Экзамен у сахароваров принимает премьер

Экзамен у сахароваров принимает премьер

Экзамен у цукравараў прыймае прэм’ер-міністр
1 верасня ў Брэсцкай вобласці з рабочым візітам пабываў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.С.Сідорскі. У сферы яго ўвагі былі пытанні мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення на ўнітарным вытворчым прадпрыемстве “Бярозатара”, гатоўнасць цукраперапрацоўчай галіны краіны да новага сезона, развіццё бульбаводства на 2011-2015 гады.
Маршрут прэм’ер-міністра краіны пралягаў праз Жабінку з прыпынкам на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. За апошнія гады на прадпрыемстве істотна ўдасканалена тэхналагічная схема перапрацоўкі цукровых буракоў і цукру-сырцу за кошт укаранення прагрэсіўнага абсталявання і новых тэхналогій практычна на ўсіх стадыях вытворчасці. У сёлетнім сезоне галоўны ўводны аб’ект — комплекс склада бястарнага захоўвання цукру, які ўяўляе сабой два жалезабетонныя сіласы на 25 тысяч тон кожны, элеватарнай вежы, дапаможных памяшканняў і галерэй транспартных сістэм. Цяпер для жабінкаўскіх цукравараў адпадзе неабходнасць захоўваць прадукцыю на чужых складах па ўсёй Беларусі. Другі пункт паказу для прэм’ер-міністра — жомасушка з грануляцыяй. Яна ўжо была здадзена ў эксплуатацыю ў канцы мінулага сезона. Вытворчасць — 200 тон грануляванага жому ў суткі дазволіць атрымліваць якасны спажыўны корм для жывёлы.
Тут, у жомасушыльным аддзяленні, прадставілі сваю прадукцыю ўсе чатыры прадпрыемствы цукровай галіны рэспублікі. І калі, скажам, раней іх “вынаходніцтвы” датычыліся больш тары, дзе ўлічвалася яркасць упакоўкі і вага, дык цяпер вытворцы пайшлі далей заваёўваць свайго пакупніка. Напрыклад, на Гарадзейскім цукровым камбінаце некалькі месяцаў, як асвоілі выпуск прэсаванага цукру, насычанага вітамінам С ці карыцай. Па словах прадстаўнікоў камбіната, навінка знайшла ў спажыўцоў добрыя водгукі.
Прэм’ер-міністр С.С.Сідорскі менавіта і звярнуў увагу на тое, што патрэбна цукраварам смялей уключацца ў стварэнне на базе цукровай сыравіны новых вытворчасцяў (напрыклад, выраб лімоннай кіслаты, карыцы, і інш.). Акрамя таго стаіць задача адыходзіць ад рэалізацыі цукру ў мяшках да фасаванай прадукцыі.
За апошнія некалькі гадоў, як адзначыў Сяргей Сяргеевіч Сідорскі, цукровая галіна краіны выйшла на аб’ёмы вытворчасці ў 4 мільёны тон салодкай прадукцыі. Паралельна працавалі над тым, каб атрымліваць добрыя ўраджаі цукровых буракоў, удасканальвалі тэхналогіі вырошчвання культуры. З кожным годам ураджай салодкіх каранёў павялічваецца, а таму ўсё цяжэй укласціся ў тэрміны закончыць бураковы сезон за 100 дзён (а гэта — мінімальныя страты пры захоўванні сыравіны), да таго ж “недазагружаны” сельгасвытворцы буракасеючых гаспадарак з Магілёўскай і Гомельскай абласцей. А таму ўрад рэспублікі прыняў рашэнне і ўзгадніў яго з прэзідэнтам аб будаўніцтве новага, пятага прадпрыемства па перапрацоўцы цукровых буракоў.
Прэм’ер-міністр паведаміў, што новы завод з аб’ёмам вытворчасці 1600-1700 тон цукру мяркуецца пабудаваць у Магілёўскай вобласці ў бліжэйшыя 2-3 гады наступнай пяцігодкі.
Размова аб развіцці салодкай галіны, мадэрнізацыі вытворчасці, гатоўнасці да новага перапрацоўчага сезона, на якой прысутнічалі прэм’ер-міністр С.С.Сідорскі, губернатар Брэсцкай вобласці К.А.Сумар, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама М.В.Токар, прадстаўнікі міністэрстваў і іншых зацікаўленых службаў, была нацэлена на адно: прыкласці ўсе намаганні, каб атрымліваць высокаякасны цукар з найменшымі стратамі і выдаткамі.
С.ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.С.Сідорскі ў час рабочай паездкі па Брэсцкай вобласці на Жабінкаўскім цукровым заводзе.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top