Межавыя знакі таленту

Межавыя знакі таленту

IMG_2769

Для паэта вельмі важна, каб яго творы не толькі друкаваліся, але і гучалі — на сустрэчах з чытачамі, калегамі па пяру. І такія сустрэчы вельмі часта прахо-дзяць у Ганцавічах, на радзіме паэта Алеся Каско, у абласным цэнтры. Тут ладзіліся прэзентацыі яго кніг “Нічога больш” і “Прыадхінуты небасхіл”. Прыемна адзначыць, што прэзентацыі апошняга зборніка Алеся Каско “Межавыя знакі” прайшлі сёлета і ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага, і зусім нядаўна — у Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Вяла імпрэзу бібліятэкар Валянціна Славуціч. Яна IMG_2776нагадала навучэнцам гарадскога ліцэя, якія прыйшлі на сустрэчу з вядомым паэтам, што Алесь Каско — яшчэ і перакладчык, эсэіст, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэат літаратурнай прэміі ім. А.Куляшова, У.Калесніка, міжнароднай імя Г.Краснапёркі.
— Першая асобная кніжка вершаў Алеся Каско “Скразная лінія” выйшла ў 1982 годзе, — адзначыла Валянціна Славуціч. — Уладзімір Калеснік назваў яе “інтэлектуальным феноменам”. Наступны зборнік паэта “Набліжэнне” 1989 года выдання засведчыў аб тым, што аўтар наблізіўся да творчай сталасці. За кнігу “Час прысутнасці” (1994) Алесю Каско была прысу-джана Літаратурная прэмія імя А.Куляшова. У 1996 годзе выйшаў яшчэ адзін паэтычны зборнік “45”, які сімвалізаваў не толькі тагачасны ўзрост паэта, але і змяшчаў 45 вершаў-роздумаў пра вечнае і мімалётнае.
Алесь Каско таксама вядомы як дзіцячы пісьменнік (для маленькіх чытачоў ён напісаў кнігу “Два сонцы”) і як перакладчык з нямецкай, польскай, рускай, украінскай і македонскай моў. У 2001 годзе выйшаў яго зборнік вершаў і перакладаў “Трохкроп’е”. Затым пабачылі свет паэтычныя кнігі “Нічога больш” і “Прыадхінуты небасхіл”. І вось сёлета аўтар зрабіў чарговы падарунак чытачам.
— Кніга “Межавыя зна-кі” — гэта спроба акрэсліць межы сваіх здольнасцей, — падзяліўся Алесь Каско. — Многія літаратуразнаўцы пазіцыянуюць яе як зборнік выбраных твораў. Аднак гэта не так. У ёй сапраўды ёсць два дзясяткі вершаў з іншых зборнікаў, астатнія ж — новыя, 2011-2013 гадоў напісання. У зборнік упершыню ўключана малая проза і “Чудзінскі дзённік”, напісаны, калі я “рабінзанаваў” на малой радзіме.
Жыццёвы прынцып Алеся Канстанцінавіча: каб кожная новая кніга была не горшая за папярэднюю. Калегі па пяру лічаць, што яму гэта ўдаецца. Сказаць слова пра паэта і падзяліць з ім радасць ад выхаду ў свет чарговага зборніка прыехалі прадстаўнікі Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў на чале са старшынёй Іванам Мельнічуком, сябры: Васіль Дэбіш, Іван Арабейка і Аляксей Філатаў.
Іван Мельнічук адзначыў:
— Алесь Каско — наш сучаснік і сябра, мудры паэт. Ён рэцэнзуе, рэдагуе шматлікія кнігі, у тым ліку і мае, дапамагае выпускаць зборнікі землякам. Нездарма Леанід Галубовіч у “Літаратурнай Беларусі” цэлую старонку прысвяціў Алесю і паставіў яго пасля Уладзіміра Калесніка і Ніны Мацяш вядучай постаццю сярод берасцейскіх аўтараў.
Паэт Васіль Дэбіш заўважыў, што Алесь Каско вельмі адказна ставіцца да кожнага слова. Чудзінскі паэт, паводле яго слоў, сур’ёзны, разважлівы, зусім не схільны да пустога красамоўства. У яго што ні мініяцюра, то паэзія.
Іван Арабейка прызнаўся, што ён з прыемнасцю прачытаў “Межавыя знакі”, а найбольш яго ўразіў “Чудзінскі дзённік”, у якім няма “прыпудранасці”, а ёсць жыццёвая праўда і рэальныя факты.
Уласныя творы, прысвечаныя Алесю Канстанцінавічу, прачытаў Аляксей Філатаў і пажадаў сябру-паэту натхнення і творчага пошуку.
На вечарыне-прэзентацыі прагучала і шмат вершаў Алеся Каско ў выкананні навучэнцаў ліцэя Каці Цывілька, Мікіты Клепаносава і Наталлі Неваднічык. Прачула і пранікнёна яны чыталі “О лёс мой, выказацца дай…”, “Зноў я дома, дома, дома…”, “Рэдкі настрой”, “Было. Не вярнуць…”, “Халодны дом”, “Дзіўна жыць пасля рысы сталасці…”, “Паэт-рака”.
З дыялогу вядучай і паэта выявілася, што Алесь Канстанцінавіч любіць творчасць У.Някляева і А.Разанава. У яго планах — выдаць зборнікі перакладаў, прозы, артыкулаў і эсэ. У той жа час ён лічыць, што межы паміж літаратурнымі жанрамі з цягам часу знікнуць. Хвалюе Алеся Каско адсутнасць глыбокай крытыкі на кнігі, рэгулярнага агляду, дыскусій.
На пытанне, як пісалася ў маладыя гады і зараз, Алесь Канстанцінавіч адказаў, што маладосць — заўсёды радасная пара, яе прыемна ўспамінаць. Але яго пакаленню не хапала свабоды творчасці. Зараз гэтая свабода бязмежная. І маладыя паэты не ведаюць, куды “ляцець”, як ёю карыстацца.
Госці свята таксама даведаліся, што Алесь Каско — першы, хто атрымаў незвычайную літаратурную прэмію — пуд мёду, якую заснаваў паэт і пчаляр з Пружан Мікола Папека.
— Да сталых творцаў заўжды цягнецца моладзь, якая спрабуе пісаць, — сказала Валянціна Славуціч.— Напрыклад, юная аўтарка з Ганцавіч Яўгенія Пракапчук і паэт з Чарнянаў Уладзімір Данілюк пасля знаёмства з Алесем Каско пачалі пісаць вершы толькі на беларускай мове. Бо і сапраўды сустрэчы з прыгожым беларускім лірычным словам радуюць прыхільнікаў паэзіі, узбагачаюць духоўна, натхняюць на творчасць.
Напрыканцы імпрэзы Валянціна Славуціч расказала прысутным, што імёны слынных літаратараў ганцавіцкай зямлі бронзавымі літарамі былі ўпісаны на памятных знаках на “Алеі пісьменства” ў Ганцавічах у верасні 2011 года, калі ў райцэнтры праходзіла рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства. Сярод іх годнае месца займае імя Алеся Каско. Гэта надзвычай вялікая даніна павагі, прызнання, любові землякоў чалавеку-творцу, які ў сваіх вершах уславіў родны кут, нашу Бацькаўшчыну, яе шчырых і адкрытых сэрцам людзей.
Радкі, напісаныя Алесем Каско, напоўнены чыстай энергіяй і знаходзяць свой водгук у тых, хто неабыякавы да роднага матчынага слова, да Радзімы, яе гісторыі, культуры і мовы.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: у час прэзентацыі кнігі Алеся Каско “Межавыя знакі”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top