“Лекі” для парушальнікаў

“Лекі” для парушальнікаў

_DSC7301

Калектыў кантрольнага пункта паста вагагабарытнага кантролю (КП-ПВГК) “Федзькавічы” налічвае 18 чалавек. Усе яны — вопытныя, юрыдычна “падкаваныя” работнікі. Вылучаецца з кагорты калег вядучы спецыяліст Сяргей Аляксандравіч Хандогі. Ён тут працуе адносна нядаўна — са жніўня 2012 года, але паказаў сябе дысцыплінаваным і адказным работнікам.
— Працай Сяргея вельмі задаволены, — кажа пра падначаленага начальнік пункта Васіль Галюнчык. — Ён добрасумленны, з афармленнем дакументаў у яго заўжды парадак. Ды й да вадзіцеляў умее знаходзіць індывідуальны падыход. Увогуле — малайчына! Гэта якраз той выпадак, калі можна сказаць: молада, ды не зелена.
Задаволены месцам працы і сам Сяргей. Высветлілася, што раней ён працаваў інжынерам па арганізацыі перавозак у ААТ “Брэстаблаўтатранс”. А потым, калі прапанавалі работу ў КП-ПВГК “Федзькавічы”, вырашыў — а чаму не? Дазваляла атрыманая спецыяльнасць “Аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі інфармацыі”, ды й з Брэста на працу на машыне дабірацца нейкіх хвілін 20. Вельмі хутка зведаў усе “тонкасці” прафесіі, і на “выдатна” спраўляецца са сваімі абавязкамі. Разам з калегамі змены Русланам Анатольевічам Сымонікам, Ягорам Уладзіміравічам Ліцкевічам, Уладзімірам Аляксандравічам Гулісам смела выяўляюць вадзіцеляў-па-рушальнікаў вялікагрузных аўтамабіляў. Адны загружаюць “жалезнага каня” звыш дазволенай нормы (праўда, калі ёсць за-ранёў заказаны спецыяльны дазвол, — тады калі ласка!), іншыя “забываюць” пра сон і адпачынак, і круцяць баранку звыш дазволеных 9 гадзін у суткі.
Вадзіцелі падаюць на праверку тахаграмы (ёсць яны і ў лічбавым фармаце), неабходныя дазволы, страхоўкі, ТТН на груз і інш. На іх праверку адводзіцца каля паўгадзіны. Калі ўсё ў парадку — шчаслівай дарогі. А калі не… Парушэнні “лечацца” штрафамі. Праўда, ёсць асобная катэгорыя вадзіцеляў, якая з пунктуальнай дакладнасцю плаціць штраф, але ўсё роўна парушае адны і тыя ж правілы. І калі ў першы раз сума пакарання складае да 750 тысяч беларускіх рублёў, дык у наступныя яна можа “ўзрасці” да 4,5 мільёна. Сёлета Сяргей Аляксандравіч аформіў КПТСаў на суму звыш 100 мільёнаў беларускіх рублёў.
— У папярэднюю змену мы выявілі 11 парушальнікаў, — расказаў С.А.Хандогі. — На дарозе сустракаюцца вадзіцелі розныя. Адны спакойна рэагуюць на запрашэнне спыніцца для праверкі дакументаў і ўзважвання, а іншыя, пад’язджаючы з сапсаваным настроем, спрабуюць грубіць нам. Толькі мы “плаціць” той жа манетай не маем права — размаўляем вытрымана, без эмоцый. Заўважыў, што вельмі культурныя на беларускіх дарогах сербы, нягледзячы на іх даволі “гарачы” характар. А ў цэлым, ад сваёй працы атрымліваю задавальненне.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: Сяргей Хандогі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top