Бачыць свет па-іншаму

Бачыць свет па-іншаму

_DSC7009Псіхалогіяй Маша Быкава пачала захапляцца з 12-гадовага ўзросту. Яе цікавілі “тонкасці” сяброўства, узаемаадносінаў бацькоў і дзяцей і не толькі. Дзяўчына, якая ад нараджэння дрэнна бачыла, марыла стаць прафесіянальным псіхолагам і дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі адаптавацца ў жыцці, рэалізавацца, адчуваць сябе роўнымі сярод роўных.
Сёлета яе мара ажыцця-вілася: выпускніца Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната Марыя Быкава стала студэнткай псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
У школьныя гады дзяўчынку захапляла біялогія, хімія, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства. Яна ўдзячная ўсім сваім былым педагогам за тое, што яны стварылі трывалую базу для вучобы ва ўніверсітэце, але асабліва настаўнікам гісторыі Вячаславу Цімафеевічу Ігнацюку і біялогіі Галіне Сідараўне Адзінец, якія проста “ўлюбілі” ў свае прадметы.
Дарэчы, 11 класаў Маша скончыла з даволі высокімі адзнакамі. Ды і зараз дзяўчына ў ліку моцных студэнтаў, да яе ўсе звяртаюцца па параду і дапамогу.
— Вучыцца мне не складана і вельмі цікава, — расказвае Маша Быкава. — У нас дружная група, у якой дзейнічае прынцып “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Мы актыўныя, ініцыятыўныя, нам да ўсяго ёсць справа.
18-гадовая дзяўчына разважае як надзеленая багатым жыццёвым вопытам. Яе дэвізы “цярпенне і праца ўсё перамогуць” і “не спыняцца на дасягнутым”.
Маша Быкава — сябра Жабінкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, прымае актыўны ўдзел у яго жыцці. Нядаўна стала пераможцай абласнога інтэрактыўнага конкурсу эсэ “Слова за намі…”, прымеркаванага да 90-годдзя ГА “БелТІЗ”. У сваім празаічным сачыненні дзяўчына разважала на тэму “Адна кропка Брайля зрабіла для сляпых больш, чым тысячы дабрачынцаў”. Рабіць ёй гэта было нялёгка, таму што яна не з’яўляецца невідушчым чалавекам і ніколі не чытала па кропках Луі Брайля. Аднак у Марыі ёсць сябры і знаёмыя, якія карыстаюцца гэтым рэльефна-кропкавым тактыльным шрыфтам, каб чытаць і пісаць. Яны і дапамаглі аўтарцы эсэ ўвасобіцца ў ролю сляпога. А яшчэ дапамагло Машы перамагчы, напэўна, і тое, што яна стварае вершы, у школе любіла пісаць сачыненні.
— Пасля заканчэння ўніверсітэта я хачу працаваць у брэсцкім цэнтры “Тонус”, які мяне вырасціў, — дзеліцца Маша Быкава. —
А яшчэ хацелася б завочна атрымаць дадатковую спецыяльнасць “дэфектолаг”.
У мінулую сераду дзяўчына прыняла ўдзел у студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Тэорыі ўплыву жыццёвага шляху на станаўленне тэорый розных псіхолагаў”. Яна пастаянна самаўдасканальваецца і стараецца рацыянальна і з карысцю выкарыстоўваць кожную хвіліну жыцця.
— Прачытайце кнігі аўстрыйскага псіхолага і філосафа Віктара Франкла “Чалавек у пошуках сэнсу” і “Сказаць жыццю “Так”: псіхолаг у канцлагеры”, — раіць Марыя Быкава, — і вы па-іншаму будзеце глядзець на свет, на свае праблемы і недахопы.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: студэнтка БрДУ імя А.С.Пушкіна Маша Быкава.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

3 Comments Posted

  1. Гордимся тобой! У тебя все получится!!! Не останавливайся на достигнутом!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top