“Ён даражыў адзіным сынам”

“Ён даражыў адзіным сынам”

IMG_1477

У гэтай сям’і драмлёўская тэма — асаблівая. Бацька Васіля Паўлавіча Леўчука выратававаўся ад жорсткай кары 11 верасня 1942 года, бо ў трагічны дзень не быў у роднай вёсцы, ператворанай карнікамі ў дым і попел. У рэдакцыю звярнулася жонка Васіля Паўлавіча Лідзія Васільеўна з удзячнасцю за памяць пра Драмлёва. Неўзабаве ў іх утульным і гасцінным доме ў Жабінцы адбылася размова.
Васіль Паўлавіч:
— Бацька мой Павел Варфаламеевіч Ляўчук нарадзіўся ў 1900-ым, маці Лукер’я Ціханаўна на дзесяць гадоў была маладзейшая, паходзіла з роду Вашчукоў. Пабраліся шлюбам у 1947 годзе. Тата працаваў цесляром у Жабінкаўскай МТС, што знаходзілася раней у Сяхновічах.
Лідзія Васільеўна:
— Дазвольце, ужо я дапоўню. Ён прыйшоў у дом да Васевай маці разам з сябрам Гадлеўскім. Лукер’я Ціханаўна мне потым расказвала: “Бачу, ідзе да нас, вядзе з сабой IMG_0040карову і каня. Мне яго шкада стала”. Яна была зусім адна тады, незамужняя, жыла ў бацькоўскім доме. А Павел прыйшоў — што значыць мужчына з’явіўся! — і ўсю хату перабудаваў. Цясляр ён быў выдатны, усё ўмеў рабіць: і столь, і падлогу, і вокны, і дзверы. Гэта ў яго было ні адняць ні забраць.
Васіль Паўлавіч:
— Так, аднаўляў хату бацька дзесьці ў сярэдзіне 1950-ых гадоў. Раней яна стаяла проста на камянях, без фундамента. Калі ён шчыраваў, нават я трошкі тату дапамагаў. Жылі па-сялянску проста, трымалі гаспадарку. Час ад часу разам з бацькам ездзілі на цягніку ў Брэст, дзе гандлявалі на рынку мясам. У гэтых паездках заўсёды спыняліся ў Вашчукоў, у майго хроснага бацькі Васіля Цімафеевіча (ягоны сын Васіль Васільевіч, знакаміты хірург, пра якога “Сельская праўда” не аднойчы расказвала, дасюль жыве ў бацькоўскай хаце). Звычайна там начавалі, а раніцай выпраўляліся на рынак. Я за таварам прыглядваў, а бацька гандляваў. Гаспадарлівы быў вельмі, цягавіты.
Лідзія Васільеўна:
— Гэтак і “заразіў” Павел Варфаламеевіч яго (ківае на мужа) гаспадаркай, і да гэтай пары Васіль не можа спыніцца. Ужо і кватэра ў Жабінцы мелася, а ён — усё ў Сяхновічы імкнуўся. Доўга ў вёсцы трымалі і карову, і свіней — усю гаспадарку. Усё ж да бацькоўскай зямлі мы моцна прывязаныя…
Васіль Паўлавіч:
— Так, для бацькі Сяхновічы сталі новай малой радзімай, атрыманай замест знішчанай… Ягонае жыццё скалечыла драмлёўская трагедыя, дзе загінулі і жонка, і дочкі. Пасля знішчэння роднай вёскі бацька мог застацца ў сваякоў у Вялікіх Якаўчыцах, а трапіў у Малыя Сяхновічы, бо тут маці знайшоў.
Неяк расказваў пра сваё вяртанне з Якаўчыцаў, пасля таго, як ужо згарэла Драмлёва. Па шматку тканіны, што захавалася на гарачым яшчэ папялішчы, пазнаў ён і жонку, і сваіх дзяцей. Так-так, толькі па шматку і пазнаў….
Лідзія Васільеўна:
— У свёкра да смерці заставаліся рукі са слядамі апёкаў, бо, шукаючы сваіх родненькіх, проста далонямі рыўся на папялішчы, яшчэ гарачым.
Васіль Паўлавіч:
— Сляды былі не толькі на руках, але і на сэрцы… Помню, было мне яшчэ няшмат гадоў, але ўжо касіць умеў. У калгасе давалі дзялянкі — сена нарыхтоўваць. Тыя сенакосы былі амаль ля самай спаленай вёскі. Пайшлі разам з бацькам, і ён мне паказаў: “Вось тут быў мой дом”, — і зрабіўся ўвесь журботны. У той час на месцы Драмлёва не было ніякага знака — нічога не было, а толькі луг, дзе раней драмлёўцы сена касілі.
Лідзія Васільеўна:
— Васілёва маці гаварыла, як Павел Варфаламеевіч трымцеў над адзіным сынам, як ён даражыў ім! У яго ж раней былі толькі тры маленькія дочкі, што згарэлі…
Карэспандэнт:
— Гэта не зусім так. Відаць, вы не ведаеце, але першынцам у сям’і Паўла Леўчука і яго першай жонкі Ганны (яна паходзіла з якаўчыцкага роду Канючкаў) быў менавіта сын — Мікалай. Праўда, ён памёр гадавалым і быў пахаваны 18 кастрычніка 1937 года на сцяпанкаўскіх могілках. І вось вам яшчэ адзін збег акалічнасцяў, у той самы дзень, калі хавалі хлопчыка, у Паўла і Ганны нарадзілася старэйшая дачка Ніна… Як гаворыцца, Бог даў, Бог узяў.
Васіль Паўлавіч:
— Я не ведаў… Столькіх згубіў… не дзіва, што быў часам надта нервовы… Калі што не так — ганіць маці, што не ўберагла мяне. Аднойчы, як я зваліўся з каня, бацька моцна папракаў яе.
Мне тады было гадоў дванаццаць. Спякота стаяла, жніво ішло. У тыя часы мы, малыя, усё маглі па гаспадарцы рабіць… Коней у калгасе было шмат. У той дзень бульбу акучвалі, можа нешта іншае рабілі, а пасля працы косю трэба было завесці на пашу. Мы ж хлопцы маладыя, гарачыя: ну і давай навыперадкі — хто хутчэй! Ды конь мне трапіў наравісты, вырашыў на ім канаву пераскочыць, дый не ўтрымаўся і зваліўся, галавой ударыўся, прытомнасць страціў. Як бацька перажываў, як на маці крычаў: “Навошта ты яму дазволіла? Ён жа малы!”
Карэспандэнт:
— Столькі гадоў Павел Варфаламеевіч насіў у сабе памяць пра 11 верасня. Ці наведваў ён Драмлёва?
Васіль Паўлавіч:
— Штогод у гэты дзень ён выпраўляўся ў сваю “вогненную вёску”, заўжды заходзіў на курган, бо не было яшчэ ніякага мемарыяла (той узнік праз пяць гадоў пасля Паўлавай смерці). Дабіраўся веласіпедам, днём выязджаў, пад вечар вяртаўся. У царкву не заходзіў, адразу ішоў у Драмлёва. У Сцяпанках, побач з могілкамі, дзе былі закапаныя драмлёўцы, жыла яго родная сястра Марыя, і Павел заўсёды да яе заязджаў, а потым ішоў на пагост. Хадзіў адзін, людзі пераказвалі: плакаў там наўзрыд, а пасля зноў станавіўся нервовым.
Так, рукі, сэрца, нервы… Памяць.
Гутарыў Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: Васіль Паўлавіч і Лідзія Васільеўна Леўчукі.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top