Главное — успехи учеников

Главное — успехи учеников

Галоўнае — поспехі вучняў
Тры летнія месяцы праляцелі непрыкметна. Наперадзе новы навучальны год — са школьнымі трывогамі і праблемамі, спробамі раскусіць арэшак ведаў, які б ён цвёрдым не быў. Вядома ж будуць і творчыя набыткі, спартыўныя рэкорды, хімічныя адкрыцці, цікавыя сустрэчы, знакавыя падзеі…
Традыцыйна напярэдадні новага навучальнага года педагогі Жабінкаўшчыны сабраліся разам, каб абмеркаваць дасягнутае і праблемы, якія, на жаль, яшчэ ёсць у адукацыйным працэсе.
НАЙПЕРШ спынюся на асабліва прыемным сюжэце педагагічнай канферэнцыі — узнагароджанне найлепшых сейбітаў разумнага, вечнага, добрага, дзякуючы прафесійнай кампетэнтнасці і адказнасці якіх, а таксама многіх іншых не зніжаецца якасць ведаў вучняў, а наадварот павышаецца. Пра гэта сведчаць вынікі атэстацыі, цэнтральнага тэсціравання, паступленне іх выхаванцаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Тыя, хто атрымаў Ганаровыя граматы і Пісьмы падзякі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, узгадваліся ў мінулым выпуску райгазеты. Да гэтага спісу дадаюцца настаўнікі, якія ўзнагароджаны іншымі кіруючымі інстанцыямі. У прыватнасці, Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама атрымалі настаўнікі фізікі А.А.Барысюк, замежнай мовы А.М.Дамасевіч, беларускай мовы і літаратуры В.І. Шыцік, пачатковых класаў Д.У.Кучук, фізвыхавання Т.В.Зарбаілава, дырэктар вучэбна-вытворчага камбіната М.М.Ануфрыюк, кіраўнік гуртка РЦПР Н.С.Дукава; граматы аддзела адукацыі райвыканкама — педагогі гісторыі А.А.Ніканчук, геаграфіі З.М.Пасюк, фізвыхавання Н.М.Варатнікова і А.А.Ларыёнава, замежнай мовы Л.У.Харс і А.У.Нагар, пачатковых класаў А.У.Корнява, С.П. Пешка і Г.А.Шпот, гісторыі А.М.Лісічык, абслугоўваючай працы Г.Я.Кулагіна, фізікі В.В.Дзмітрук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце І.В.Самасюк, педагог-арганізатар В.В.Гоман.
Менавіта яны і многія іншыя аднойчы прыйшоўшы па закліку сэрца, ніколі не пакінуць цудоўны дом, дзе ўсё перамяшалася: дзяцінства і сталасць, юнацтва і рамантыка, навука і мастацтва, мары і рэальнасць, але жыццё тут дзіўнае і цікавае.
ШТОГОД педагагічная сябрына папаўняецца маладымі спецыялістамі, якія апантаны новымі ідэямі, рамантыкай. Вопыт да іх прыйдзе з гадамі. А пакуль наперадзе ў іх першыя вучні, першыя ўрокі з радаснымі і прыемнымі хвілінамі, няўдачамі і перамогамі. На сцэну ГДК выходзяць нядаўнія студэнты вышэйшых педагагічных навучальных устаноў: без пяці хвілін настаўнікі матэматыкі і фізікі, хіміі і інфарматыкі, дэфектолагі і сацыяльныя педагогі… Іх вітаюць настаўніца пачатковых класаў, пераможца абласнога прафесійнага конкурсу Віталіна Аляксандраўна Папковіч, старшыня райкама прафсаюза адукацыі і навукі Н.М.Урбан. Ад імя маладых настаўнікаў слова гаварыла сацыяльны педагог ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым прытулкам К.М.Адзінец, якая запэўніла, што ўсе, хто 1 верасня ўпершыню сустрэнецца з вучнямі, з урока на ўрок будзе ўдасканальваць свой прафесіяналізм, каб узнімаць сістэму адукацыі ў раёне на якасна новы ўзровень.
НА КАНФЕРЭНЦЫІ быў заслужаны і абмеркаваны даклад начальніка аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Янусік, у якім грунтоўна аналізавалася педагагічная работа, накіраваная на паўнавартасную рэалізацыю здольнасцей і інтарэсаў кожнага юнага грамадзяніна зямлі жабінкаўскай.
