Што ключ музычны адмыкае

Што ключ музычны адмыкае

_MG_1308Кіраўніку вядомага гурта “Каларыт”
Мікалаю Васільевічу Зіноўеву — 60!

Са слова пачалася песня-мова,
А што я, людзі, без яе?!
Раіса Баравікова

 

І.

АДНОЙЧЫ, ШМАТ ГАДОЎ ДА ТАГО, як ён прыехаў у Жабінку, раёнка на сваіх старонках расказала, як выдатна выступалі на нашай сцэне музыкі з суседняга раёна. Гасцей пахвалілі, а сваіх напрыканцы папракнулі: “Калі ж і ў нас з’явіцца ансамбль, які прагрыміць на ўсё наваколле?” 

Мікалаю Зіноўеву было наканавана стаць тым, хто адшукаў адказ на тое рытарычнае пытанне. З ягоным прыходам прыкметна абудзілася музычнае жыццё краю, а створаны ім калектыў, вось ужо 33 гады “грыміць ва ўсю… жабінкаўскую”.
Малая радзіма Мікалая Васільевіча — горад Мічурынск на Тамбоўшчыне, дзе ён прыйшоў у свет 17 снежня 1954 года. Там упершыню далучыўся да песні, з якою не развітваецца ўсё жыццё. Чароўны свет музыкі адкрыла матуля Аляксандра Сямёнаўна, якая часта гожа напявала, і сын, падрастаючы, быў ёй удзячны за тую творчую навуку. А яшчэ згадваецца часам залівісты гармонік у руках дзеда Сямёна, адмысловага гарманіста-самавука, чаканага на кожным свяце. Так, жыць у працы, аздобленай мелодыяй і спевам, — вось натуральны стан яго душы.
Дваццацігадовым Мікалай закончыў Ялецкае музычнае вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць “выкладчык дзіцячай музычнай школы, кіраўнік аркестра народных інструментаў”. З Беларуссю яго звязалі вайсковая служба, а затым і мастацтва. Цяпер ужо шмат гадоў Мікалай Васільевіч практычна не развітваецца з зямлёй, што дала прытулак ягонаму таленту.
Успамінае Алег Іванавіч ХРАМЦОЎ, былы начальнік аддзела культуры райвыканкама:
— Гэта было ў 1981 годзе. Першым яго прыглядзеў дырэктар музычнай школы Аляксандр Сцяпанавіч Леванюк, які аднойчы звярнуўся да мяне: “Ёсць таленавіты хлопец — Мікалай Зіноўеў, нам такіх не хапае”. Хутка ўсе пераканаліся: выбар быў выдатны, вялікая знаходка для раёна! Бо чалавек ён з сапраўдным характарам, шырокай душой, сумленны, шчыры і адказны, і вельмі ўлюбёны ў беларускую культуру. Мы падтрымалі яго ў пачатку, а далей ужо ён нас усіх падтрымліваў. Дзякуючы такім людзям, раён выйшаў на высокую культурную арбіту, на якой годна трымаецца і зараз.

ІІ.

