Вучымся працаваць у новых умовах

Вучымся працаваць у новых умовах

IMG_2922
17 снежня — адметны дзень у гісторыі айчыннага кінематографа. Сёлета ён святкуе 90-ыя ўгодкі. Для Беларусі сапраўднае далучэнне да сусветнага кіно пачалося ў 1924 годзе, калі на экраны выйшла першая айчынная кінастужка “Лясная быль”.
Напярэдадні адметнай даты наведалі кінатэатр “Юбілейны”, дзе пагутарылі з дырэктарам камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства “Жабінкаўская раённая кінавідэасетка” В.К.Зубікам.
— Валерый Кан-станцінавіч, з якімі адчуваннямі сустракаеце юбілей айчыннага кіно?
— З радасцю, што працую ў сферы, якая прыносіць людзям радасць, і трохі з настальгіяй, калі згадваю ранейшыя часы. Тады паход у кіно быў сапраўдным святам, здаралася, знаёмыя прасілі купіць білецік хоць на які сеанс, залы запаўняліся гледачамі, часам нават месцаў не хапала, а гледачы-шчасліўчыкі шчыра радаваліся і прыстаўным крэслам — толькі б пабачыць новую кінастужку!
Сеансы дэманстраваліся штодня і па некалькі разоў. Нават у нашым невялікім раёне працавала 40 кінаўстановак. У штаце кінасеткі налічвалася з паўсотні чалавек, многія былі энтузіястамі сваёй справы.
А з якім захапленнем людзі прыходзілі ў кіно! Нават у няпростыя пасляваенныя гады яны цягнуліся да прыгожага мастацтва, якое нёс з сабой кінематограф. Збіраю розныя цікавыя звесткі пра развіццё кіно на Жабінкаўшчыне. Напрыклад, гісторыя захавала пажоўклыя ўжо старонкі раённай газеты “Ленинский путь”. У ёй знаходзім кароткую, але важную для нас заметку, датаваную 2 лютым 1947 года. Аказваецца, тады ўпершыню ў Жабінцы прайшоў кінафестываль. Два тыдні ў чыгуначным клубе паказвалі стужкі: “Клятва”, “Член урада”, “Сакратар райкама”, “У гарах Югаславіі”, “Суд народаў”. Цяпер гэта ўжо гісторыя, але яе патрэбна ведаць.
— Вядома, што наш райцэнтр не абміналі і цікавыя асобы, звязаныя з кінематографам. Каго можна прыгадаць з гэтай нагоды?
— Так, пад час фестываляў савецкага і беларускага кіно ў Жабінку на сустрэчы з нашымі гледачамі наведваліся стваральнікі дарослых і дзіцячых фільмаў, айчынныя і расійскія артысты. Назаву найбольш гучныя імёны: Наталля Варлей і Людміла Зайцава, Пётр Вельямінаў і Арыстарх Ліванаў, Віталь Саломін і Леанід Кміт… На памяці яшчэ знамянальнае спатканне ў “Юбілейным” восенню 2012 года з народным артыстам Беларусі Генадзем Гарбукам, які далучаў нас да серыялу “Талаш”, створанага на кінастудыі “Беларусьфільм” паводле рамана “Дрыгва” класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
— Юбілей — повад згадаць мінулае, падвесці нейкія вынікі і паспрабаваць зрабіць “прагноз на заўтра”? Чым адрозніваецца праца раённай кінавідэасеткі на сённяшнім этапе?
— Зараз у нас дзейнічаюць кінатэатр “Юбілейны”, аўтаперасоўка і відэаўстаноўка цукровага завода. Іх абслугоўваюць восем працаўнікоў камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства “Жабінкаўская раённая кінавідэасетка”. З задавальненнем называю іх імёны: вядучы інжынер Уладзімір Серафімаў, галоўны бухгалтар Надзея Дземідзюк, вадзіцель-відэадэманстратар Леанід Макасюк, метадыст Настасся Дрыч, касір Святлана Балюк, відэадэманстратар Таццяна Давідчык і рабочы Віктар Лах.
Канечне, умовы працы змяніліся. Гледачоў зараз паменшала (у буйных гарадах проблем з наведваннем кіназалаў і сёння няма). У гэтым бачу некалькі прычын. Па-першае, моцна крочыць наперад сучасная хатняя відэатэхніка, усё найлепшае і найноўшае стала дасягальным праз інтэрнэт. Па-другое, побач абласны цэнтр, дзе жабінкаўцы, асабліва маладыя, паспяваюць пабачыць прэм’ерныя фільмы. Да нас, на жаль, гэтыя навінкі трапляюць толькі праз пару-тройку месяцаў. А каб дэманстраваць новыя стужкі адначасова з горадам над Бугам патрэбна абсталяванне, якое каштуе 600-800 мільёнаў рублёў. Аднак і ў такіх умовах мы стараемся ісці ў нагу з часам, выконваючы паказчыкі, якія нам даводзяцца.
Мы вучымся працаваць у новых умовах. Таму цягам многіх гадоў у нас праводзяцца абласныя семінары і пасяджэнні для працаўнікоў кінематаграфіі з удзелам спецыялістаў рэспубліканскага ўзроўню. Як бачыце, у нас яркае і актыўнае жыццё, скіраванае на будучыню, якую нельга ўявіць без чароўнага свету кіно.
Асабліва хочацца выказаць удзячнасць раённаму кіраўніцтву, паколькі без іх падтрымкі кінавідэасетка не магла б працаваць на сённяшнім узроўні. Тройчы праводзіўся капітальны рамонт гарадскога кінатэатра. Апошні па часе адбыўся за кошт абласнога бюджэту, калі ішла маштабная падрыхтоўка да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2007”. У 2009 годзе на сродкі раённага бюджэту купілі аўтамабіль для аўтавідэаперасоўкі, якая абслугоўвае вясковых гледачоў. Летась у нас з’явілася абсталяванне, якое дазваляе дэманстраваць фільмы ў фармаце 3D, штогод адчуваем і фінансавую дапамогу, неабходную для кампенсацыі затрат кінавідэасеткі.
— Якія словы-пажаданні хочацца вам выказаць у гэты дзень?
— Найперш зычу творчых і ўвогуле жыццёвых поспехаў тым, хто далучаны да нашай незвычайнай і ў нечым нават чароўнай прафесіі.
Напярэдадні — Новы год. Гэта час выдатнага адпачынку, які бывае яшчэ больш яркім, калі паглядзець добрую кінастужку. Вас, дарагія жабінкаўцы, запрашаю як мага часцей наведваць кінатэатр. У нас шмат фільмаў і мультфільмаў як звычайных, так і ў фармаце 3D. У многіх сем’ях, а ў сем’ях — дзеці, унукі, прыходзьце разам з імі да нас, зрабіце сямейнай традыцыяй наведванне кінатэатра. Мы заўсёды будзем рады бачыць вас у “Юбілейным”, дзе абавязкова прымем усе заяўкі і выканаем пажаданні, што тычацца добрага кіно. Як у нас гаворыцца: “Прыемнага прагляду!”
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: супрацоўнікі жабінкаўскай раённай кінавідэасеткі Л.М.Макасюк, дырэктар В.К.Зубік і Т.І.Давідчык.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*