Далучыліся да твораў Шагала

Далучыліся да твораў Шагала

_DSC7231

Люблю бываць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У яго майстэрнях-кабінетах юныя выхаванцы пакідаюць часцінку сваёй душы ў работах, выкананых з тканіны, гліны, паперы, саломкі, бісеру. Юным гурткоўцам, адчуваецца, тут утульна.
А нядаўна ў памяшканні, дзе праходзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Мяккая цацка”, заўважыла на падаконніку дзіўных лялек, зробленых з тканіны. Яны кардынальна адрозніваліся ад па-пярэднікаў. Лялькі ў выглядзе скрыпкі, клоўна, Чарлі Чапліна, музыкі спынялі позірк і прымушалі падысці бліжэй, каб разглядзець іх. Фігуркі выклікалі супрацьлеглыя пачуцці: здзіўленне, радасць, лёгкасць.
Як высветлілася, аўтаркі работ — самыя старэйшыя выхаванкі аб’яднання. Калі іх кіраўнік Наталля Уласюк прапанавала прыняць удзел у ХХ абласной выставе мяккай цацкі, усе дзяўчаткі пагадзіліся. Праўда, з дамоўленасцю: падрыхтаваць на конкурс нешта зусім незвычайнае. У рукі трапіла кніга аб творчасці сусветна вядомага мастака Марка Шагала з выдатнымі рэпрадукцыямі карцін. Дзяўчынкі гарталі старонкі і разумелі — вось яно, рашэнне! На карцінах зліліся сімвалы, людзі, анёлы і жывёлы, перамога дабра над злом. Гэтыя вобразы так захапілі юных творцаў, што хутка ў іхніх руках атрымаліся першыя інтэр’ерныя распісаныя падушкі. На іх — вобразы, блізкія мастаку. Ксенія Уласюк, Ірына Мецелева, Лізавета Пашко, Марыя Пятручык, Юлія Урбан так пранікліся палотнамі Марка Шагала, што вырашылі стварыць свае карціны-лялькі, пры гэтым не стаяла задача скапіраваць арыгінал. Шчыра прызнацца, вынік уражвае.
— У яго творах “купляе” вобразнасць, — кажа Наталля Уласюк. — З яго карцін “вее” дабрынёй, каханнем, любоўю да радзімы, музыкай, незвычайным святлом. Дзяўчаткі паспрабавалі ў сваіх работах перадаць гэты настрой. Наколькі атрымалася, ацэніць абласное журы.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Ксенія Уласюк, Лізавета Пашко і Ірына Мецелева падрыхтавалі выставу па творах Марка Шагала.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top