кукурузу, пшаніцу, рыс, моркву. Фарміруем гранулы і напыляем тлушчы і ўзмацняльнікі смаку, так званыя дайджэсты, на аснове курынай пячонкі. Кожны рэцэпт збалансаваны па пратэінах, лізінах, трыанінах, харчовай вартасці — каб у катоў і сабак былі моцныя і здаровыя зубы і косці, блішчэла поўсць. Магу запэўніць, што ад замежных аналагаў наш корм адрозніваецца, бадай, толькі таннейшым коштам.
Галоўны крытэрый якасці — лепшая паядальнасць корму “вусатымі” спажыўцамі і павялічаныя аб’ёмы продажу яго. На думку нашых кліентаў, гранулы набылі выгляд, які цяпер лёгка пераблытаць з тымі, што ўпакаваны на заводах вядомых фірмаў.
У нас дома жывуць галоўныя “эксперты” прадукцыі, якую вырабляюць жабінкаўскія вытворцы, — кошкі Мурка і Бялянка. Дык яны “Кот і Корм” у місачках не пакідаюць, як было раней, да рэканструкцыі лініі. Праўда, частуем іх яшчэ малаком, мясам, рыбкай.
— Яўген Яўгенавіч, вы з такім запалам расказваеце пра вытворчасць. Адчуваеце сябе чалавекам на сваім месцы?
— Цалкам. Як майстар ведаю ўсе “ланцужкі” лініі. Люблю ў рабоце дакладнасць і акуратнасць, чаго і патрабую ад падначаленых. Мікалай Серы, Віктар Дылюк, Дзяніс Каралюк, Андрэй Раманькоў, Анатоль Крыўчэня адказна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў. Хаця лінія і аўтаматызавана, трэба пільна сачыць за мноствам параметраў на абсталяванні, кантраляваць колькасць уводзімых у сухія кармы кампанентаў. Пад час работы прапаноўваў тэхнолагам завода свае “ноў хаў” па ўводзе тлушчу, вады, масла, некаторыя тэхнічныя ўдакладненні. Кожны дзень прыносіць нешта новае ў работу лініі.
— Дзякуй за гутарку.
Запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Яўген Яўгенавіч Якавук.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top