У абмеркаванні даклада выступілі дырэктар СШ №3 г.Жабінка С.М.Кужко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Азяцкай сярэдняй школы Н.А.Абрамава, настаўніцы пачатковых класаў Ленінскай адзінаццацігодкі Д.У.Кучук і абслугоўваючай працы СШ №2 г.Жабінка Т.У.Вярэніч, загадчыца дзіцячага ясля-сада №5 С.Ц.Лава, дырэктар РЦПР А.К.Скрыпка, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым прытулкам Н.К.Паўлючык.
У рабоце педагагічнай канферэнцыі прымалі ўдзел і выступілі намеснік начальніка Жабінкаўскага райвыканкама А.С.Ануфрыюк, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.В.Чоўжык.
Дашкольныя ўстановы запатрабаваныя
У раёне стабільная сетка дашкольных устаноў. Летась кожная набыла статус юрыдычнай асобы. Тры садзікі працуюць з паглыбленай фізкультурна-аздараўленчай накіраванасцю; у двух — адкрыты лагапедычныя групы, у трох — санаторныя, у адным — інтэгрыраваныя. Пашыраюцца дадатковыя агульнаадукацыйныя паслугі цераз гуртковую дзейнасць, дзе займалася ў мінулым навучальным годзе каля 64 хлопчыкаў і дзяўчынак. 30 гурткоў працавалі на платнай аснове.
У кожнай дашкольнай установе рэалізуецца комплексны падыход да аховы здароўя: праводзіцца загартоўка дзетак, фарміруюцца навыкі і прывычкі здаровага ладу жыцця. Гэта дазваляе ўтрымліваць на дастаткова нізкім узроўні захворванні дзяцей. У 2009 годзе адно дзіця з-за хваробы не наведвала садзік 6,4 дня, у той час як у вобласці — 12 дзён. За першае паўгоддзе сёлета гэты паказчык у нас — 3,2 дня. Дашкольнай адукацыяй ахоплена да 84% малых Жабінкаўчыны, запатрабаваны ясельныя групы, пагэтаму прынята рашэнне на будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы ў горадзе.
Душа не стамляецца тварыць
Маніторынг якасці навучальнасці малодшых школьнікаў за 2009-2010 навучальны год паказаў станоўчую дынаміку. Стабільна высокія вынікі паказваюць вучні настаўнікаў пачатковых класаў Т.В.Кашталян, І.А.Панфіла з СШ №1 г.Жабінка, В.Ф.Якімук, В.А.Папковіч з СШ №3 г.Жабінка, Д.У.Кучук з Ленінскай і А.І.Бычак з Азяцкай адзінаццацігодак.
Паказчыкам якасці ведаў вучняў з’яўляюцца вынікі выпускных экзаменаў. У мінулым навучальным годзе пяць выпускнікоў былі ўзнагароджаны залатымі медалямі, 79 — пахвальнымі лістамі. На ўзроўні базавай адукацыі 6 выпускнікоў атрымалі пасведчанні з адзнакай. Паводле папярэдніх дадзеных у ВНУ паступіла 47,3% выпускнікоў, што на 1,5% вышэй папярэдняга года.
Менавіта факультатыўныя заняткі садзейнічалі якасці ведаў у асобных вучэбных прадметах, развіццю пазнаваўчай і матывацыйнай сферы навучальнай дзейнасці. Большасць педагогаў працуюць творча, фарміруюць у вучняў павышаную матывацыю да вучобы, даюць магчымасць развіваць здольнасці кожнага школьніка, выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, што з’яўляецца вынікам удзелу іх вучняў у алімпіядах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У вобласці атрымана 8 дыпломаў, дыпломы першай і другой ступеняў у апошнія гады — упершыню. Радуюць таксама вынікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды: з 6 удзельнікаў, якія ўваходзілі ў абласную каманду, двое атрымалі дыпломы 3-яй ступені і двое — пахвальныя водгукі.
Развіць і праверыць здольнасці вучні маюць магчымасць цераз удзел у завочных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах “Кенгуру”, “Зубраня”, “Буслік”, “Жураўлік”, “Каласок”, “Лінгвісцёнак”. У мінулым годзе ў іх удзельнічалі больш чым 1380 школьнікаў, 30% з якіх атрымалі прызы трэцяй ступені.
