Адкрыла для сябе чароўны свет

Адкрыла для сябе чароўны свет

_DSC6333

“Ні дня без ведаў!” — такі мой жыццёвы дэвіз. Пасля заканчэння школы атрымала спецыяльнасці закройшчыцы і швачкі. Хацелася вучыцца далей. Сёння я дыпламаваны педагог і эканаміст. Аднак жаданне вучыцца засталося — цяпер займаюся на курсах цырульнікаў. Мабыць, гэта ад таго, што мне падабаецца сам працэс атрымання новых ведаў, хоць у штодзённай працы я знаходжуся ў супрацьлеглым баку — далучаю да гісторыі цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак Ракітніцкай школы.
Дэкупаж, мяккая цацка, пап’е-машэ, скрапбукінг, мылаварэнне і інш. — гэта невялікі спіс відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якімі з задавальненнем займаюся. А недзе год таму да гэтага спісу дадалося яшчэ адно даволі новае захапленне — пляценне з газетных трубачак. Упершыню паспрабавала плесці некалькі гадоў таму, калі ў рукі трапіла кніга “Пляценне з лазы”. З энтузіязмам нарыхтавала матэрыял і пачала. Хутка зразумела, чаму майстрамі пляцення з лазы з’яўляюцца ў асноўным мужчыны — дзяўчыне не па сілах справіцца з даволі жорсткім матэрыялам. Так ідэя навучыцца адклалася да лепшых часоў, пакуль у інтэрнэце на вочы не патрапіўся відэаролік аб пляценні з… газет. Зацікавілі незвычайныя формы і ўзоры, магчымасць ствараць невялікія акуратныя вырабы з агульнадаступнай і падатлівай сыравіны. Па-сутнасці, папера — гэта таксама прыродны матэрыял. З яе пры дапамозе вязальных пруткоў фарміруюцца трубачкі — імітацыя пруцікаў лазы, якія афарбоўваюцца перад або пасля пляцення. Потым гатовы выраб лакіруецца, што дадае трываласці.
Праглядзела некалькі відэаролікаў і ўзялася за справу. Пачала адразу са складанай карзіны. Яна атрымалася незвычайнай і даволі трывалай. Сёння ў маім “арсенале” больш сотні “газетных” вырабаў.
Пляценне з паперы даволі незвычайны від творчасці. Людзі шчыра здзіўляюцца, калі бачаць выраб з “макулатуры”. Папера дазваляе ствараць вытанчаныя формы, цікавыя ўзоры, каляровыя арнаменты. Да таго ж, даецца другое “жыццё” непатрэбнай сыравіне — гэта таксама крок да аховы прыроды.
Цікавасць да майго захаплення ў сяброў і знаёмых не згасае. Перыядычна “падкідваюць” ідэі і просяць нешта сплесці. У жніўні некаторыя мае работы выстаўляліся на раённых дажынках у вёсцы Хмелева. У канцы верасня мяне запрасілі на адзін з факультэтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, правесці майстар-клас для студэнтаў Беластоцкага ўніверсітэта.
…У сваім захапленні я не адна. Навучыла плесці з папяровых трубачак малодшую сястру Таццяну. Шчыра скажу, што самая вялікая крыніца натхнення — гэта дзеці. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў нашай школе з задавальненнем наведваюць гурток “Фантазія”, якім я кірую.
Наталля САЛІВОНЧЫК.
На здымку: Наталля Салівончык са сваімі вырабамі.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top