IMG_1180ЯГОНАЕ ЛЮБІМАЕ “ДЗІЦЯ” — “Каларыт” — гучыць прыгожа і па назве, і па сутнасці. Першапачаткова “Каларыт” ствараўся выключна як мужчынскі вакальны ансамбль. Актыўны, добрасумленны і вельмі пазітыўны Мікалай Зіноўеў заўжды быў у няспынным пошуку. Гэты пошук і прывёў да стварэння песеннай жамчужыны нашага краю.
За гады склад калектыву неаднойчы мяняўся. Адзіны (акрамя Маэстра) удзельнік, хто ніколі не сыходзіў з “Каларыту”, Валерый Няменьшы, якога нездарма часам называюць “залатым голасам Жабінкі”.
Успамінае Валерый Пятровіч НЯМЕНЬШЫ, саліст народнага ансамбля “Каларыт”, кіраўнік эстраднай студыі “Золак”:
— Наша сустрэча павінна была адбыцца — праз песню. Памятаю яе, быццам было ўчора. Рэпетыраваў на сцэне “Сінюю птушку” з рэпертуара ВІА, а Коля праходзіў разам з дырэктарам ГДК Валерыем Міронавічам Леваховым. Спыніўся, пацікавіўся: “Адкуль ты?” Я і адказаў жартаўліва: “Федзькавіцкія мы!” Разам, разам, разам — 30 год разам! І яму цяжка без мяне, і мне без яго. Ён жа і ажаніцца мне дапамог. Са Святланай рыхтавалі песню “Жадаю табе, зямля мая”, а Мікалай Васільевіч распісаў нам партыю — атрымалася на ўсё жыццё… З ім — надзейна, як бы далёка шляхі не разводзілі, заўсёды ведаю: Мікалай Васільевіч падтрымае, плячо падставіць — такі гэта Чалавек!
У ліпені 1996 года “Каларыт” трымаў адказны экзамен на прысваенне звання “народны”. Хваляваліся, перажывалі — і дарэмна, бо ўсё атрымалася на “выдатна”. А інакш і быць не магло, паколькі Мікалай Зіноўеў зноў распісаў усё як па нотах і сабраў вакол сябе сапраўды каларытных выканаўцаў. Адзін з іх — Аляксандр Шчасюк.
Гаворыць Аляксандр Яўгенавіч ШЧАСЮК, саліст народнага ансамбля “Каларыт”:
— Песні “Каларыта” зроблены своеасабліва, у ягоным, нейкім “фірменым” стылі. Мы ж падарожнічалі шмат, ёсць з чым параўнаць: такой адметнасці ў выкананні больш нідзе не сустрэнеш. Гэта ж почырк Майстра, яго не падробіш. Што мне найбольш падабаецца ў Колю? Яго вылучае павага да людзей. Маленькая, амаль непрыкметная дэталь: пасля кожнай рэпетыцыі, канцэрта ён па-сяброўску абавязкова дзякуе. Клапоціцца і перажывае за вынік, а яшчэ больш — за людзей. Бачыш, як пад час нейкага конкурсу кіраўнікі гуртоў бегаюць за журы або прадзюсарамі, а Зіноўеў — ніколі. Мы проста выходзім да мікрафона і працуем. Арганізатары самі ўсё бачаць і робяць адпаведныя высновы.
Зараз “Каларыт” адрозніваецца і тым, што кожны ўдзельнік можа спяваць і разам, і сольна. А яшчэ сённяшняя асаблівасць ансамбля — салісткі, што сталі ўпрыгажэннем калектыву і дадалі яму яшчэ больш каларыту.
Гаворыць Ірына ВІТКОЎСКАЯ (Рынчук), салістка народнага ансамбля “Каларыт”:
— Мікалай Васільевіч прапанаваў мне ўвайсці ў “Каларыт” улетку 2009-га. Сказаў проста: “Запрашаю, з тваім удзелам могуць адкрыцца новыя перспектывы, будзе цікава распісаць партыі”. І я не вагалася ні хвіліны — адразу з агню ды ў полымя — бо паклікаў Зіноўеў. Усё, што гучыць як шматгалоссе, кожная распісаная партыя — гэта праходзіць праз ягоныя рукі. Нават, калі з іншым спяваю, мне важна яго меркаванне. Я ў захапленні ад ягонага ідэальнага слыху — Мікалай Васільевіч літаральна па нотах можа разабраць твор і ў кожнага выканаўцы заўважыць нават дробненькія памылкі. Ён — скарб, які памятае ўсе песні, а іх безліч у рэпертуары. Мудрасць і сталасць яго таленту перадаюцца ўсім. Бо ён Настаўнік, а мы яго вучні. Неяк я з усёй шчырасцю сказала: “Як бы не склаўся мой лёс, але “Каларыт” я не пакіну”.

ІІІ.

АДНОЙЧЫ Ў МУЗЕІ ПАЖЫЛАЯ ЭКСКУРСАВОД паказала музычную шкатулку. Жанчына доўга расказвала гісторыю рэчы, а ў канцы пажалілася: усім яна добрая, і знешне прывабная, і майстар зрабіў яе выдатны… Адно дрэнна — ніхто яе голасу даўно не чуў. Бо згубіўся ключык, што “адмыкае” мелодыі, схаваныя ў шкатулцы. Быццам рэч і каштоўная, музычная, ды маўклівая…
Кожны з сяброў выказаў шмат добрых слоў Мікалаю Васільевічу напярэдадні юбілею, яшчэ больш ён пачуе віншаванняў сёння. І мы да гэтых слоў далучаемся.
Не будзем усё пераказваць — толькі галоўнае: “…каб “Каларыт” наш жыў, бо без яго няма той радасці і творчасці, бо калектыў — наша другая сям’я, дзе добра, дзе выхад энергіі”.
Захоўвайце і надалей ключ свой музычны, Маэстра!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: заўсёды Мікалай Васільевіч Зіноўеў і ягоны “Каларыт” ствараюць свята для жабінкаўцаў, як было і пад час 70-годдзя “Сельскай праўды” 29 кастрычніка гэтага года.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*