Камп’ютар — сябар і дарадца
Без сучасных інавацыйных тэхналогій якасці навучання не дабіцца, а таму ўстановы Жабінкаўшчыны забяспечваюцца сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. У карыстанні вучняў 105 камп’ютараў, 7 выкарыстоўваюцца ў кіраванні. Сем устаноў забяспечаны мультымедыйнымі ўстаноўкамі. Усе школы маюць доступ да сеткі інтэрнэт, 9 — падключаны да высокахуткаснага by fly.
У практыку работы ў адукацыі ўвайшло выкарыстанне камп’ютара, як сродка арганізацыі пазнаваўчай дзейнасці. Вострая праблема са стварэннем у кожнай агульнаадукацыйнай установе рэсурсных кабінетаў і медыацэнтраў на базе бібліятэк.
І патрыятызм, і эстэтыка, і фізкультура
Найбольш запатрабаванымі формамі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні сталі вахты і дэкады памяці, акцыі “Наш клопат — ветэранам, паходы па месцах баявой славы землякоў, творчыя конкурсы, прысвечаныя падзеям і героям Вялікай Айчыннай вайны, добраўпарадкаванне месцаў пахавання ахвяраў фашызму, кіналекторыі. У мінулым навучальным годзе самай маштабнай была абласная акцыя “Сляды вайны”, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі ўключыліся ў пошук тых, хто змагаўся на франтах, працаваў у тыле, перанёс ліхалецце акупацыі і генацыду.
У 2010-2011 навучальным годзе плануецца гуртковай работай ахапіць да 70% вучняў на базе школ, да 25% — на базе пазашкольных устаноў. У мінулым годзе парадавалі сваімі дасягненнямі ў творчасці Настасся Галета з трэцяй гарадской школы і Ілля Лагуноў з ліцэя, якія былі пераможцамі ў абласной алімпіядзе. Дыпломамі адзначаны гурткі РЦПР “Кераміка” і “Залатая саломка”, “Бісерапляценне” за ўдзел у абласной выставе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Стыпендыянт спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Данііл Казлоў увайшоў у фінал дзіцячага конкурса “Еўрабачанне-2010”, які адбудзецца ў верасні.
Фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работай ў мінулым навучальным годзе было ахоплена 60% вучняў 5-11 класаў, працавала 143 спартыўныя секцыі. Актывізавалася праца па ўкараненні ў масавы спартыўны рух футболу, прайшла трэцяя раённая алімпійская спартакіяда, у якой перамагла Крыўлянская адзінаццацігодка, у кожнай школе працуюць клубы “Юны алімпіец”. Аднак тут трэба выключыць фармалізм і зрабіць усё, каб спартыўныя дасягненні былі лепшыя.
Шосты школьны дзень. Чым запоўнены?
Ва ўсіх установах створаны саветы па арганізацыі шостага дня на вучэбны год. У цэлым ёсць станоўчы вопыт у арганізацыі яго. У верасні 2009г. былі падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў на лепшую арганізацыю. Удзельнічалі праекты ўсіх гарадскіх і Маціевіцкай базавай школ.
Арганізавана работа гурткоў, наладжана ўзаемадзеянне з установамі культуры, фізічнай культуры, спорту і турызму. У мінулым навучальным годзе працавалі 22 гурткі мастацкай самадзейнасці, 16 аматарскіх аб’яднанняў, музычная школа з трыма філіяламі. Многія школьнікі займаліся ў спартыўным комплексе “Бадзёрасць”. Найбольш рацыянальна была арганізавана праца ў Ленінскай, другой і трэцяй гарадскіх, Крыўлянскай школах. Працягваюць развівацца формы ўзаемадзеяння сям’і і школы ў гэты дзень. Станоўчай адзнакі заслугоўвае праца факультэта педагагічных ведаў Маціевіцкай базавай, правядзенне бацькоўскіх сходаў у Крыўлянскай школах…
У новым навучальным годзе кожнай агульнаадукацыйнай школе неабходна распрацаваць рэгіянальную праграму “Шосты школьны дзень” як адкрытую сістэму, пераймаць вопыт другіх раёнаў у арганізацыі клубаў вольнага часу, узнавіць работу рознаўзроставых атрадаў і інш.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top