“Бібліятэка на колах” да спраў гатовая!

“Бібліятэка на колах” да спраў гатовая!

IMG_3044

Некалі былі ў нас кніганошы — аматары, што хадзілі па гарадах і вёсках, прапаноўваючы набыць кніжныя навінкі. Часы змяніліся, але ж прага да чытання ў людзей засталася. Каб яе задаволіць, вось ужо пяты год па жабінкаўскіх дарогах курсіруе не зусім звычайны транспарт — “Перасоўная бібліятэка”, або бібліёбус.

Не ідзяце па кнігі?
Тады яны
“ідуць” да вас!

СУЧАСНЫЯ “КНІГАНОШЫ” робяць патрэбную справу, таму што абслугоўваюць чытачоў з населеных пунктаў, дзе не існуе стацыянарных бібліятэк. Затое захавалася патрэба ў чытанні. Слова “кніганоша” невыпадкова ўзята ў двухкоссе — сёння кніжкі IMG_3048ды перыёдыку ў аддаленыя вёскі не носяць. Яны “самі” прыязджаюць да чытача.
Для абслугоў-вання выкарыс-тоўваецца аўтатранспарт — бібліёбус. Дзейнічае ён на падставе “Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады”. Праграма абавязала ўзнавіць па ўсёй краіне дзейнасць “чытальняў на колах”, вызначаючы гэта адной са стратэгічных мэтаў у падтрымцы культурнага жыцця вяскоўцаў, і стала падставай, каб з пачатку 2011 года жабінкаўскі бібліёбус “выйшаў на маршрут”.
Амаль два месяцы таму ў гэтай справе, як адзначыла дырэктар Жабінкаўскай ЦБС І.П.Ганчар, адбыліся змены. Найбольш істотная — набыта новая машына, што прыкметна палепшыла абслугоўванне. Пра тое ахвотна гавораць і супрацоўнікі, і чытачы, якія адразу адчулі паляпшэнне ў абслугоўванні.
— Новая “Перасоўная бібліятэка” з’явілася клопатам мясцовай улады, — гаворыць Ірына Пятроўна. — Для гэтага сёлета з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 244 мільёны рублёў. Хочацца выказаць удзячнасць за разуменне нашых праблем і шчырую дапамогу кіраўніцтву Жабінкаўшчыны ў асобах старшыні райвыканкама Фёдара Фёдаравіча Каланчука і старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Васільевіча Мартысюка.
Абслугоўваннем ахоплены 25 вёсак, і чытачы (а гэта каля 310 чалавек) добра ведаюць, калі чакаць “чытальню на колах” ля свайго парога. Фонд гэтай незвычайнай бібліятэкі — каля 1200 кніг (і гэта без уліку часопісаў, якія таксама карыстаюцца попытам).
Дарэчы, пра чытача. Ён рознаўзроставы — ад трох гадоў да васьмідзесяці! — хоць найбольш аматараў чытання сярод тых, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту.

Ёсць ежа матэрыяльная?
Паспытайце і духоўную!

ПАВОДЛЕ ГРАФІКА, 13 лістапада, у другі чацвер месяца, “брыгада” бібліёбуса збіралася ў чарговы рэйс. У яе скла-дзе — Ніна Аляксееўна Гарустовіч, якая чатыры гады адпрацавала бібліятэкарам бібліёбуса, а цяпер стажыруе новую бібліятэкарку — Галіну Яраславаўну Багародаву, і нязменны вадзіцель “чытальні на колах” Уладзімір Фаміч Літошык.
У гэты раз яны накіроўваліся на самы ўсход Жабінкаўшчыны — у Чыжэўшчыну, Мышчыцы, Філіпавічы.
Гадоў сорак таму, у час узбуйнення, Чыжэўшчына “паглынула” яшчэ некалькі населеных пунктаў: Крупчыцы, Рыкавічы, блізкія хутары. Гэтак вёска расцягнулася на кіламетры, таму давялося рабіць у ёй некалькі прыпынкаў. Супала, што ў той самы час на маршруце была і аўталаўка “Еўрагандлю”. Вяскоўцы падыходзілі, каб набыць прадукты. Аднак, усё ж не хлебам адзіным жыве чалавек, таму цікавіліся і паслугамі бібліятэкараў.
Ва ўсялякім узросце чалавеку цяжка доўга заставацца сам насам з хуткацечным зменлівым жыццём. Кнігі — цудоўныя “лекі” ад самоты, яны і дарадцы, і добрыя настаўнікі. Пра тое гаворыць першая наведвальніца бібліёбуса — 76-гадовая Любоў Нічыпараўна Вайцюк, якая абураецца:
— Па тэлевізары выступае маладзіца, ледзь словы знаходзіць, каб выказацца, нават не чырванее, калі прызнаецца: “Я кніг не чытаю!”. Я старая ўжо, а з чытаннем не развітваюся, слухаю і адчуваю сорам за яе. Таму і гаворыць нязграбна, бо кніжак у вочы не бачыць. Свайго розуму не хапае, дык чужым карыстайся! А ў кнігах яго ой, як багата.
Прыпынак “чытальні” — не толькі сродак пашырыць свой светапогляд. Часам гэта месца нечаканых сустрэч.
Колішняя настаўніца Ленінскай СШ Марыя Пятроўна Карпінчык раптам пазнала ў Галіне Багародавай былую вучаніцу. Мінула 30 гадоў, як развіталіся ля школьнага парога, і бібліятэкарка гаворыць:
— Раней вы мяне вучылі, што чытаць трэба, а цяпер я вас буду! (Сказана, вядома, з усмешкаю, бо такія чытачы застаюцца вернымі друкаванаму слову ўсё жыццё).
Ёсць на сяле і такія, як Надзея Сцяпанаўна Мароз, што карыстаюцца платным кніжным фондам (да слова, паслуга гэтая амаль сімвалічная — 2200 рублёў за тое, каб вам прывезлі цікавую кнігу на цэлы месяц!).
Калі жыве чалавек нямоглы, інвалід, яму чытанне — у жыцці аддушына. А таму заўжды чакаюць бібліёбус на падворках у Васіля Віктаравіча Клюкіна і Вольгі Дзмітрыеўны Чмярковай. Некаторыя нясуць да “чытальні на колах” цэлыя стосы кніг і бяруць не меншую колькасць, гаворачы:
— Нам гэта трэба. Работы ў полі паробленыя, вечары цяпер доўгія — час пачытаць у асалоду!
Цікавасці ў вяскоўцаў разнастайныя: фантастыка і прыгоды, “жаночыя раманы пра каханне” і класічныя творы… Марыя Вянальеўна Яшчук просіць “нешта агародніцкае” (вясковы чалавек — ён такі: ужо восенню думае пра вясну, пра ўраджай наступнага года). Сярод найбольш актыўных чытачоў — Вера Яўгенаўна Касаткіна. Некалі, у 70-ыя гады мінулага стагоддзя, імя вядомай жанчыны-трактарыста і камбайнера было на слыху, цяпер яна на заслужаным адпачынку. Найбольш цікавіцца гістарычнымі кнігамі. Парадавала, з якім гонарам жанчына падзялілася сваімі ўражаннямі:
— Нядаўна прачытала раман, а ў ім — згадка пра маю родную вёску, што звалася раней Крупчыцамі! Як было прыемна, што сярод гісторыі князёў ды цароў ёсць памяць і пра наш край. Ад гэтага чытанне яшчэ больш зацягвае.
Бібліятэкары пакрысе вывучаюць попыт сваіх чытачоў, клапоцяцца, каб пашыралася кола вакол “бібліятэкі на колах”.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top